Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель: камуністам не далі дэманстраваць салідарнасьць


Рамонт вуліцы Савецкай у Гомелі

Рамонт вуліцы Савецкай у Гомелі

Гомельскі гарвыканкам не дазволіў прадстаўнікам ПКБ правесьці 1 траўня мітынг на знак салідарнасьці працоўных.

Як паведаміў рэгіянальны кіраўнік ПКБ Уладзімер Сякерка, гарвыканкам спаслаўся на тое, што арганізацыя не заключыла дамовы зь міліцыяй, камунальнікамі й мэдыкамі на абслугоўваньне мітынгу.

Самі гарадзкія ўлады таксама не праводзілі сёлета ніякіх масавых шэсьцяў з нагоды дзяржаўнага Сьвята працы. У горадзе рамантуюць цэнтральныя вуліцы. Як стала вядома, у бліжэйшыя дні ў Гомелі павінна адбыцца сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з прэзыдэнтам Украіны Віктарам Юшчанкам.
Сьвяточны канцэрт не сабраў шмат публікі

У першай палове дня афіцыйныя сьвяточныя канцэрты ў горадзе ладзіліся на паасобных пляцоўках. Гараджанаў на гэтых канцэртах, па сутнасьці, не было. Прысутнічалі хіба толькі прадстаўнікі раённых адміністрацый ды міліцыянты-ахоўнікі.

На думку сябра Партыі камуністаў Беларускай спадарыні Марыі, Першамай для кожнага сумленнага працаўніка — гэта найперш сьвята салідарнасьці:

“Гэта дзень, калі мы ўзгадваем тых людзей, якія мужна адстойвалі свае працоўныя правы. І нават ахвяравалі сваім жыцьцём.

Літаральна ўчора я знайшла ў сваёй паштовай скрыні ўлётку, прысьвечаную 1 траўня. У ёй гаворыцца ня толькі пра падзеі мінулых часоў, але й пра сёньняшні дзень. У прыватнасьці, пра працоўныя кантракты. Наймальнікі ў Беларусі нярэдка парушаюць умовы працоўных кантрактаў. Кантракты й так пагоршылі становішча людзей працы, і калі на дадатак парушаюцца і ўмовы кантрактаў, то людзі трапляюць як бы ў рабства.

Аўтары ўлётак раяць людзям не маўчаць, паўсюдна змагацца з праявамі парушэньня працоўных правоў. І нават прапануюць бясплатную юрыдычную дапамогу”.
XS
SM
MD
LG