Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Адмовай ад Прагі Лукашэнка зьменшыў для сябе маштабы праблемаў”


7 траўня ў Празе пачне працу саміт кіраўнікоў краінаў Эўразьвязу ў рамках праграмы “Ўсходняе партнэрства”. Пасьля працяглых спрэчак вакол таго, хто ачоліць беларускую дэлегацыю, знойдзены кампрамісны варыянт. Міністэрства замежных спраў Беларусі афіцыйна пацьвердзіла: кіраўніком дэлегацыі прызначаны першы віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка. Ягоную кандыдатуру ўхваліў асабіста Аляксандар Лукашэнка — пасьля таго, як стала зразумела, што ня ўсе эўрапейскія палітыкі хочуць бачыць беларускага лідэра ў чэскай сталіцы. Ці прымальная асоба Сямашкі для зацікаўленых бакоў?

Ці меў рацыю Аляксандар Лукашэнка, літаральна за некалькі дзён да пачатку форуму адмовіўшыся ад удзелу ў ім? Вось меркаваньне сябра Палітычнай рады Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандра Дабравольскага:

Аляксандар Дабравольскі
“Правільны ці няправільна — залежыць ад пункту гледжаньня таго, хто гэта ацэньвае. Калі гаварыць, ці правільна Лукашэнка зрабіў для сябе — здаецца, што правільна, таму што такім чынам ён трохі зьменшыў для сябе праблемы. Бо там яму было б вельмі няёмка ня толькі адказваць на пэўныя пытаньні, але і паводле самаадчуваньня ён ня любіць, калі хтосьці вышэй за яго. У абставінах, каб гэта выявілася дэманстратыўна, яму было б вельмі няёмка ў псыхалягічным пляне. Што да інтарэсаў краіны — здаецца, таксама правільна, бо ўсё ж інтарэсы краіны вышэйшыя за інтарэс тых, хто ёй кіруе ці тых, хто хоча ёй кіраваць і знаходзіцца ў апазыцыі. Беларусь павінна ўдзельнічаць у праграмах “Усходняга партнэрства” Эўразьвязу, гэта важна. І тое, што Лукашэнка не паедзе, якраз паспрыяе таму, што лягчэй будуць вырашацца многія пытаньні. А Мартынаў і Сямашка, мне здаецца, людзі даволі разумныя”.

Сёньня прадстаўніца МЗС Беларусі Марыя Ваньшына пацьвердзіла дзяржаўным СМІ: Аляксандар Лукашэнка прыняў рашэньне адносна складу дэлегацыі. І патлумачыла: паколькі зьмест “Усходняга партнэрства” — выключна прыкладны і ахоплівае сацыяльна і эканамічна значныя кірункі супрацоўніцтва (гандаль, энэргетыка, транспарт, міграцыя і г.д.), яго куратарства аднесенае да кампэтэнцыі ўраду. Адпаведна, афіцыйная беларуская дэлегацыя сфармаваная ў складзе першага намесьніка прэм’ер-міністра Ўладзімера Сямашкі і міністра замежных спраў Сяргея Мартынава.

Вінцук Вячорка
Першы намесьнік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка зазначае: ведаючы непрадказальнасьць Аляксандра Лукашэнкі, нельга казаць, што склад беларускай дэлегацыі на праскі саміт зацьверджаны канчаткова. Асабіста ён не сьпяшаўся б з высновамі непасрэдна да 7 траўня. Пры гэтым палітык перакананы: калі “Ўсходняе партнэрства” — гэта інструмэнт дзеля вяртаньня Беларусі ў Эўропу, то афіцыйная пазыцыя Беларускага народнага фронту такая, што Лукашэнка “эўрапеізацыі, перавыхаваньню не паддаецца”.

Адзін з намесьнікаў кіраўніка дэмакратычнага руху “За Свабоду!” Юрась Губарэвіч лічыць, што асабовы склад беларускай дэлегацыі на праскім саміце істотнага значэньня ня мае – усе афіцыйныя чыноўнікі падначаленыя Лукашэнку і праводзяць ягоную палітычную лінію:

Юрась Губарэвіч
“Цяжка ацэньваць, якая насамрэч была матывацыя рашэньня Лукашэнкі, але магчыма, ён задаволіўся тымі эўрапейскімі візытамі, якія меў у Рыме і Ватыкане. Таму ня выключана, што паездка ў Прагу для яго паступова адышла на другі плян. А магчыма, гэта было часткай беларуска-эўрапейскіх дамоўленасьцяў, адносна канкрэтна вось гэтага моманту – візыту Лукашэнкі ў Прагу”.

Карэспандэнт: “На ваш погляд, на колькі кандыдатура Ўладзімер Сямашка задаволіць усе бакі ў часе маючых адбыцца перамоваў?”

“Калі ўзровень беларускай дэлегацыі дастатковы для падпісаньня дамовы ў поўным аб’ёме, я думаю, што ніякай розьніцы няма – хто канкрэтна і ў якім статусе ўзначальвае гэту дэлегацыю. Тым больш, што ў дадзеным выпадку яны прадстаўляюць дзяржаву Беларусь і гэта ёсьць афіцыйным рашэньнем беларускага боку накіраваць туды гэтых людзей”.

Згадаем, што катэгарычна супраць прыезду ў Прагу Аляксандра Лукашэнкі выказаўся прэзыдэнт Чэхіі Вацлаў Клаўс. Ён заявіў, што ня прыме беларускага лідэра ў сваёй рэзыдэнцыі і не падасьць дыктатару рукі.

Цяпер у Празе знаходзіцца прадстаўнічая дэлегацыя беларускіх дэмакратычных палітыкаў. Сярод іх — Станіслаў Шушкевіч, Аляксандар Казулін і Аляксандар Мілінкевіч.

Аляксандар Мілінкевіч
Перад ад’ездам спадар Мілінкевіч зазначыў: для Беларусі надзвычай важна заняць куды больш вартае месца ў адзінай Эўропе, паколькі, словамі палітыка, няможна лічыць эканамічным супрацоўніцтвам экспарт нафтапрадуктаў. Паводле Мілінкевіча, важна, што ў Эўропы ёсьць вера – Беларусь усё ж застанецца ў сям’і эўрапейскіх народаў, таму нельга страціць пачуцьцё веры з боку эўрапейскіх палітыкаў. У гэтым сэнсе шмат што залежыць ад дэмакратычнай грамадзкасьці, але і на ўладах — “адказнасьць гістарычная”.

У праграму “Ўсходняе партнэрства” ўваходзяць 27 дзяржаваў Эўразьвязу, а таксама шэсьць краінаў-партнэраў — Азэрбайджан, Армэнія, Беларусь, Грузія, Малдова і Ўкраіна. Асноўнай мэтай ініцыятывы называецца “стварэньне ўмоваў дзеля паскарэньня палітычнай асацыяцыі і эканамічнай інтэграцыі ўсходніх партнэраў і Эўразьвязу”. Першапачаткова плян супрацоўніцтва з пасьлясавецкімі краінамі прапанавалі міністрам замежных спраў Эўразьвязу Польшча і Швэцыя.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG