Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Як беларускія недзяржаўныя журналісты ацэньваюць сытуацыю са свабодай друку ў краіне?

3 траўня 1991 года ў сталіцы Намібіі афрыканскія журналісты падпісалі Віндхукскую дэклярацыю, якая заклікае ўрады дзяржаваў усяго сьвету забясьпечваць свабоду друку і яго дэмакратычны характар. Генэральная Асамблея ААН прыняла рашэньне менавіта 3 траўня адзначаць у міжнародным маштабе як Усясьветны дзень свабоды друку.

Паўгода таму дзьве недзяржаўныя газэты – “Народную Волю” і “Нашу Ніву” вярнулі ў продаж у шапіках “Белсаюздруку”, на іх дазволілі падпіску праз Белпошту. У грамадзтве адразу загаварылі пра тое, што лібэралізацыя ўрэшце дайшла і да сродкаў масавай інфармацыі. Пытаюся ў журналіста “Нашай Нівы” Сямёна Печанко, ці адчуваюць ягоныя калегі гэту самую лібэралізацыю, ці сталі яны свабоднымі:

“Цяжка сказаць увогуле пра цалкам свабоду, таму што ёсьць адчуваньне нармалізацыі працы, але, фактычна, мы вярнуліся да сытуацыі 2005 году, чыста тэхнічна – у распаўсюд. А ўсе тыя праблемы, якія былі, яны і засталіся. Таму нельга сказаць пра поўную свабоду. Тыя ж самыя прыклады з рэклямай. Калі ў мэтро былі пустыя пляншэты з рэклямнымі блянкамі, а нам заяўлялі ва Ўпраўленьні ідэалёгіі Менгарвыканкаму, што там на месяцы наперад усё расьпісана, і месца для нас там няма”.

13 незалежных грамадзка-палітычных газэт –а гэта палова з тых, што выходзяць – дагэтуль застаюцца па-за дзяржаўнымі сыстэмамі распаўсюду. Адну з самых першых недзяржаўных рэгіянальных газэт – “Бобруйский курьер”, якая выходзіць з 1990 года, два гады таму выкінулі з шапікаў Белсаюздруку, а літаральна днямі паднесьлі новы непрыемны сюрпрыз. Распавядае галоўны рэдактар выданьня Анатоль Санаценка:

З 1 траўня з намі дамова на рэалізацыю газэты праз падпіску, праз пошту
скасаваная
“З 1 траўня з намі дамова на рэалізацыю газэты праз падпіску, праз пошту скасаваная. З эканамічных прычынаў. То бок пасьля 18 гадоў працы з намі ім аказалася невыгоднай гэта справа. Што тычыцца іншых спосабаў ціску, гэта забарона на разьмяшчэньне рэклямы ў нашай газэце, гэта негалосная забароны на кантакты з нашымі журналістамі”.

Журналіст “Нашай Нівы” Сямён Печанко прызнаецца, што ўнутранай свабоды, разьняволенасьці ў журналістаў няма:

“Памятаем пра калегаў зь іншых выданьняў, якія застаюцца па-за сыстэмай распаўсюду. Быў момант, калі Белстат меў прэтэнзіі да Аляксандра Чубрыка, які паставіў пад сумнеў мэтодыку разьліку статыстыкі Белстату, і мы друкавалі абвяржэньне з боку Белстату, і Чубрык быў вымушаны нешта тлумачыць. Мы заўсёды памятаем пра артыкулы Крымінальнага кодэксу кшталту “дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь” ці “абраза прэзыдэнта”. Мы пра ўсё гэта памятаем і працуем, трымаючы іх у галаве і тады, і цяпер. І ў тым паўпадпольным фармаце, і ў цяперашнім больш-менш, адносна свабодным”.

Галоўны рэдактар “Бобруйского курьера” Анатоль Санаценка адзначае, што пасьля абвешчанай лібэралізацыі, увядзеньня новага Закону аб СМІ ціск на гэзэту толькі ўзмацніўся:

“Прычым, у апошнія месяцы гэтыя нападкі юрыдычнага і эканамічнага характару толькі ўзмацніліся, не зважаючы на абвешчаную лібэралізацыю. Ліст за лістом з гарвыканкаму, а потым, адпаведна, зь міністэрства. Прычым, Міністэрства інфармацыі піша лісты ня ў выглядзе прамога папярэджаньня, афіцыйнай формы пакараньня, а, так бы мовіць, “асадзі назад”. Маўляў, чарговая скарга паступіла з гарвыканкаму, вы зноў парушылі Закон аб СМІ, і пагрозы”.

Месяц таму калектыў “Бобруйского курьера” зьвярнуўся зь лістом да кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Ўладзімера Макея са скаргай на мясцовыя ўлады, якія ціснуць. Адказ прыйшоў зь Міністэрства інфармацыі за подпісам першай намесьніцы міністра Ліліі Ананіч: “Папярэджаньні вынесеныя на законных падставах”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG