Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кася Сьцяпанава пра неэўрапейскасьць у беларускіх вну


Кася Сьцяпанава

Кася Сьцяпанава

Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня – першакурсьніца Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту ў Вільні віцяблянка Кася Сьцяпанава.





Вось як тлумачыць Кася, чаму яна забрала дакумэнты зь Белдзяржунівэрсытэту…


Кася Сьцяпанава - віцяблянка, першакурсьніца Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту ў Вільні. Пераможца конкурсу эсэ на тэму “Што для мяне ёсьць Беларусь”, праведзенага ў межах кампаніі "Будзьма", міжнародных літаратурных конкурсаў ЗБС "Бацькаўшчына". Навучаецца па спэцыяльнасьці "масавыя камунікацыі і журналістыка". Кася захапляецца сучаснай літаратурай і хэндмэйдам.

– Зьніякавеўшы на вусным іспыце журфаку БДУ ад пытаньня пра нацыянальную бясьпеку Рэспублікі Беларусь, я села ў цягнік да Вільні. Магу цалкам аспрэчыць выказваньні, што ў ЭГУ ідуць ад безвыходнасьці. Многія з аднагрупнікаў удала паступілі ў беларускія ВНУ, але не захацелі там вучыцца. На мой погляд, ЭГУ – навучальная установа для інтэлектуальнай беларускай моладзі. Гэта ўнівэрсытэт для тых, хто насамрэч хоча авалодваць абранай спэцыяльнасьцю, а не пісаць ад рукі канспэкты па фізкультуры або, навучаючыся на эканаміста, сачыняць вершы пра эканоміку. Я атрымліваю практычныя веды і радуюся, што не проста сяджу на занятках, слухаючы манатонную лекцыю выкладчыка, якую ён папросіць слова ў слова пераказаць яму на іспыце. Нас навучаюць прафэсіяналы-практыкі, а не тэарэтыкі.

На хакей ці стадыён нас фактычна канваіруюць – як паспрабуеш зьбегчы, дык урэшце папросту выключаць”

Кася кажа: ня толькі яна – шмат хто зь сяброў, якія вучацца на радзіме, лічаць: цяперашняя беларуская вышэйшая школа захавала ў сабе шмат заганных рысаў савецкай вышэйшай адукацыі. Пра асобныя штрыхі, так бы мовіць, неэўрапейскасьці ў айчынных СМІ яна і папрасіла журналістаў Свабоды падрыхтаваць спэцыяльную перадачу. Найперш – паглядзець, чым прымушаюць займацца беларускіх утудэнтаў і ў вольны час, і замест заняткаў.

Самая распаўсюджаная зьява – накіроўваць студэнтаў на ўсялякія спартовыя мерапрыемствы, каб ствараць масавасьць, каб не было пустых трыбунаў. Асабліва, калі кіраўнік дзяржавы гуляе ў хакей альбо прыходзіць са сваёй сьвітай на тэніс, калі беларусы гуляюць у матчах на Кубак Дэвіса. Распавядаюць студэнткі Унівэрсытэту культуры:

– На хакей, на тэніс. Вельмі шмат такіх мерапрыемстваў. Масавасьць ствараць.

Студэнт Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту распавёў такую гісторыю:

– У нас быў выпадак, калі нашых дзяўчат, каб яны адпрацавалі некалькі заняткаў па фізычнай культуры, ім загадалі схадзіць на хакей. І толькі тады залічылі гэтыя адпрацоўкі.

Куратарка адной студэнцкай групы Менскага каледжу сувязі распавяла:

– Вось мне сёньня паступіў загад, што я ў 15.30 павінна сядзець зь дзесяцьцю чалавекамі на стадыёне “Трактар” на футбольным матчы. Я павінна да 14-ці гадзін адпрацаваць, а потым ехаць на стадыён, ствараць масавасьць. Прычым, там пэўны сэктар, і супрацоўнік упраўленьня адукацыі адзначае, колькі чалавек якая ўстанова прывяла. Прычым, гэта не добраахвотна, а спускаецца. Пляны, пляны, пляны паўсюль.

Студэнтаў факультэту міжнародных адносінаў Белдзяржунівэрсітэту выкарыстоўваюць ў іншых мэтах:

– У мінулым годзе быў у Менску зьезд камуністычных партыяў сьвету. Тады нашых студэнтаў накіравалі суправаджаць гэтых дэлегатаў, каб яны перакладалі. Гэта, магчыма, адпавядае пэўным чаканьням студэнтаў практычным – мова, нейкія палітычныя моманты, але гэта было не зусім валянтэрства.

– Мы ў гэтым сэнсе прывілеі маем – наш факультэт асаблівы, мы менш датыкальныя, чым іншыя, але з расповедаў сяброў я ведаю, што ёсьць гэта. Вось зараз шэраг сьвяточных мерапрыемстваў – 1 траўня, 9 траўня. Тыя мерапрыемствы, куды студэнтаў, так бы мовіць, запрашаюць паўдзельнічаць. Што зусім не цікава нам.

– Абавязкова наведваць?

– Гэта залежыць ад унівэрсытэту, ад інтэрнату, ад тых людзей, якія там працуюць. Вось, напрыклад, летась на 9 траўня адна мая сяброўка павінна была ўдзельнічаць у масоўцы, таму што ёй сказалі: “Калі вы ня пойдзеце, у вас ўзьнікнуць пэўныя праблемы: па-першае, зь інтэрнатам, па другое, з прадметам таго выкладчыка, які кіраваў”. Насамрэч, такое існуе…

Камэнтуе Кася Сьцяпанава:

– Навошта студэнткам філфаку хакей? Я ўпэўнена: наведваньне “беларускай лыжні” або хакейных спаборніцтваў ніякім чынам не дапаможа студэнтам ў атрыманьні якаснай адукацыі. Тым ня менш, іх проста прымушаюць хадзіць на такога кшталту мерапрыемствы.

Мне гэта падаецца абсурдным. Прыніжаецца годнасьць студэнта, якому так і кажуць: ня пойдзеш – будуць праблемы з вучобай.

І маладыя людзі вымушаныя хадзіць, хаця, безумоўна, у іх мусяць быць больш пільныя справы – схадзіць лішні раз у бібліятэку або пачытаць канспэкт.

Як могуць атрымаць якасную адукацыю студэнты, што замест заняткаў вымушаныя быць назіральнікамі на дзяржаўных афіцыёзных відовішчах – настолькі непапулярных, што туды сілай цягнуць людзей?

“Я прапускала заняткі, бо яны нецікавыя, а мяне за тое прымушалі ісьці на платную адпрацоўку…”

Вясна і рамантычны настрой, восень і пасьляканікульная разьняволенасьць часта становяцца падставай для студэнтаў “загуляць” і прагуляць заняткі. Розныя ВНУ па-рознаму ставяцца да гэтага пытаньня. Адны выкладчыкі лічаць, што пропускі без паважлівай прычыны – нагода да адлічэньня, а нехта мяркуе па-іншаму: калі і чаму вучыцца – асабістая справа кожнага.

Мой суразмоўца Ўладзімер з-за пропускаў падчас навучаньня ў магістратуры эканамічнага унівэрсытэту ледзь ня быў адлічаны. Яго папросту не хацелі дапускаць да іспытаў. Пропускаў было ня проста шмат – амаль не наведваў заняткі, бо працаваў у банку і акурат у гэты час нарадзілася дзіця.

Гэткія “грахі”, на думку выкладчыкаў, адпрацаваць было немагчыма і бессэнсоўна: маўляў, ты ж ня проста прапускаў, ты ігнараваў! Але сытуацыю ўдалося вырашыць дзякуючы так званаму “чалавечаму фактару”:

– Я напісаў заяву на імя прарэктара па навуковай працы, схадзіў да яго на прыём. Апрануўся добра, надушыўся, прычасаўся, добра выглядаў. Патлумачыў сытуацыю: маўляў, я працую, і далёка не заўсёды атрымлівалася наведваць заняткі. Ну, і ён напісаў рэзалюцыю: “прыміце ў чалавека экзамэн”.

Сяргей вучыцца ў радыётэхнічным унівэрсытэце. Там адпрацоўкі пастаўлены, як кажуць, “на паток”. Дзякуючы бурнаму асабістаму жыцьцю прапусьціў шмат заняткаў па хіміі, супрамату і фізыцы. Формула “адпушчэньня грахоў” была простая: ідзеш у дэканат, бярэш ведамасьць, плаціш вельмі сымбалічныя грошы (сума час ад часу мяняецца) і ідзеш працаваць:

– Калі па хіміі прапускаў заняткі, то ў лябараторыі – заняткі выглядалі як звычайныя заняткі, я не адзін быў, многа было такіх, якія прапусьцілі заняткі і трэба было адпрацаваць, каб дапусьцілі да сэсіі. Так што бралі людзей зь некалькіх груп і давалі гэткую магчымасьць.

На філялягічным факультэце БДУ самыя распаўсюджаныя праблемы з адпрацоўкамі – па фізычнай культуры. Мая суразмоўца Алена на пэўны момант рызыкавала з-за ігнараваньня фізкультуры папросту пазбавіцца месца вучобы.

– У нас быў такі злосны стары трэнэр, зь якім дамовіцца было немагчыма. Ён сказаў: “Да пабачэньня, пралятаеш ты, як фанэра над Парыжам са сваімі прагуламі: я табе залік не пастаўлю, і можаш нават і не прасіць, і не зьяўляцца на занятках надалей”.

Адсутнасьць заліку па фізычнай культуры азначала недапушчаньне да сэсіі і як магчымы вынік – адлік зь філфаку наагул. Але сытуацыю выратаваў напарнік Аленінага трэнэра, якому яна любіла ўсьміхацца… Пачуўшы сутнасьць канфлікту, ён прапанаваў адпрацаваць пад ягоным кіраўніцтвам.

– Сказаў нам спачатку ў фэхтавальную залю прыйсьці, пафэхтаваць і адпрацаваць гэткім чынам. А потым сказаў, – ладна, прыходзьце бегаць. Ну, і бегалі па кругу ў парку Горкага…

Камэнтуе Кася Сьцяпанава:

– А вы хочаце зрабіць перапіс усіх экспанатаў краязнаўчага музэю?

Здавалася б, абсалютна вар’яцкая ідэя. Але менавіта такі спасоб адпрацовак прапушчаных сэмінараў і дрэнных адзнакаў лічыць мэтазгодным выкладчык адной з самых прэстыжных беларускіх ВНУ.

Выкладчыкі проста ня ўмеюць або ня могуць зацікавіць студэнтаў. Таму прагулы – зьява частая. Я, шчыра кажучы, выдатна разумею беларускіх студэнтаў, якія ня хочуць па 6-8 гадзін сядзець ва ўнівэрсытэце, слухаючы нудныя лекцыі, прагавораныя выкладчыкам сабе пад нос.Нецікавыя заняткі студэнты прагульваюць.А выкладчыкі быццам атрымліваюць задавальненьне, прыдумляючы новыя адпрацоўкі. Часам, дарэчы, платныя.

Вынікам такіх выкладчыцкіх прыдумак і зьяўляюцца заданьні, накшталт напісаць ад рукі рэфэрат па фізкультуры памерам 30 старонак.

І самае сьмешнае – пэдагогі нават не задумваюцца нешта памяняць у сваёй сыстэме выкладаньня. Шмат хто зь іх чамусь лічыць за лепшае прыдумляць усе новыя бязглуздыя заданьні ды правяраць, наколькі дробным почыркам напісаны “пакаральны” рэфэрат.


“Часам выкладчыкі ацэньваюць не мае веды, а свой погляд на тое, што я нібыта магу ведаць…”

Чым не задавальняюць моладзь беларускія выкладчыкі? Што ў іхніх паводзінах, на думку маладых, зьяўляецца не эўрапейскім, не адпавядае статусу унівэрсытэцкага выкладчыка? Што не падабаецца студэнтам, сёньняшнім ці ўчорашнім, у стаўленьні да іх з боку выкладчыкаў? Гэта высьвятляў Сяргей Астраўцоў.

Меркаваньне Тацяны, якая ўжо закончыла унівэрсытэт:

– Пачнем з таго, што выкладчыкі — гэта прыклад, з выкладчыкаў мы бярэм тую кальку, той узор, які потым на сябе прымяраяем. У мяне была вельмі цудоўная дэкан, жанчына, яна была менавіта эўрапейская, яна магла размаўляць з чалавекам “нага за нагу”, вельмі нестандартная была, пры гэтым яна пісала кнігі. Але былі іншыя выкладчыкі, якія, напрыклад, вельмі шмат надавалі ўвагі нейкаму свайму ўнутранаму сьвету. Гэта непрафэсіяналізм у такім сэнсе, што свае праблемы трэба пакідаць дома.

Хай Тацяна ўдакладніць — што канкрэтна ня так будавалі такія выкладчыкі ў адносінах са студэнтамі?

– Гэта было занадта суб’ектыўнае стаўленьне да студэнта. Ты ацэньваеш не мае веды, якіх нават ня даў – ацэньваеш проста твой погляд на гэтага чалавека. Выкладчык “ведае”, якую адзнаку паставіць, ня выслухаўшы нават студэнта, бо той проста не спадабаўся. Я думаю, гэта вельмі распаўсюджаная зьява ва ўнівэрсытэтах – прадузятасьць і суб’ектыўнасьць.

Валеры навучаўся ў трох беларускіх унівэрсытэтах, найбольш яму не падабаўся збор грошай перад здачай экзамэнаў.

– Калі здавалі экзамэн, трэба было зьбіраць грошы. Мы з маім сябрам прынцыпова ніколі не здавалі. Мая мама заробак за месяц такі атрымлівала, столькі зьбіралі, каб купіць выкладчыку кветак, заставіць увесь стол, каб выкладчык у гэтым садзе кветкавым сядзеў. То з гэтага, апроч прафанацыі самой прафэсыі, я бачу непавагу выкладчыка да сябе самога, як да чалавека, да асобы. То бок, калі ён сядзіць, уткнуўшы нос у гэтыя кветкі, а не на студэнтаў, яму па барабану, што яны робяць і як яны вывучыліся.

Сяргей мае вельмі сьвежыя ўражаньні пра выкладчыкаў.

– Мяне не задавальняла часам катэгарычнасьць. Калі нехта спрабаваў свой пункт погляду выказаць, то гэта ўспрымалася так, нібыта не студэнт перад выкладчыкам, а нейкі канкурэнт і хоча зламаць усё. І быў выпадак, калі выкладчык па філязофіі кажа: я ня буду выслухоўваць ваша меркаваньне, ня буду пад вас падстройвацца, таму што ўсё роўна вы не разумееце, а я маю ў дадзеным выпадку рацыю. І з такой агрэсіўнасьцю гэта было сказана… Ведаю нават выпадак, калі з гэтай прычыны былі цяжкасьці са здачай экзамэну, калі студэнт агучыў раней сваю вэрсію нейкай падзеі, і потым выкладчык адыграўся на ім”.

Сяргею не падабаецца, што выкладчыкі часам вылучаюцца правінцыйнасьцю, абмежаванасьцю.

– Існуе абмежаванасьць выкладчыкаў. Студэнты прыводзілі факты, і выкладчык зьбіваўся з панталыку. Для мяне постаць Францыска Скарыны ня толькі беларуская, але і эўрапейская, а выкладчык нават прозьвішча яго ня мог вымавіць, для яго гэта было новым, ён, можа чуў пару разоў толькі аб ім.

Камэнтуе Кася Сьцяпанава:

– Навошта рабіць з адукацыі цырк? На маю думку, менавіта гэтым і займаецца частка выкладчыкаў у беларускіх ВНУ.

Такія выкладчыкі нездарма становяцца героямі анэкдотаў і абсурдных гісторый: студэнты здымаюць і выкладаюць у сеціва відэаролікі, дзе пэдагогі кідаюцца крэйдай у тых, хто няўважліва слухае, ды брэшуцца матам.

Знаёмыя навучэнцы самых розных ВНУ распавядалі мне, напрыклад, як выкладчык ў літаральным сэнсе можа стаць на галаву ў час заняткаў і пабоўтаць у паветры нагамі або швургануць крэслам у сценку..

Безумоўна, цешыць, што ў гэтых людзей такое моцнае здароўе і шмат імпэту. Але акадэмічная аўдыторыя – гэта не спортазал і не цыркавая арэна, каб уражваць студэнтаў асабістымі рэкордамі і неўтаймаваным тэмпэрамэнтам.

Думаю, калі выкладаньнем займаюцца такія людзі, ні пра які высокі ўзровень адукацыі і гаворкі быць ня можа.

Галоўная праблема беларускіх ВНУ – адсталасць. Яна праяўляецца і ў недахопе вучэбных сродкаў, і ў наяўнай састарэлай сыстэме навучаньня, калі найчасьцей практыкуюцца адно лекцыі ды сэмінары па іх, і ў паводзінах саміх выкладчыкаў.

Зь любога зь дзяржаўных СМІ мы даведваемся , што ў беларускіх ВНУ надзвычай якасны ўзровень выкладаньня, што там працуюць высокакваліфікаваныя кадры, а заняткі безумоўна цікавыя ды карысныя.

У той час, калі ва ўсім сьвеце студэнты атрымліваюць ступень бакаляўра за чатыры гады, нашы ўнівэрсытэты ўсё яшчэ працягваюць навучаньне, прысьвячаючы бакаляўрыяту пяць гадоў. Некаторыя “высокаваліфікаваныя кадры” могуць дазволіць сабе нецэнзурныя выразы ў часе лекцыі, а зь “цікавых і карысных” заняткаў студэнты часта не ўцякаюць толькі таму, што баяцца адпрацовак.

На жаль, асноўнай рысай навучаньня ў беларускіх ВНУ зьяўляецца не эфэктыўнасьць і якаснасьць, а архаічнасьць і неэўрапейскасьць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG