Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Лукашэнка не паедзе ў Прагу?


Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды” (эфір 1-га траўня).

Розныя неафіцыйныя крыніцы даюць інфармацыю, што Лукашэнка не паедзе ў Прагу на ўстаноўчы саміт праграмы “Ўсходняе партнэрства”, а беларускую дэлегацыю ўзначаліць віце-прэм’ер Сямашка. Чаму палітыкі і мэдыі надалі гэтаму пытаньню вялікае значэньне? Чаму Лукашэнка не захацеў сыграць ролю трыюмфатара, прыехаўшы на саміт? Якія прычыны прымушаюць яго застацца дома?

Удзельнікі: дырэктар зарэгістраванага ў Літве Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Віталь Сіліцкі і галоўны рэдактар інтэрнэт-газэты “Мы” Кірыла Пазьняк.

Чаму палітыкі і мэдыі надалі гэтаму пытаньню вялікае значэньне?

Валер Карбалевіч
: “Беларускія і некаторыя эўрапейскія палітычныя колы і мэдыі надалі надзвычай вялікае значэньне пытаньню: ці паедзе Лукашэнка ў Прагу? Падаецца, што гэтая праблема ў пэўным сэнсе выцесьніла тэму значэньня самога праскага саміту, значэньня праграмы “Ўсходняе партнэрства”. Чаму так здарылася? Чаму гэтае, па вялікім рахунку, другаснае пытаньне выйшла на першы плян, а беларуская апазыцыя ператварыла яго нават у пытаньне прынцыпу?”

Віталь Сіліцкі
: “Сапраўды, частка беларускай апазыцыі ператварыла гэтае пытаньне ў глябальную праблему, надала Лукашэнку статус палітыка плянэтарнага памеру, стварыла сытуацыю, што ўдзел ці няўдзел Лукашэнкі ў саміце “Ўсходняга партнэрства” стаў галоўнай тэмай гэтага саміту.

Гэтую шуміху падхапіў беларускі афіцыёз і пасьпяхова маніпуляваў згаданай тэмай. Першай “качкай” была інфармацыя, што на саміт у Празе запрасілі пэрсанальна Лукашэнку. Насамрэч запрасілі Беларусь як краіну. Другая “качка”: распусьцілі чуткі, што Лукашэнка паедзе ў Прагу.

Для часткі беларускай контрэліты пытаньне аб тым, каб не пускаць Лукашэнку ў Эўропу, захаваць манаполію на кантакты з дэмакратычным сьветам, стала пытаньнем палітычнага выжываньня, адзіным посьпехам, якога яны могуць дамагчыся. Калі пачалося паляпшэньне дачыненьняў афіцыйнага Менску з ЭЗ, у часткі апазыцыі зьявілася адчуваньне, што іх цалкам кідаюць. Таму пытаньне і набыло такі гістэрычны характар, калі ў інтэрнэт-выданьнях эўрапейскіх палітыкаў пачалі называць “юдамі”. Праблема ў тым, што проста іншага палітычнага выніку хтосьці з апазыцыі дамагчыся ня можа".

Эўропа ня ведае, як сябе паводзіць з Лукашэнкам

Карбалевіч: “Але праблема ў тым, што ня толькі беларуская апазыцыя, але і эўрапейскія мэдыі надалі гэтаму пытаньню вялікае значэньне”.

Сіліцкі: “У Эўропе няма разуменьня, як паводзіць сябе з дыктатарамі, зь людзьмі кшталту Лукашэнкі. Да дыялёгу зь любымі адыёзнымі палітыкамі былі здатныя такія моцныя лідэры заходняга сьвету, як Рэйган, Тэтчэр, Ян Павал ІІ. Цяперашнім заходнім палітыкам не хапае маральнай сілы і інтэлектуальнай перавагі. А Лукашэнка ўмее зачароўваць. Пасьля сустрэчы зь ім Саляна выходзіць з адкрытым ротам”.

Кірыла Пазьняк
: “Па-першае, сапраўды стратэгія і тактыка супрацоўніцтва ЭЗ з рэжымам Лукашэнкі яшчэ толькі выпрацоўваецца. Па-другое, існуе багата няўцяміцы адносна самой праграмы “Ўсходняе партнэрства”. Таму на першае месца і выйшла пытаньне, ці паедзе Лукашэнка ў Прагу. А што тычыцца мэдыяў, то існуе спэцыфіка журналісцкай працы, калі акцэнт робіцца на самым чытэльным і канкрэтным.

Зразумела, такая ўвага да гэтага пытаньня была прыцягнута з-за заяваў часткі беларускай апазыцыі. Гэтыя палітыкі абвінавачвалі сваіх апанэнтаў, якія падтрымліваюць ідэю дыялёгу, што яны працуюць на рэжым. Але ў дадзеным выпадку яны самі спрацавалі на піяр рэжыму, бо неапраўдана ўзьнялі пытаньне пра паездку на ўзровень прынцыпу. А ўлады пісьменна скарысталі гэтую сытуацыю. І сталася так, што ў дачыненьні да гэтага саміту Лукашэнка стаў ньюсмэйкерам № 1”.

Чаму ён не захацеў сыграць ролю трыюмфатара?

Карбалевіч: “Лукашэнка быў доўгі час ізаляваны ад заходняй, эўрапейскай эліты, Беларусь знаходзілася ў міжнароднай ізаляцыі, дыпляматычнай блякадзе. Беларускі кіраўнік перажываў гэта хваравіта. Можна ўзгадаць, як беларускія дзяржаўныя мэдыі абвяшчалі вялікім дыпляматычным прарывам, калі Лукашэнка паціснуў руку прэзыдэнту ЗША Клінтану на стамбульскім саміце АБСЭ ці сустрэўся ў Нямеччыне з будучым нямецкім канцлерам Шрэдэрам, якога Аляксандар Рыгоравіч тут жа назваў сваім сябрам.

І вось праз многія гады ізаляцыі атрымана дыпляматычная перамога. Беларусь уключылі ў праграму ЭЗ “Усходняе партнэрства”, Лукашэнка атрымаў магчымасьць паехаць у Прагу на ўстаноўчы саміт гэтай праграмы, дзе будуць прысутнічаць кіраўнікі практычна ўсіх краін Эўропы. Удзел там прэзыдэнта Беларусі на роўных сярод самых уплывовых эўрапейскіх палітыкаў быў бы сапраўды трыюмфам Лукашэнкі ў вачах беларускіх грамадзян. Але Лукашэнка адмаўляецца. Чаму ён не захацеў сыграць ролю трыюмфатара?”

Сіліцкі: “Тут я з вамі, сп. Карбалевіч, катэгарычна не пагаджуся. Найперш, запрашэньне Беларусі ва “Ўсходняе партнэрства” пакуль ня ёсьць перамогай Лукашэнкі. Перамога будзе тады, калі пачнецца супрацоўніцтва на беларускіх умовах. То бок калі Менск будзе працаваць толькі ў тых сфэрах, якія яму патрэбныя, і ігнараваць іншыя сфэры, якія не патрэбныя. Але, хутчэй за ўсё, гэтага не адбудзецца. ЭЗ будзе катэгарычна патрабаваць ад Беларусі поўнага ўдзелу ў партнэрстве, выкананьня палітычных патрабаваньняў. У адваротным выпадку партнэрства будзе абмежаваным.

Абвясьціць трыюмфам паездку Лукашэнкі ў Прагу можна толькі на падставе тых правілаў гульні, якія беларускія палітыкі змайстравалі самі для сябе. Перамогай лічыцца, напрыклад, не залучэньне 20 мільярдаў інвэстыцый альбо прыём у Раду Эўропы безь ніякіх патрабаваньняў, а пытаньне, ці дапусьцяць Лукашэнку ў Прагу альбо хто хутчэй туды прыедзе. Толькі ў рамках гэтых правілаў выглядае, што Лукашэнка трыюмфатар.

Калі б Лукашэнка паехаў у Прагу, дык там магла пачацца абструкцыя, узьнялі б пытаньне аб правах чалавека ў Беларусі. Калі б скандалы былі гарантаваныя, то Лукашэнка паехаў бы, хутчэй за ўсё. Але магло б адбыцца горшае: пра яго маглі б забыць.

А вось фотасэсій з удзелам вядучых эўрапейскіх палітыкаў можа не адбыцца. Хутчэй за ўсё, саміт будзе ня самы прадстаўнічы. Ніякіх Сарказі там ня будзе. Таму й ня едзе”.

Шэсьць прычынаў, чаму Лукашэнка ня едзе ў Прагу

Пазьняк: “Згодзен з сп. Сіліцкім, што трэба падзяляць сур’ёзную палітыку і адлюстраваньне падзеяў у мэдыях. Не выключаю, што беларуская дэлегацыя ў Празе падпіша дакумэнт аб “Усходнім партнэрстве” з пэўнымі агаворкамі.

Ёсьць некалькі прычын, чаму Лукашэнка ня едзе ў Прагу. Па-першае, ён ужо зрабіў сабе піяр на гэтай тэме, у тым ліку дзякуючы апазыцыі. Па-другое, аргумэнтаў “за” паездку ў Прагу, акрамя асабістых амбіцый, амаль няма. Але гэтыя амбіцыі ўжо часткова задаволеныя. Ён спаталіў тугу па Эўропе, пазбавіўся іміджу ізгоя візытамі ў Ватыкан і Рым. І гэта было знакава і нібыта наўзамен паездкі ў Прагу.

Па-трэцяе, хоць гэта і не стасуецца зь ягоным іміджам, але ён дэманструе Эўропе добрыя манеры. ЭЗ намякнуў, каб ён ня ехаў, і Лукашэнка паводзіць сябе як джэнтэльмэн: маўляў, я гуляю па вашых правілах.

Па-чацьвёртае, іміджавая сытуацыя магла быць сапсаваная абструкцыяй на саміце. Калі нехта адварочваецца, не падае рукі, то гэта псуе піяраўскую карцінку. Лукашэнка мог бы не стрымацца, умоўна кажучы, зьняць чаравік і па трыбуне пагрукаць. А яму цяпер, калі дачыненьні з ЭЗ толькі пачынаюцца, скандалы не патрэбныя.

Па-пятае, невядома, наколькі прадстаўнічым будзе гэты форум, хто будзе прадстаўляць “вялікія” эўрапейскія краіны. А, напрыклад, зь Юшчанкам ці Аліевым ён можа сустрэцца і без Эўропы”.

Карбалевіч: “Лукашэнка заўсёды любіў скандалы. Калі ёсьць скандал, то ён абавязкова апынецца ў цэнтры ўвагі сусьветных мэдыяў”.

Дыпляматычны разьмен

Карбалевіч: “Кажуць пра дыпляматычны разьмен. Нібыта былі тайныя дамоўленасьці, што Лукашэнку прымуць у Рыме на самым высокім узроўні, калі ён адмовіцца ад наведваньня Прагі. Што вы пра гэта думаеце?”

Сіліцкі: “Я так ня думаю. Прапрацоўка візыту Лукашэнкі ў Ватыкан пачалася ад 2002 году. Ён вырашыў зрабіць стаўку на экумэнізм і паспрабаваць зарабіць мэгапалітычны капітал, арганізаваўшы сустрэчу ў Беларусі папы рымскага і патрыярха маскоўскага. Са зьменай асобаў на гэтых пасадах акно магчымасьцяў для вырашэньня такой задачы пашырылася. Цяпер пасад папы рымскага займае немец, а не паляк, што для беларускіх уладаў вельмі важна, а Кірыл — гэта не Аляксій ІІ. Сцэнар гэтай паездкі Лукашэнкі ў Ватыкан — беларускі, а не расейскі ці эўрапейскі.

Што да сустрэчы Лукашэнкі з Бэрлюсконі. Калі казаць пра Італію, у кожнай краіны ёсьць права адстойваць свае інтарэсы. Эўрапейскія палітыкі таксама розныя. Вацлаваў Гавэлаў сярод іх няшмат. Там ёсьць кіраўнікі, зь якімі нават Лукашэнка мае супадзеньне ў сьветапоглядзе (не ў каштоўнасьцях).

Думаю, ёсьць пэўнае супадзеньне ў сьветапоглядах паміж Лукашэнкам і Бэрлюсконі. Гэта людзі, якія любяць уладу і разумеюць палітыку як спосаб вырашэньня асабістых і групавых інтарэсаў, максымізацыі ўлады і багацьця. Дзеля гэтага не абавязкова быць дыктатарам, можна быць і дэмакратычным палітыкам, а працаваць па-над каштоўнасьцямі. Калі Бэрлюсконі можа працаваць з Пуціным, Кадафі, то чаму ён ня можа працаваць з Лукашэнкам? Тым больш што пэўны дыпляматычны мінімум Італія выканала. Маю на ўвазе ліст міністра замежных спраў Італіі з напамінам пра неабходнасьць выконваць правы чалавека.

Нарэшце, існуе дыпляматычны пратакол, паводле якога кіраўнік дзяржавы, які прыяжджае ў Ватыкан, сустракаецца і з кіраўніцтвам Італіі высокага ўзроўню.

Што тычыцца пратэстаў некаторых краінаў супраць уключэньня Беларусі ў праграму “Ўсходняе партнэрства”, то праблема ў тым, што яны ўвогуле ня хочуць бачыць краіны Ўсходняй Эўропы ў ЭЗ ці ў нейкім інтэграцыйным зьвязе з ЭЗ. І каб блякаваць гэтыя працэсы, яны выкарыстоўваюць рыторыку каштоўнасьцяў”.

Карбалевіч: “Існуе вэрсія, што Лукашэнка ня едзе ў Прагу, каб не псаваць адносінаў з Расеяй”.

Пазьняк: “Апошнія месяцы Лукашэнка трымаецца тактыкі “ківача”: то рэвэранс у бок Эўропы, то рэвэранс у бок Масквы. Ёсьць інфармацыя, што цяпер Крэмль абмяркоўвае пытаньне, каб правесьці саміт СНД у Маскве напярэдадні Дня Перамогі. Ён можа быць якраз прымеркаваны да саміту “Ўсходняга партнэрства”. І, магчыма, Лукашэнка паедзе ў Маскву. Гэта яшчэ адно тлумачэньне, чаму ён не зьбіраецца ў Прагу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG