Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Несьвяточнае сьвята ў Менску


У Менску сёлета 1 траўня сьвяткавалі сьціпла — без дэманстрацыі і народнага гуляньня. Каля будынку Нацыянальнай бібліятэкі адбыўся афіцыйны мітынг са словамі падзякі Аляксандру Лукашэнку за клопат аб працоўных. Людзей на мітынг прывезьлі па разнарадцы кіраўніцтва і прапускалі толькі пасьля праверкі мэталашукальнікам.

СЛУХАЦЬ:


Вы – карэспандэнт "Свабоды". Фота зь Першамаю

Каля будынку Нацыянальнай бібліятэкі стаяў натоўп слухачоў, у якім са сцэны лёгка можна было адрозьніць асобныя групы. У адных былі аднолькавыя бэйсболкі, іншыя трымалі аднолькавыя балёнікі ці сьцяжкі.

Дзяўчаты ў форме правадніц цягніка прадстаўлялі прафсаюз чыгуначнікаў.

Мэдыкі казалі, што таксама прыйшлі на мітынг згодна з разнарадкай.

Спадарыня: “Мы прафсаюз Партызанскага раёну работнікаў дашкольнай адукацыі”.

Спадарыня: “1 траўня — гэта сьвята працы. Яно ідзе cпакон веку ад нашых бацькоў і перадаецца нам”.

Хлопец: “Мы прыйшлі ад 10-й бальніцы. Ну, там мае бацькі працуюць. Яны прыйшлі, і мы разам зь імі. Гэта сьвята працы... Ну, відаць, працаваць сёньня ня трэба, а трэба адпачываць”.

Хлопец: “Мы студэнты. Прыйшлі падтрымаць мітынг. Вось гэты, законны”.

Студэнт: “Я зь сябрамі прыйшоў дзеля масоўкі”.

Дзяўчына ў форме правадніцы: “Колькі скажуць, столькі і будзем стаяць. Нам не казалі, колькі часу давядзецца”.

Спадар: “Тут і правадніцы, і білетныя касіры, і вучні чыгуначнага каледжа. Яны апранутыя ў форму, бо была такая каманда. Ніхто не разьлічваў, што будзе такое надвор’е. Тым ня менш моладзь саграецца так, што, я думаю, усё будзе нармальна. Сьвята ўдалося”.

На пляцоўцы было шмат супрацоўнікаў міліцыі і спэцназаўцаў у форме і ў цывільным. Летась ім давялося літаральна на руках па адным выносіць з натоўпу апазыцыянэраў, якія прыйшлі на мітынг са сваімі расьцяжкамі.

Сёлета апазыцыянэры вырашылі ня ладзіць вулічных акцый.
Мікола Статкевіч

Старшыня аргкамітэту дзеля стварэньня сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная Грамада” Мікола Статкевіч летась адседзеў 10 сутак арышту за ўдзел у першатравеньскай акцыі. Ён паведаміў “Свабодзе”:

“Лічу, што сацыяльны пратэст у грамадзтве яшчэ не сасьпеў. Цяпер магчымы палітычны пратэст. Застаецца несанкцыянаваная акцыя. Але будзе акцыя, заяўленая на 14 траўня “Маладым фронтам”, нашым партнэрам па “Эўрапейскай кааліцыі”.

Можа атрымацца як летась, калі людзей пахапаюць, адпусьцяць, завочна дадуць нейкія тэрміны, а потым будуць выхопліваць напярэдадні розных акцый.

Мы меркавалі правесьці акцыю салідарнасьці з тымі палітвязьнямі, якія цяпер ёсьць у Беларусі, але Ўправа БНФ, на жаль, адмовіла нам у сваім памяшканьні”.

Сёлета Партыя камуністаў Беларуская таксама вырашыла абысьціся бяз вулічных мерапрыемстваў.
Сяргей Вазьняк

Гаворыць прэсавы сакратар партыі Сяргей Вазьняк:

“Відавочна, што Менгарвыканкам нам бы адмовіў або накіраваў нас на Бангалор, а гэта нікому не цікава.

Сёньня Лукашэнка ў сваім звароце да народа сказаў, што ў нашай краіне Першамай стаў сымбалем радасьці працы. Але ва ўсім сьвеце гэта ж сымбаль барацьбы працоўных за нармальныя, лепшыя ўмовы працы.

Беларускія ўлады, сапраўды, пры падтрымцы афіцыйных прафсаюзаў ператварылі Першамай у мерапрыемства, дзе можна выпіць гарэлкі і паесьці шашлык”.

Тым часам побач з будынкам Нацыянальнай бібліятэкі за столікамі людзі сапраўды пілі гарэлку і закусвалі шашлыкамі. Сёлета толькі музычны рэпэртуар адрозьніваўся ад таго, які традыцыйна чуваць у афіцыйныя сьвяты.


Леанід Козік






Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG