Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці законныя затрыманьні для праверкі пашпартных зьвестак?


Антона Койпіша й Міколу Дземідзенку затрымліваюць нібыта для праверкі пашпартных зьвестак

Антона Койпіша й Міколу Дземідзенку затрымліваюць нібыта для праверкі пашпартных зьвестак

Падчас правядзеньня акцыі салідарнасьці з Мікалаем Аўтуховічам менскія міліцыя выдаляла актывістаў з Кастрычніцкай плошчы, нібыта каб праверыць іх пашпартныя дадзеныя. Ці дазваляе закон такія дзеяньні?

Акцыя салідарнасьці з галадоўнікам Мікалаем Аўтуховічам мусіла пачацца на Кастрычніцкай плошчы а 18-ай гадзіне. Але ўжо за 5 хвілін да пачатку акцыі супрацоўнікі спэцназу міліцыі затрымалі актывістаў Артура Фінькевіча, Міколу Дземідзенку і Антона Койпіша.

Калі Антона Койпіша вялі да міліцэйскага аўтамабіля, каб нібыта праверыць дакумэнты, я зьвярнуўся да яго з пытаньнем.

Карэспандэнт: “Антон, як вы гэта пракамэнтуеце?”

Антон Койпіш: “Мне падаецца…Не магу больш нічога сказаць, бо не дазваляюць.”

Міліцыянт: “Праверка дакумэнтаў. Вось вы, журналіст, пакажыце дакумэнты…”

Усе сёньняшнія затрыманьні на Кастрычніцкай плошчы адбываліся пад выглядам праверкі дакумэнтаў. Аднак, калі дакумэнты правяралі ў журналістаў, іх не затрымлівалі, а толькі перапісвалі дадзеныя. А вось актывістаў саджалі ў міліцэйскі мікрааўтобус і вывозілі з плошчы. На Кастрычніцкай плошчы я сустрэў юрыста з руху “За свабоду” Андрэя Сушко і папрасіў яго пракамэнтаваць такія дзеяньні міліцыянтаў. Якой мусіць быць працэдура такога затрыманьня?

“Чалавек можа мець з сабой пашпарт, ці ня мець пашпарту, але не абавязаны яго насіць. Чалавек недзе прапісаны, і гэта лёгка праверыць. Калі ёсьць нейкія падазрэньні, што чалавек зьдзейсьніў нейкае правапарушэньне, яму павінны растлумачыць, у чым прычына затрыманьня. А проста праверка дакумэнтаў без аніякіх падстаў — гэта нелегальны спосаб, які выкарыстоўвае міліцыя, каб стрымаць актыўнасьць людзей”.

Тым часам насупраць нас, на другім баку праспэкту Незалежнасьці, пад гранітнай трыбунай болей за 20 актывістаў паселі на ходнікі з партрэтамі зьняволеных Аўтуховіча, Лявонава і Асіпенкі. Спачатку перад гэтым ланцугом выстраіліся некалькі міліцыянтаў у цывільным і спэцназаўцы у міліцэйскай форме. Амапаўцы паспрабавалі прымусіць людзей сысьці з плошчы, але ўдзельнікі акцыі не падпарадкаваліся. Урэшце байцы сышлі ў сквэр, а іх калегі ў цывільным засталіся стаяць над удзельнікамі акцыі, якая праз паўгадзіны скончылася бяз новых затрыманьняў.


Адна зь дзяўчын, якая сядзела ў ланцугу на ходніку, патлумачыла свой ўдзел у акцыі салідарнасьці:

“Гэта акцыя ў падтрымку Мікалая Аўтуховіча, які цяпер галадае. Ён знаходзіцца ў вельмі цяжкім стане. Мы будзем праводзіць такія акцыі кожны дзень, хоць вы бачыце, што іх забараняюць. Былі затрыманыя Дземідзенка, Койпіш, Фінькевіч. Але мы вырашылі проста перайсьці праз дарогу, калі там ўсё ачэплена, і сесьці тут, каб людзі бачылі, што ў нашай краіне ёсьць палітвязьні, якія пакутуюць. Я — Наста Машчава, актывістка “Маладой Беларусі”.


XS
SM
MD
LG