Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачалася кампанія салідарнасьці з Аўтуховічам


Мікалай Аўтуховіч

Мікалай Аўтуховіч

Пікетам каля менскага сьледчага ізалятару пачалася грамадзкая кампанія салідарнасьці з галадоўнікам Мікалаем Аўтуховічам.

СЛУХАЦЬ:


АМОН гвалтоўна разагнаў пікет у падтрымку прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча, які актывісты дэмакратычнага руху выставілі каля менскага ізалятару часовага ўтрыманьня на вуліцы Валадарскага. Пра гэта “Свабодзе” паведаміў актывіст Андрэй Кім. Нагадаем, Мікалай Аўтуховіч галадуе з 16-га красавіка, пратэстуючы супроць незаконнага перасьледу. Андрэй Кім паведаміў, як праходзіла акцыя.

“Аб 11-й гадзіне мы сталі насупроць “Валадаркі” з партрэтамі Мікалая Аўтуховіча і ягоных паплечнікаў Юрыя Лявонава і Ўладзімера Асіпенкі. Нас было болей за 10 чалавек — з “Эўрапейскай Беларусі”, “Маладога фронту”, іншыя. Літаральна праз 5 хвілін зьявіліся амапаўцы і аўтазак. Пікетоўцы паселі на тратуар, але іх гвалтам падымалі і штуршкамі выцесьнілі ўніз, да Нямігі. Мяне некалькі разоў ударылі. Карацей, стандартнае заканчэньне акцыі. Але мы пасьпелі заклікаць мінакоў прыходзіць на акцыі салідарнасьці на Кастрычніцкую плошчу. Такія акцыі будуць праходзіць кожны дзень а 18-ай гадзіне. Будзем патрабаваць вызваленьня Аўтуховіча, Лявонава і Асіпенкі. Толькі наша агульная салідарнасьць можа ім дапамагчы”.

Паводле Андрэя Кіма, затрыманьняў падчас пікету не было.

Былыя палітвязьні абмяркоўваюць іншыя захады салідарнасьці зь Мікалаем Аўтуховічам. У тым ліку не выключаецца эстафэтная галадоўка. Пра намер удзельнічаць у эстафэтнай галадоўцы ў падтрымку Мікалая Аўтуховіча ўжо заявілі Аляксандар Казулін, Андрэй Кім, праваабаронца Алег Волчак. Паводле Андрэя Кіма, галадоўка пакуль не пачалася, бо трэба ўзгадніць пэўныя арганізацыйныя моманты.
Узьнікла праблема з чыстай вадой — перадаваць з волі ваду забаранілі

Як пачуваецца Мікалай Аўтуховіч?

Адвакат Павал Сапелка бачыўся са сваім падабаронным тыдзень таму. Адвакат кажа, што Мікалай Аўтуховіч тады трымаўся бадзёра, але выглядаў стомлена і сам прызнаваў, што пачуваецца “як на 30 дзень галадоўкі”. “Узьнікла праблема з чыстай вадой — перадаваць з волі ваду забаранілі, а ў турэмнай краме можна набыць толькі газаваную”, — паведаміў адвакат. Як Аўтуховіч выходзіць са становішча?

“Даводзіцца яму сядзець і боўтаць лыжачкай у шклянцы, каб газ выйшаў”, — распавёў Павал Сапелка. Зноў наведаць падабароннага Аўтуховіча адвакат зьбіраецца на пачатку наступнага тыдня.

Мікалай Аўтуховіч таксама дамагаецца спыненьня перасьледу сваіх аднадумцаў Юрыя Лявонава і Ўладзімера Асіпенкі, якія знаходзяцца пад вартай у ізалятары на Валадарскага. Пра іх зьвестак вельмі мала. Дачка прадпрымальніка Юрыя Лявонава Юля кажа, што яе бацька месяц таму лячыўся ў турэмным шпіталі і яшчэ папраўляе здароўе. Сьледчых дзеяньняў зь ягоным удзелам не вядзецца, кажа Юля Лявонава. Ці ведае Юрый Лявонаў пра галадоўку Мікалая Аўтуховіча?

“Ня ведаю, бо ягоныя лісты даходзяць вельмі рэдка. Відаць, частка лістоў увогуле не даходзіць”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG