Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікалай Аўтуховіч галадуе з 16-га красавіка. Сярод захадаў, якія актывісты зьбіраюцца прапанаваць ў падтрымку прадпрымальніка, – эстафэтная галадоўка, кшталту тых, якія двойчы праходзілі ў падтрымку Аляксандра Казуліна, калі ён знаходзіўся ў віцебскай калёніі.

Сам Аляксандр Казулін таксама зьбіраецца ўдзельнічаць ў акцыі.

“Мікалай Аўтуховіч галадуе, і гэта для яго вельмі небясьпечна. Таму 1-га траўня мы вырашылі яго падтрымаць. Я таксама буду ўдзельнічаць”.

Ініцыятыва тэрмінова падтрымаць Мікалая Аўтуховіча сыходзіць ад былых палітвязьняў. Сярод іх маладзёвы актывіст Андрэй Кім, які выйшаў на волю ў жніўні мінулага году пасьля больш як паўгода зьняволеньня ў бабруйскай калёніі. Андрэй кажа, што кожны дзень знаходжаньня ў беларускай вязьніцы – сур’ёзнае выпрабаваньне, а тым больш у стане галадоўніка.

“Зараз у турме ягоныя правы на жыцьцё, на справядлівы суд парушаюцца. Усе мы ведаем, якія там умовы. Нагадаю, былы міністар Навумаў яшчэ 2-га сакавіка сказаў, што нібыта хутка, недзе праз тыдзень, справу перададуць ў суд. Але мінула ўжо два месяца, а мы бачым, што Аўтуховіч і Лявонаў з Асіпенкам усё сядзяць, а сьледчых дзеяньняў зь іх удзелам ніякіх не праводзіцца. І такое ўражаньне, што ніхто не рыхтуе суд, а іх проста трымаюць за кратамі”.

Праваабаронца Алег Волчак быў сярод тых, хто летась удзельнічаў у эстафэтнай галадоўцы у падтрымку Аляксандра Казуліна – галадаваў за яго вызваленьне тры дні. Алег Волчак кажа, што далучыцца і да галадоўкі салідарнасьці з Мікалаем Аўтуховічам.

“І тады гэта дало эфэкт і зараз, мяркую, будзе плён. Бо галоўнае, што пра нашу падтрымку ім стане вядома. Што пра іх не забылі, іх падтрымліваюць”.

Нагадаю, Мікалая Аўтуховіча арыштавалі 8-га лютага паводле падазрэньня у падрыхтоўцы ўзброенага замаху на міліцыянта. Галадоўнік патрабуе альбо завяршыць сьледзтва і перадаць справу ў суд, альбо вызваліць яго пад падпіску пра нявыязд і працягваць расьсьледаваньне колькі заўгодна. Таксама Мікалай Аўтуховіч дамагаецца спыненьня перасьледу Юрыя Лявонава і Ўладзімера Асіпенкі, якія былі арыштаваныя ў Ваўкавыску і праходзяць зь ім па адной справе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG