Лінкі ўнівэрсальнага доступу

7 траўня ў Празе кіраўнікі дзяржаваў Эўразьвязу і шасьці постсавецкіх краінаў зьбяруцца на сустрэчу, дзе будзе абвешчанае "Ўсходняе партнэрства"

Гэтая амбітная ініцыятыва Эўразьвязу, мэта якой – ўраўнаважыць расейскі ўплыў у рэгіёне. У чым мэты і задачы гэтай ініцыятывы?

Паводле праекту дэклярацыі, якая будзе прынятая на саміце "Партнэрства", яго мэта – далейшыя палітычныя, эканамічныя і сацыяльныя рэформы паводле мадэлі Эўразьвязу, якія павінны спрыяць дабрабыту і стабільнасьці ў рэгіёне.

Пры гэтым "Партнэрства" ніяк не зьвязанае з імкненьнем некаторых постсавецкіх краінаў стаць калісьці сябрамі Зьвязу. У дэклярацыі гаворыцца, што праграма будзе імкнуцца паскорыць палітычную асацыяцыю і эканамічную еднасьць паміж Зьвязам і краінамі-партнэрамі, аднак асабліва падкрэсьлена, што супрацоўніцтва будзе разьвівацца без увагі на спадзяваньні краінаў-партнэраў на будучыя стасункі са Зьвязам.

Што прапануе Эўразьвяз?


Калі краіны-партнэры наблізяць сваё заканадаўства да заканадаўства ЭЗ і выканаюць некаторыя іншыя ўмовы, яны атрымаюць зону свабоднага гандлю і бязвізавы рэжым з Эўразьвязам. Дакладны характар абяцаньняў будзе ўзгадняцца да апошняга моманту перад пачаткам саміту, Нямеччына і шэраг іншых краінаў выступаюць супраць дакладных абяцаньняў скасаваньня візаў, баючыся наплыву мігрантаў і падвышэньня з прычыны гэтага ўзроўню злачыннасьці. У паўднёвых краінаў-сябраў Зьвязу ёсьць перасьцярогі наконт зоны свабоднага гандлю, бо гэта створыць канкурэнцыю іх аграрнаму сэктару.

Хто будзе прысутнічаць на саміце ў Празе?


Ужо вядома, хто ня будзе. У чэскую сталіцу не прыедуць прэзыдэнт Францыі Нікаля Сарказі, брытанскі прэм'ер Гордан Браўн і кіраўнік гішпанскага ўраду Хасэ Луіс Запатэра. Гішпанскі і францускі лідэры будуць адсутнічаць з прычыны напружаных адносінаў Парыжу і Мадрыду з ўсходнеэўрапейскімі краінамі-сябрамі Зьвязу. З лідэраў краін-партнэраў на саміце ня будзе беларускага прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі і малдоўскага Ўладзімера Вароніна.

Што прадугледжвае "Партнэрства"?

Праект дэклярацыі прадугледжвае, што ў далейшым раз на два гады будуць адбывацца сустрэчы кіраўнікоў дзяржаваў паводле формулы “27+6”, а таксама штогадовыя сустрэчы міністраў замежных справаў. Таксама два разы на год высокія прадстаўнікі дзяржаваў Зьвязу і партнэраў будуць сустракацца ў межах чатырох “плятформаў” супрацы: “Дэмакратыя і стабільнасьць”, “Эканамічная еднасьць і збліжэньне з ЭЗ”, “Энэргетычная бясьпека” і “Кантакты паміж людзьмі”.

У якіх суадносінах знаходзіцца "Ўсходняе партнэрства" і праграма "Эўрапейская палітыка дабрасуседзтва", распачатая ў 2003 годзе?


Партнэрства зьяўляецца дадаткам да палітыкі добрасуседзтва, надаючы двухбаковым адносінам у межах добрасуседзтва шматбаковы складнік. Палітыка добрасуседзтва будзе працягвацца паводле адмысловых праграмаў, узгодненых паміж ЭЗ і кожным з суседзяў. Беларусь не ахоплена гэтай палітыкай і ня мае з Эўразьвязам адпаведнай праграмы супрацоўніцтва.

Што зьменіцца для краінаў-партнэраў пасьля праскага саміту?

Калі коратка – нічога, акрамя прыгаданых рэдкіх сустрэчаў на высокім узроўні. Рэальнае супрацоўніцтва адбываецца і будзе адбывацца ў двухбаковым фармаце, на глебе двухбаковых дамоваў з Эўразьвязам аб супрацоўніцтве. Беларусь, і гэта варта паўтарыць, ня мае такой адмысловай праграмы.

Чым "Усходняе партнэрства" адрозьніваецца ад Міжземнаморскага саюзу, распрацаванага Зьвязам для яго паўднёвых суседзяў?

Саюз – хутчэй праграма дапамогі , а партнэрства – праграма збліжэньня. Праўда, грошы ў саюзе несувымерныя з грашыма партнэрства. На "Партнэрства" Зьвяз выдаткоўвае 600 мільёнаў эўра на 20010-2013 год, Эўрапейская палітыка добрасуседзтва на 2007-2013 гады мае бюджэт у 11 мільярдаў эўра, дзьве траціны якіх атрымліваюць паўднёвыя суседзі Зьвязу. Але сяброўства ў Зьвязе такіх краін, як Марока ці Алжыр, Зьвяз выключае, ў той час як адносна Украіны, Малдовы і Беларусі ў доўгатэрміновай пэрспэктыве гучыць не як “ці”, а як “калі”.
Дарэчы, Аляксандар Лукашэнка ва ўчорашнім інтэрвію агенцтву Reuters сказаў, што Беларусь не разглядае магчымасьці ўступленьня ў ЭЗ, аднак ня выключыў, што калісьці краіна стане сябрам Зьвязу.

Як "Усходняе партнэрства" зьвязана з Расеяй?


Расея, як і Беларусь, адхіліла прапанову ЭЗ далучыцца да ранейшай праграмы Эўрапейская палітыка добрасуседзтва. Аднак Беларусь была запрошаная ў "Партнэрства", а Расея – не. Паводле праекту дэклярацыі праскага саміту "Партнэрства", трэція краіны могуць удзельнічаць у асобных праектах "Партнэрства", але не ў чатырох тэматычных “плятформах”.

Расея ўжо асудзіла "Ўсходняе партнэрства" як інструмэнт забесьпячэньня Эўразьвязу сфэры ўплыву на "Ўсходзе кантынэнту". Прадстаўнікі Эўразьвязу пярэчаць такому погляду, але не зусім шчыра. Напрыклад, кіраўнік чэскага ўраду Мірэк Тапаланэк заявіў, што Беларусь запрашаюць ў "Партнэрства", каб пазбавіць гэтую краіну ролі “вечнага спадарожніка” Расеі, “прама ці ўскосна” кіраванага з Масквы. Брусэльскія чыноўнікі фармулююць гэта больш вытанчана, кажучы, што элемэнты Ўсходняга партнэрства зьяўляюцца часткай стратэгічнага супрацоўніцтва Эўразьвязу з Расеяй.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG