Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гэтай тэме прысьвечана перадача нямецкага радыё Deutschlandradio з цыклу пра “Ўсходняе партнэрства”.

Як гаворыцца ў перадачы, паступова сярод удзельнікаў “Усходняга партнэрства” назіраецца ўсё менш эўфарыі ў сувязі з маючым адбыцца 7 траўня стартам гэтай праграмы. Прычынаю — найперш сытуацыя вакол Украіны.

Адзін зь вядучых украінскіх міжнародных аглядальнікаў Сяргей Салодкі з інтэрнэт-выданьня “Главред” зазначае:

“Усё, што цяпер ЭЗ прапануе шасьці краінам — асацыятыўныя пагадненьні, лібэралізацыя ў візавых пытаньнях, свабодная эканамічная зона — усё гэта ўжо прапаноўвалася, аднак у рамках двухбаковых дачыненьняў з ЭЗ”.

З пэўным скепсісам ставяцца ў Кіеве і да той сумы — 600 мільёнаў эўра — якую хоча выдаткаваць на праект “Усходняга партнэрства” Эўракамісія.

Паводле старшыні эўрапейскай камісіі ўкраінскага парлямэнту Барыса Тарасюка, гэтай сумы яўна недастаткова.

“600 мільёнаў эўра — гэта нішто”, — кажа Тарасюк. — “Адна Турэччына штогод атрымлівае ад ЭЗ столькі ж фінансавай дапамогі, колькі выдаткавана на чатыры гады ўсім шасьці ўдзельнікам праекту. Гэта павінна карэктавацца. Аднак пытаньне ў тым, ці здатны ЭЗ ва ўмовах фінансавага крызісу выдаткаваць нашмат больш сродкаў на праграму?”

Як кажа Тарасюк, Кіеў ня надта шчасьлівы ад таго, што трапіў у адну кампанію з такімі вельмі рознымі паводле стану разьвіцьця і мэтаў краінамі.

Як перакананы колішні міністар замежных спраў Украіны, для ягонай дзяржавы “Ўсходняе партнэрства” ня можа разглядацца як нейкая альтэрнатыва сяброўству ў ЭЗ. Аднак, будучы “ў дастатковай меры рэалістам”, ён лічыць відавочным, што Брусэль зусім не зьбіраецца ўключаць гэтае пытаньне ў бліжэйшы парадак дня Зьвязу.

У апошнія тыдні прэзыдэнт Юшчанка пазнаёміў эўрапейцаў з магчымасьцю вельмі непапулярнага кроку. Размова ідзе пра вяртаньне візавай палітыкі для грамадзянаў ЭЗ у выпадку, калі Брусэль не прадэманструе аніякага прагрэсу ў адваротным кірунку.

Як падаюць эўрапейскія мэдыі, прадстаўляць Украіну на саміце “Ўсходняе партнэрства” будуць адразу дзьве дэлегацыі — прэзыдэнта Юшчанкі і прэм’ера Цімашэнкі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG