Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Раёнкі” — самыя беларускамоўныя газэты Віцебшчыны


Віцебская абласная рада ТБМ падсумавала вынікі конкурсу “З родным словам”, абвешчанага на пачатку гэтага году cярод мясцовых газэт. Як высьветлілася, самыя беларускамоўныя выданьні на Віцебшчыне — гэта раённыя газэты.


Віцебская абласная рада Таварыства беларускай мовы, якая праводзіла конкурс, захацела высьветліць, як часта ў абласных друкаваных СМІ выходзяць беларускамоўныя матэрыялы.

Паводле старшыні рады Ёсіфа Навумчыка, таксама аналізаваліся газэтныя выступы афіцыйных асобаў і наяўнасьць беларускамоўных публікацый у літаратурных старонках ды ў разьдзелах прыватных паведамленьняў — рэклямы ды аб’яваў.

Спаміж раённых газэт пераможцай была аднагалосна прызнана шумілінская раёнка “Герой працы”: там ня толькі амаль заўжды пішуць па-беларуску самі журналісты, але нават выступы загадчыка ўправы ідэалягічнай працы аблвыканкаму Міхаіла Кузьміча перакладаюць на беларускую мову.

Разам з “Героем працы” першае месца падзяліла раённая газэта “Браслаўская зьвязда”. Другое дасталася “Мёрскім навінам” і “Пастаўскаму краю”, трэцяе — “Дняпроўскай праўдзе” з Дуброўна.

Спадар Навумчык падкрэсьліў, што журы зьвярнула ўвагу й на наклад раённых газэт. Найбольшы мае “Пастаўскі край” — газэта, якая досыць шмат матэрыялаў друкуе па-беларуску, а ці ня самы малы — “Гарадоцкі весьнік”, амаль спрэс расейскамоўны.

Журы адзначыла, што з аб’яднаных, гарадзкіх і абласных газэт найбольш адказна паставіўся да конкурсу “Полацкі весьнік”: супрацоўнікі газэты нават зрабілі адмысловы альбом зь беларускамоўнымі публікацыямі за чатыры апошнія месяцы. Якраз гэтаму выданьню і дасталася першае месца, бо ў “Аршанскай газэце”, “Віцьбічах”, “Народным слове”, “Віцебскім рабочым” і ў наваполацкай “Новай газэце” па-беларуску пішуць значна радзей.

Сярод недзяржаўных газэт, якіх на Віцебшчыне сёньня ўсяго дзьве, канкурэнцыі не было зусім: амаль цалкам расейскамоўны “Витебский проспект” па ўсіх паказьніках саступіў беларускамоўнаму “Вольнаму Глыбокаму”.

Абласная рада ТБМ вырашыла адзначыць і некаторых журналістаў — 15 аўтараў найбольш цікавых беларускамоўных матэрыялаў: Мікалая Марозава з шумілінскай раёнкі “Герой працы”, Веру Буланаву і Мікалая Дзянісава з “Браслаўскай зьвязды”, Аляксандра Лазюка з “Голаса Сеньненшчыны”, Галіну Варатынскую з вушацкай раённай газэты “Патрыёт” ды іншых.

Абласная рада ТБМ ня мае мажлівасьці ўганараваць усіх пераможцаў разам — свайго памяшканьня суполка ня мае, як ня мае і сродкаў на арэнду залі ў якой-небудзь афіцыйнай установе. Памятныя падарункі для ўдзельнікаў конкурсу таксама дапамаглі сабраць фундатары. Дыплёмы і прызы журналістам і рэдакцыйным калектывам актывісты ТБМ дашлюць праз пошту цягам траўня.
XS
SM
MD
LG