Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Калі б у Беларусі было больш нафты...”


Прадстаўнікі ўраду Чэхіі, якая цяпер старшынюе ў Эўразьвязе, патлумачылі журналістам, чаму яны вырашылі запрасіць на праскі саміт беларускага лідэра Аляксандра Лукашэнку.


Як заявіў у размове зь нямецкім агенцтвам DPA чэскі міністар замежных спраў Карэл Шварцэнбэрг, які пэрсанальна ўручыў запрашэньне ў рукі “апошняга дыктатара Эўропы”, беларусам будзе куды горш, калі іх краіна працягне заставацца ізаляванай ад Эўразьвязу.

У параўнаньні з 2002 годам, калі Лукашэнку было адмоўлена ў візе на саміт НАТО ў Прагу, цяпер ЭЗ дэманструе іншыя падыходы, далучаючы недэмакратычныя рэжымы да агульнай палітыкі дэмакратызацыі на кантынэнце. Нягледзячы на вострую крытыку з боку некаторых калегаў па ЭЗ, Шварцэнбэрг лічыць правільнай сваю нядаўнюю місію ў Менску: ён уручыў запрашэньне Беларусі з тым, каб менскае кіраўніцтва само вырашыла, каму варта прадстаўляць краіну ва ўстаноўчым саміце “Усходняе партнэрства” 7 траўня.

Як зазначыў міністар у размове з Ceske Noviny, у той час як ЭЗ пратэстуе супраць прыезду ў Прагу Лукашэнкі, ніхто нічога ня мае супраць наведваньня Зьвязу расейскім прэм’ерам Уладзімерам Пуціным ці кітайскім прэзыдэнтам Ху Цзынь Тао. Паводле міністра, пратэсты супраць Лукашэнкі маглі б быць значна меншымі, калі б у ягонай краіне былі большыя запасы нафты ці газу.

Паводле эўрапейскіх аглядальнікаў, дыскусія вакол Лукашэнкі далёка не адзіны спрэчны момант у падыходах эўрапейскіх кіраўнікоў што да дачыненьняў з постсавецкім рэгіёнам.

Як піша нямецкая Тagesspiegel, “праз 20 гадоў пасьля падзеньня жалезнай заслоны ЭЗ так і не вызначыўся ў сваіх стасунках з суседзямі з Усходняй Эўропы і Паўднёвага Каўказу”.

ЭЗ шукае розныя мадэлі падтрымкі сваіх усходніх суседзяў. І пры гэтым ня можа не ўлічваць таго, што адбываецца ў рэгіёне. Гэта тычыцца нестабільнай палітычнай сытуацыі ва Ўкраіне, Грузіі і Малдове, сталых спрэчак паміж Армэніяй і Азэрбайджанам, ня кажучы пра сытуацыю ў аўтарытарнай Беларусі.

Усходняму партнэрству ёсьць што прапанаваць сваім суседзям: больш цеснае палітычнае набліжэньне, эканамічнае супрацоўніцтва, лібэральную візавую палітыку. Адначасна ЭЗ патрабуе прагрэсу ў галіне дэмакратыі і правоў чалавека. Падобны падыход правільны, аднак ці ёсьць ён новай стратэгіяй, будзе бачна пазьней, піша Тagesspiegel.

Тым часам паводле аглядальнікаў брытанскай "The Financial Times", Беларусь занепакоеная гэтак званай бітвай за рэгіянальны ўплыў, якая ў сувязі з праграмай “Усходняе партнэрства” разгарнулася паміж ЭЗ і Расеяй. Пра гэта заявіў брытанскаму выданьню міністар замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў.

“Мы не зьбіраемся выбіраць паміж ЭЗ і Расеяй. Мы ня будзем разьвіваць дачыненьні з адным з бакоў ва ўрон стасункам зь іншым”,-- сказаў кіраўнік беларускага замежнапалітычнага ведамства.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG