Лінкі ўнівэрсальнага доступу

60 гадоў таму была створаная Рада Эўропы


Тэры Дэвіс

Тэры Дэвіс

Статут гэтай арганізацыі, створанай найперш дзеля абароны правоў чалавека, быў падпісаны 5 траўня 1949 году на канфэрэнцыі ў Лёндане прадстаўнікамі Бэльгіі, Вялікабрытаніі, Даніі, Ірляндыі, Італіі, Люксэмбургу, Нідэрляндаў, Нарвэгіі, Францыі і Швэцыі.


У сувязі з 60-гадовым юбілеем Рады Эўропы яе Генэральны сакратар Тэры Дэвіс, а таксама цяперашняе гішпанскае старшынства ПАРЭ распаўсюдзілі адмысловую заяву. У ёй падкрэсьліваецца, што Рада Эўропы стварыла “агульнаэўрапейскі суд, дзе людзі дамагаюцца сваіх правоў чалавека, паспрыяла скасаваньню сьмяротнага пакараньня ў Эўропе і распрацавала болей за 200 міжнародна-прававых актаў дзеля абароны і разьвіцьця такіх каштоўнасьцяў, як дэмакратыя, правы чалавека і вяршэнства права”.

У сваіх шматлікіх папярэдніх заявах Рада Эўропы неаднойчы заклікала Беларусь забараніць сьмяротнае пакараньне і выконваць правы чалавека.

Сёньня Рада Эўропы аб’ядноўвае 47 краін, у якіх жыве 800 мільёнаў чалавек. Беларусь — адзіная сярод эўрапейскіх дзяржаў, якая не зьяўляецца чальцом гэтай арганізацыі.

У 1992 годзе краіна атрымала асаблівы статус спэцыяльна запрошанай у Парлямэнцкую асамблею Рады Эўропы. У 1993 годзе яна падала прашэньне аб сяброўстве. Аднак пасьля лістападаўскага рэфэрэндуму 1996 году, калі былі пашыраныя паўнамоцтвы прэзыдэнта Лукашэнкі, асаблівы статус Беларусі ў ПАРЭ быў прыпынены. Замарожана было і прашэньне Беларусі аб сяброўстве ў Радзе Эўропы.

XS
SM
MD
LG