Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Магілёў: памятны знак ахвярам масавых расстрэлаў


У Магілёве зьбіраюцца ўзьвесьці памятны знак на месцы масавага зьнішчэньня людзей за савецкім часам. Цяпер гэтае месца на праспэкце Дзімітрова, насупраць магілёўскага мясакамбінату, пазначанае драўляным крыжам. Яго тут усталявалі ў 1990 годзе актывісты дэмакратычных суполак гораду.


Ларыса Шукайла
Ініцыявала ўзьвядзеньне памятнага знаку старшыня магілёўскай суполкі Таварыства ахвяраў палітычных рэпрэсіяў Ларыса Шукайла. Паводле яе, спачатку праект знаку разглядалі ў тапанімічнай камісіі гарвыканкаму:

“Прыйшлі да высновы, што сапраўды там трэба ставіць помнік, бо месца даўно вызначанае, а крыж састарэў. Сказалі дапрацаваць эскіз. Асноўная ідэя, каб увасобіць розныя канфэсіі, бо гэта агульная магіла, там расстрэльвалі людзей ўсіх нацыянальнасьцяў і веравызнаньняў”.

Разглядала ініцыятыву Ларысы Шукайлы й каардынацыйная рада прадзяржаўных грамадзкіх арганізацыяў і палітычных партыяў Магілёўскай вобласьці. Гаворыць сакратар рады Барыс Зінкевіч:

“Прыйшлі да высновы, што ў знаку не павінна быць рэлігійнай сымболікі. Замена павінна адбыцца на нейкі камень, альбо яшчэ на нешта. Вось за гэта ў асноўным усе й прагаласавалі. Трэба гэта месца будзіраваць, зьбіраць гістарычныя зьвесткі, каб там прозьвішчы былі”.

Расстрэльваць людзей у яру, каля неіснуючай сёньня вёскі Папоўка, пачалі бальшавікі яшчэ ў 1918 годзе. Першымі ахвярамі іх рук сталі каталіцкія сьвятары. 28 лютага 1918 году бальшавікі забілі дэкана магілёўскага касьцёлу Яўгена Сьвятаполка-Мірскага. Ягонае зьнявечаныя цела пахавалі толькі праз два месяцы.

Усталяваньне памятнага знаку на месцы расстрэлу каталіцкіх сьвятароў у касьцёле пакуль не камэнтуюць. Калі ён там будзе, тады будзе пра што гаварыць. Тыя падзеі ня можна ня памятаць. Там страшэннае месца, зазначаюць каталікі.

Міхась Булавацкі з дачкой аднаго з растарляных Ядзьвігай Антонаўнай. Яе бацьку растралялі ў 1937 годзе ў кар’еры па-над якім цяпер крыж
Страляць людзей пачалі зноўку ў 1937 годзе. Факты масавых забойстваў выявіліся выпадкова. У 1987 годзе будаўнікі для сваіх патрэбаў бралі пясок з кар’еру ды знайшлі чалавечыя парэшткі. Кастрычніцкі райвыканкам Магілёва пастанавіў стварыць тады адмысловую камісію. Згадвае грамадзкі актывіст Міхась Булавацкі:

“Тады прызналі, што пэрыяд забойстваў людзей не ўстаноўлены. Матэрыялы дзейнасьці той камісіі зьнішчаныя. Я гутарыў з судмедэкспэртам. Ён адназначна казаў, што гэта менавіта даваенныя расстрэлы. Шмат доказаў, што гэта не фашысты расстрэльвалі людзей”.

Паводле спадара Булавацкага, крыж памяці па ахвярах бальшавіцкага тэрору ўсталявалі на восеньскія дзяды ў 1990 годзе. Ён вітае ўсталяваньне памятнага знаку, аднак яго непакоіць, ці будзе на ім напісана праўда.

Ад 1990 году да крыжа на дзяды прыходзяць актывісты дэмакратычных арганізацыяў, сваякі забітых тут людзей ды жыхары суседніх дамоў, каб ушанаваць малебнам, сьвечкамі ды вянкамі ахвяраў 1918 і 1937 гадоў.
XS
SM
MD
LG