Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Азэрбайджан, як і Беларусь, адкідае магчымасьць тэрарызму


Акцыя памяці загіблых у Баку
Акцыя памяці загіблых у Баку

Падзеі ў Баку, дзе ад рукі забойцы загінулі 13 чалавек, выклікаюць шмат пытаньняў адносна асобы забойцы, абставінаў злачынства і дзеяньняў азэрбайджанскіх уладаў. Каб атрымаць больш зьвестак, Свабода зьвязалася зь незалежным журналістам Фарыдам Гахраманавым, які жыве ў сталіцы Азэрбайджану.

Фарыд Гахраманаў кажа, што ў першыя гадзіны мясцовая міліцыя і адміністрацыя Нафтавай акадэміі, дзе адбылася трагедыя, былі ў шокавым стане. Гэтым скарысталіся журналісты, якія змаглі увайсьці ў будынак, зрабіць фота- і відэаздымкі. Фарыда асабліва ўразілі залітыя крывёю калідоры і лесьвіцы, асабліва на 5-ым паверсе акадэміі, дзе загінулі некалькі чалавек. Потым улады схамянуліся і ўсіх журналістаў ды наведнікаў выдалілі з будынку. Як кажа Фарыд Гахраманаў, сёньня там вядуцца сьледчыя дзеяньні. Я нагадаў пра вэрсію аб тэрарызьме, якая узьнікла ў СМІ. Ці мае яна рэальныя падставы для існаваньня?

Месца трагедыі ў Баку
“Афіцыйна ўлады абвяргаюць палітычныя матывы, кажуць, што гэта трагічнае здарэньне. Але незалежныя экспэрты мяркуюць, што гэта была добра сплянаваная акцыя. Бо ў забойцы было каля 100 патронаў, зь іх ён выкарыстаў 29. Прычым 26 патрапілі ў цэль. Гэта сьведчыць пра выдатную прафэсійную падрыхтоўку гэтага чалавека. Яшчэ мяркуюць, што ён быў не адзіны, меў сувязь зь нейкай арганізацыяй”.

Паводле майго суразмоўцы, у забойцы, які застрэліўся сам пасьля таго, як застрэліў 13 чалавек і столькі ж параніў, знайшлі пашпарт на імя Фарды Асадава. Гэта пашпарт грамадзяніна Грузіі азэрбайджанскага паходжаньня, сям’я якога жыве ў Падмаскоўі. Два месяцы таму гэты чалавек нібыта прыехаў у Баку з Грузіі ў пошуках працы. Але незалежныя крыніцы не выключаюць, што дакумэнты могуць належаць іншаму чалавеку.

Фарыд Гахраманаў паведаміў цікавую рэч, якая нагадала мне выбух на праспэкце Пераможцаў у ноч на 4 ліпеня мінулага году. Як і ў Менску, у Баку ўлады не заводзяць справы пра тэрарызм:

Студэнцкая маніфэстацыя "Не -- тэрору!"
“Справа заведзеная не паводле палітычных артыкулаў, а адносна злоснага хуліганства, забойства і незаконнага захаваньня зброі. Толькі не тэрарызм. У выніку сёньня, толькі што, была стыхійная акцыя пратэсту студэнтаў, якія пратэставалі супраць тэрору і патрабавалі, каб у краіне афіцыйна быў абвешчаная жалоба. Цікавая заканамернасьць. Летась у нас быў узброены напад на мячэт, потым быў выбух на электрычнай падстанцыі. Таксама загінулі людзі, але справы паводле артыкулу “тэрарызм” улады не завялі. Назіральнікі мяркуюць, што ўлады не прызнаюць тэрарызм, бо тады будзе разбураны міт пра тое, што ў Азэрбайджане нібыта грамадзка-палітычная сытуацыя стабільная. І гэта будзе супярэчыць афіцыйнай прапагандзе, паводле якой у нас усё спакойна, і народ цалкам падтрымлівае ўладу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG