Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Усе вашы думкі Лукашэнка прысвоіць сабе”


Агляд тэлефанаваньняў за панядзелак, 4 траўня.


7-га траўня ў Празе на сустрэчы кіраўнікоў краінаў Эўразьвязу і 6 постсавецкіх краін будзе дадзены старт праграмы “Ўсходняга партнэрства”.

“Ўсходняе партнэрства” прапанаванае шасьці былым савецкім рэспублікам: Азэрбайджану, Армэніі, Беларусі, Грузіі, Малдове і Ўкраіне. Мэтай праграмы не зьяўляецца падрыхтоўка гэтых краінаў да ўступу ў Эўразьвяз. Ёю прадугледжваецца палітычнае збліжэньне з Эўразьвязам, падтрымка ў правядзеньні рэформаў, аблягчэньне візавага рэжыму.

Прадстаўніка Беларусі ў Прагу запрасілі. Аляксандар Лукашэнка не зарэгістраваўся сярод удзельнікаў саміту. Хто будзе ўзначальваць беларускую дэлегацыю ў Празе, пакуль афіцыйна не паведамляюць.

Слухачы “Свабоды” выказваюць пажаданьні тым, хто будзе на гэтай міжнароднай сустрэчы.

Ніна Ярмалінская: “Прадстаўнікам Беларусі на саміце “Ўсходняга партнэрства” 7 траўня трэба абавязкова закрануць пытаньне пра зьніжэньне кошту шэнгенскіх візаў для грамадзянаў нашай краіны”.

Аляксандар Лапіцкі: “Краіны Захаду павінны пачынаць партнэрства з Аляксандрам Лукашэнкам пасьля таго, як пленум Вярхоўнага суду адменіць ягоную пастанову ад 23 сьнежня 1999 году, якая парушыла артыкул 60 Канстытуцыі і артыкул 153 Грамадзянскага кодэксу і такім чынам забараніла судам прыцягваць да адказнасьці дзяржаўных служачых, якія прынесьлі грамадзянам маральную шкоду. Другім патрабаваньнем да Аляксандра Лукашэнкі павінна быць патрабаваньне ўнесьці ў артыкул 60 Канстытуцыі 1996 году палажэньне аб адхіленьні ад улады прэзыдэнта краіны за парушэньне Канстытуцыі”.

***

Cпадарыня: “Хачу выказаць меркаваньне пра тую апазыцыю, якая распачала мышыную валтузьню з Лукашэнкам. Ня ганьбіце значэньне слова “апазыцыя”! Усе вашы думкі Лукашэнка прысвоіць сабе, а вас усіх выкіне, як адпрацаваны матэрыял, нікому не патрэбны. Улада, якой вы дапамагаеце, зьнішчыла лепшы патэнцыял беларускіх палітыкаў. Мікола Аўтуховіч змагаецца, галадаючы, за справядлівасьць, а ваша мяльба языком з уладай, акрамя шкоды народу Беларусі, нічога добрага не прынясе”.

Слухачцы адказвае сябра Грамадзка-кансультатыўнай рады пры Адміністрацыі прэзыдэнта, дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Ўладзімер Нісьцюк.

“Хацеў бы падзякаваць спадарыні, якая мае сваю грамадзянскую пазыцыю. Па-другое, хацеў бы сказаць, што нельга так аднамерна ўспрымаць беларускую палітыку: вось — улада, а вось — апазыцыя. Можна было б працягваць барацьбу апазыцыі радыкальнымі мэтадамі вельмі доўга, але надышоў той час, калі зьявілася небясьпека для краіны. Трэба кожнаму паспрабаваць зрабіць для краіны лепей там, дзе ён можа гэта зрабіць. Я цалкам пагаджаюся з тым, што ёсьць нейкі кампраміс, нейкая саступка, бо кожны з тых, хто ўваходзіць у Грамадзка-кансультатыўную раду, мае свае думкі і сваю ацэнку сытуацыі. Але, прыкладам, не знайшоў іншага шляху дапамагаць людзям і краіне, як працаваць у тым ліку і ў гэтай Радзе. Тут ёсьць магчымасьць дагрукацца да палітычных кіраўнікоў краіны”.

3 траўня ў сьвеце адзначаўся Дзень свабоды прэсы. З гэтай нагоды — рэфлексія нашага слухача.

Cпадар: “Са 195 краін, узятых па сьвеце, Беларусь па свабодзе СМІ, слова стаіць ізноў на 188-м месцы. У ёй свабода слова млее, таксама як і ў Паўночнай Карэі. На Беларусі яшчэ застаўся закаранелы базіс, яшчэ ўпарта расьце камуністычны аазіс. А можа, згадзімся, няхай прыходзіць да нас камуністычны рай? Казаў з Барысава слухач”.

Тэлефон “Свабоды” у Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG