Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зямляцтвы як партнэры міліцыі


Управа ўнутраных спраў Магілёўшчыны просіць нацыянальныя аб’яднаньні дапамагчы ў выкрыцьці парушальнікаў закону. Замежнікаў такім чынам просяць даглядаць законапаслухмянасьць сваіх землякоў на Беларусі.


Паводле міліцыянтаў замежнікамі ў рэгіёне за гэты год зьдзейсьнена больш за сто злачынстваў. Каля пяцідзесяці злачынстваў учынена супраць саміх замежнікаў.
Днямі ўправа ўнутраных спраў Магілёўшчыны правяла адмысловую нараду, на якую міліцыянты сабралі ўсіх кіраўнікоў нацыянальных аб’яднаньняў абласнога цэнтру. Афіцыйныя крыніцы тлумачаць яе правядзеньне крайняй неабходнасьцю. Толькі за гэты год грамадзянамі замежных краінаў на тэрыторыі вобласьці зьдзейсьнена каля трох тысяч адміністрацыйных правапарушэньняў.

“Нас, як праваахоўныя структуры цікавяць пытаньні прафіляктыкі правапарушэньняў і злачынстваў. Толькі за гэты год замежнікамі зьдзейсьнена больш за сто злачынстваў – пачынаючы ад дробных крадзяжоў і сканчаючы цяжкімі злачынствамі”, паведамляе прадстаўнік управы ўнутраных спраў Магілёўшчыны.

У абласным цэнтры дзейнічаюць сем зарэгістраваных нацыянальных аб’яднаньняў. Яны прадстаўляюць інтарэсы палякаў, украінцаў, рускіх, габрэяў, грузін, армян, азэрбайджанцаў.

Трыма сотнямі армянаў апякуецца аб’яднаньне “Масіс”.Чаго чакае ад яго магілёўская міліцыя. Гаворыць старшыня аб’яднаньня Армен Хачатран:

“Каб людзі былі прыстойныя, дысцыплінаваныя, каб парадак не парушалі. Не парушалі закон, пашпартны рэжым”.

Паводле суразмоўцы багата армянаў ня маюць дакумэнтаў і хаваюцца ад міліцыі. Бальшыня такіх жыве пераважна ў сельскай мясцовасьці. Мы, кажа спадар Хачатран, дапамагаем міліцыі адшукаць іх:

“Ну вось скажам у нас дакумэнты былі гатовыя, а чалавека няма, яны нам тэлефануюць, ці ёсьць такі чалавек, дзе яго можна знайсьці. Празь некага, калі ведаем, то хутка знаходзім”.

Армен Хачатран прызнае, што армяне часьцей зьбіраюцца сваёй грамадой. Апошні раз 24 красавіка зьбіраліся, каб згадаць ахвяраў турэцкага генацыду 1915 году. Прыйшло чалавек шэсьцьдзесят.

У Армена Хачатрана цікаўлюся, ці спрабуюць армяне вучыць беларускую мову:

“Дзеці могуць гаварыць, праходзяць беларускую мову, а мы калі ведаем некаторыя словы, дык іх устаўляем у гутарку, аднак так, каб адкрыта, не канечне. Тут паспрабуй яшчэ беларуса знайсьці, бальшыня ж гаворыць па-руску”.


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG