Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Скрабец: “Я падтрымаю галадоўку, хоць здароўе падарванае”


Грамадзкі рэдактар тыдня Сяргей Скрабец, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі другога скліканьня, узначальваў апазыцыйную дэпутацкую групу “Рэспубліка”.


Дзясятага сакавіка мінулага году я са сваім братам Аляксандрам пачаў бестэрміновую галадоўку дзеля таго, каб зьвярнуць увагу сусьветнай грамадзкасьці на тое, што ў беларускіх турмах па-ранейшаму застаюцца палітзьняволеныя. Тады мы патрабавалі вызваліць Казуліна, Кіма і Парсюкевіча. Цяпер гэтыя людзі на волі. Іхныя месцы занялі новыя палітзьняволеныя.

І адзін зь іх – Мікалай Аўтуховіч – вось ужо трэці тыдзень галадуе, змагаючыся такім чынам за сваю свабоду. Тады, год назад, ён рашуча падтрымаў нашую галадоўку. Цяпер праводзіць акцыю ў адзіноцтве.

На жаль, ніякай відавочнай, значнай рэакцыі грамадзтва Беларусі з гэтай нагоды ня бачна.

Можна назваць тысячы прычын, якія тлумачаць тое.

Напрыклад, сусьветны крызіс. Людзі запужаныя і баяцца страціць працу.

Напрыклад, страх за сваіх блізкіх. Што іх таксама пачнуць прэсаваць, як некалі маіх родных, беларускія спэцслужбы.

Ці чуеш: гэткім чынам, маўляў, нічога не зьмяніць – усё адно Аўтуховіч будзе сядзець, а Лукашэнка – кіраваць вечна.

А насамрэч сапраўдная прычына тут у іншым – у раўнадушшы: мая хата з краю, мяне гэта ня тычыцца…

І вось тут – грамадзкая памылка. У таталітарным грамадзтве працуюць зусім іншыя законы. У выніку калі-небудзь судовы выканаўца пагрукае і ў вашыя дзьверы. Чарга дойдзе да ўсіх. Нездарма Дзяржынскі гаварыў: “Тое, што вы не сядзіце – ня вашая заслуга. Гэта – наша недапрацоўка”…

Страшна, канечне, і тое, што сёньня ня першая галадоўка Аўтуховіча. У турэмных умовах кожная наступная такая акцыя праходзіць з больш цяжкімі наступствамі для арганізму. Жудасная таксыкацыя пачынаецца ўжо зь першага тыдня галадоўкі. І стан такі, нібыта ты галадуеш ужо больш за месяц.

Патрабуецца неверагодная мужнасьць і сіла духу, каб трымацца ў такіх умовах.

Мне складана нешта параіць Мікалаю цяпер, бо гэта ягоны выбар. Магу пажадаць толькі мужнасьці і стойкасьці.

Ну а нашаму беларускаму балоту ў выглядзе своеасаблівага вострава грамадзянскай супольнасьці можна толькі паспачуваць.

Тэарэтычна лёс Яны Паляковай чакае кожнага з нас, калі мы не пераможам у сабе страх і ня будзем адкрыта процістаяць дзейнаму рэжыму.

Дадам: калі ўсё ж у краіне зноў пачнецца ланцуговая галадоўка у падтрымку Мікалая Аўтуховіча, я буду сярод яе ўдзельнікаў. Нягледзячы на тое, што не паправіўся ад апошняй дагэтуль…

Сяргей Скрабец нарадзіўся ў Лідзе, яму 46 гадоў. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі другога скліканьня, узначальваў апазыцыйную дэпутацкую групу “Рэспубліка”.

Двойчы ўдзельнічаў у калектыўных галадоўках – летам 2004 году такім чынам пратэставаў супраць адмовы кіраўніцтва Палаты прадстаўнікоў вынесьці на разгляд папраўкі ў выбарчае заканадаўства, а вясной мінулага году – падтрымліваў палітвязьняў у беларускіх турмах.

Пасьля затрыманьня ў траўні 2005 году Скрабца зьвінавацілі ў вымантачваньні крэдытаў і асудзілі на два з паловай гады зьняволеньня. Незалежныя аналітыкі і праваабаронцы назвалі той прысуд палітычна матываваным. На знак пратэсту супраць вылучаных абвінавачаньняў правёў чатыры галадоўкі, адна зь якіх цягнулася 40 дзён. Праз паўтара году зьняволеньня выйшаў на волю.

Ад сёлетняга сакавіка Сяргей Скрабец зьяўляецца старшынём аргкамітэту БСДП(С) – Беларускай Сацыял-дэмакратычнай партыі “Свабода”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG