Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Вільню ўратавала літоўскасьць, а не беларускасьць”


Кася Сьцяпанава

Кася Сьцяпанава

Грамадзкая рэдактарка гэтага тыдня – першакурсьніца Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту ў Вільні, віцяблянка Кася Сьцяпанава.


– "У Беларусі зь Вільняй няма нічога агульнага!"

Колькі ж разоў за таго паўгоду, што жыву тут, я чула такія выказваньні! Мы, студэнты ЭГУ, значна ўдасканальваем веданьне гісторыі да разьвіваем аратарскае майстэрства, як спрачаемся са знаёмымі літоўцамі на гэтую тэму.

Кася Сьцяпанава - віцяблянка, першакурсьніца Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту ў Вільні. Пераможца конкурсу эсэ на тэму “Што для мяне ёсьць Беларусь”, праведзенага ў межах кампаніі "Будзьма", міжнародных літаратурных конкурсаў ЗБС "Бацькаўшчына". Навучаецца па спэцыяльнасьці "масавыя камунікацыі і журналістыка". Кася захапляецца сучаснай літаратурай і хэндмэйдам.

Аднойчы я стала сьведкай падобнай дыскусіі паміж беларускім навукоўцам-гісторыкам і віленскімі кабетамі, што ехалі са мной у адным вагоне зь Вільні да Менску. Я добра памятаю: скончылася ўсё тым, што “эгушнікі”, якія былі там жа, адарваліся ад свайго клопату і сталі голасна падтрымліваць земляка. А ён даводзіў, што Вільня – гэта неад’емная частка беларускай культуры і гісторыі.

Неяк я прывезла зь Беларусі майму літоўскаму суседу па інтэрнаце сувэнірную гарэлку “Князь Вітаўт”. Гэтая назва дужа яго расьсьмяшыла і стала прадметам чарговай спрэчкі на тэму, якога ж князя так ушанавалі – літоўскага ці беларускага?

Мы, пакаленьне, якое дакладна ведае: Гедымін, Вітаўт, Міндоўг – нашы. Недарэмна ж настаўнікі па гісторыі Беларусі так старанна прымушалі вучыць, хто за кім княжыў.

А літоўцы ўпарта называюць іх Гедымінасам, Вітаўтасам, Міндаўгасам і лічуць пэрсанажамі толькі літоўскай гісторыі. І ў якасьці аргумэнтаў яны часта паўтараюць, што каб гэта былі беларускія князі, дык іх бы памяталі ў Беларусі.

Аднак разам з тым праспэкт у гонар нашага, здавалася б, Гедыміна – у Вільні, вялікая колькасьць хлопцаў, якіх завуць Міндаўгас, – таксама тут. І гэта слушна, згадзіцеся. Асабіста я зь беларускіх знаёмцаў ведаю толькі пару Вітаўтаў.

Пэўна, мы самі выракаемся віленскай беларушчыны. Праглядзіце, якія экскурсіі ў Вільню ладзяць беларускія турыстычныя агенцыі. Яны прапануюць наведаць забаўляльны комплекс “Акропаліс” ды аквапарк – замест Лукіскага пляцу ды могілкаў Росы, дзе пахаваныя Ўладзіслаў Сыракомля, Ядзьвігін Ш. ды іншыя выбітныя дзеячы нашай культуры.

Я не хачу, каб сувязь паміж Вільняй і Беларусьсю гублялася. Тым ня менш, даводзячы, што Вільня – “наша”, мусім памятаць: гэтая асаблівая віленская атмасфэра і большасьць архітэктурных помнікаў захаваліся тут дзякуючы таму, што “савецкія атэісты” не разбурылі ўсяго ўшчэнт, як у Беларусі.

Літоўскасьць уратавала Вільню, а не беларускасьць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG