Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Шок пасьля дэвальвацыі яшчэ не прайшоў”


Барыс Жаліба

Барыс Жаліба

Нацыянальны банк Беларусі ў рамках дэдалярызацыі эканомікі абмежаваў выкарыстаньне наяўнай замежнай валюты на аўтазапраўках. Аднак пакуль вырашана пакінуць магчымасьць такіх разьлікаў на магістралях Берасьце-Масква і Менск – Нацыянальны аэрапорт.


Дашчынскі: Яшчэ напачатку года старшыня Нацбанку Беларусі Пётар Пракаповіч заявіў аб мерах па дэдалярызацыі беларускай эканомікі. Маўляў, трэба зрабіць, каб на ўнутраным рынку быў запатрабаваны толькі беларускі рубель. Аднак мяркуючы па ўсім, даводзіцца карыстацца адміністратыўнымі мерамі і забараняць, да прыкладу, аплату паліва замежнай валютай на аўтазапраўках. Ці будзе гэта эфэктыўнай мерай?

Жаліба: “Я не лічу, што гэта эфэктыўны захад. Выснова такая, што ў зьвязку з крызісам яшчэ напрыканцы мінулага года зьявілася тэндэнцыя ўкладчыкаў да канвэрсіі рублёвых дэпазытаў у валютныя. І на пачатку бягучага года гэта тэндэнцыя стала недзе небясьпечнай. Аб’ёмы дэпазытаў валютных перавышаюць дэпазыты рублёвых. А нашы банкі ўсё ж патрабуюць найперш рэсурсы рублёвыя. У зьвязку з такой статыстыкай і ўзьніклі такія размовы, што ідзе дэлярызацыя беларускай эканомікі, і гэта небясьпечная тэндэнцыя, калі яна вырастае ў такіх памерах. Хаця зь іншага боку, валюта нам, канечне, патрэбная. Але яна патрэбна найперш у банкі.

Галоўная задача ўраду стварыць такія ўмовы, каб людзі не трымалі валюту ў панчохах, матрацах ці ў слоіках, а прынесьлі яе ў нармальныя камэрцыйныя банкі”.

Дашчынскі: Якраз у гэтым накірунку і быў зроблены яшчэ адзін адміністратыўны захад. Нагадаем, Нацбанк рэкамэндаваў камэрцыйным банкам ад 1-га красавіка паменшыць стаўку па дэпазытах у замежнай валюце да 10% гадавых. Гэта таксама было зроблена у мэтах дэдалярызацыі беларускай эканомікі і павышэньня прывабнасьці ўкладаў у беларускіх рублях...

Жаліба: “Гэта было ўжо двойчы. І сёньня яны ў межах 10%, а з 1-га чэрвеня, наколькі мне вядома, будуць яшчэ ніжэй – не больш за 8% на валютныя дэпазыты. Дзеля таго, каб зарыентаваць укладчыкаў менавіта на рублі. Я думаю, што ў рамках гэтай плыні ідзе абмежаваньне і ў разьліках, у тым ліку і забарона разьлічвацца за бэнзін. Але, я лічу, гэта не вельмі эфэктыўная мера. Бо калі разьлічваесься за тавар, то выручка здаецца ў банкі. А была б эфэктыўная мера, калі б вырас давер да беларускага рубля. Калі б уклады рабіліся ў асноўным у нацыянальнай валюце”.

Дашчынскі: То бок неабходна ўраду і Нацбанку зьвяртацца да эканамічных, а не адміністратыўных мераў. Але, відаць, што шок пасьля амаль 20%-й дэвальвацыі, якая адбылася на пачатку гэтага года, у насельніцтва яшчэ не прайшоў?

Жаліба: “Ён жыве, на жаль. І аднавіць гэты давер гэта вельмі цяжкая задача і для Нацбанку, і для ўраду. І гэты давер ніяк не адновіцца. Людзі трымаюць шмат даляраў дома, дзе хочаце, і не імкнуцца прынесьці іх у банкі. А тым больш зараз будзе паніжэньне ставак і такія тэндэнцыі ўжо адчуваюцца. Статыстыка дае большы прырост рублёвых укладаў, чым валютных дэпазытаў. Так што меры галоўныя ўсё ж эканамічныя. Але як быў даляр рэзэрвовай валютай №1, так ён і будзе”.

Дашчынскі: Нацбанк не абяцае больш абвалу, які быў на пачатку года. Але наколькі сёньня рэальны ў абменьніках курс даляру – недзе 2800 рублёў?

Жаліба: “Магчыма, ён трохі заніжаны. Вось просты прыклад. Схадзіце на рынак у “жданікі”. Там скажуць ну 2880. Гэта больш рэалістычны курс. Нацбанк заўсёды так стараўся зьнізіць, неяк пераацаніць наш рубель, каб узмацніць яго ў псыхалёгіі людзей. Тут псыхалягічны фактар таксама мае ролю. Але не больш. Можа, 2900 рэальны курс”.
XS
SM
MD
LG