Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макей ухваліў прапановы Багданкевіча


Уладзімер Макей
Уладзімер Макей

30 красавіка ў Менску адбылося паседжаньне Грамадзка-кансультатыўнай рады пры Адміністрацыі прэзыдэнта, якую ачольвае кіраўнік адміністрацыі Ўладзімер Макей.

На ім абмеркавана стратэгія разьвіцьця эканомікі Беларусі ва ўмовах усясьветнага крызісу.

Паседжаньне цягнулася каля трох гадзінаў. З асноўным дакладам, падрыхтаваным у суаўтарстве зь Леанідам Заікам, выступіў Станіслаў Багданкевіч. Даклад на 80% быў пабудаваны на антыкрызіснай плятформе Аб’яднаных дэмакратычных сілаў. Судакладчыкамі былі Аляксандар Патупа і Ўладзімер Карагін. З боку ўраду выступіў намесьнік міністра эканомікі Андрэй Тур.

Спадар Багданкевіч станоўча ацэньвае вынікі паседжаньня, хоць з боку прадстаўніка ўраду былі некаторыя канфрантацыйныя пытаньні і непрыманьне. Аднак прапановы незалежных экспэртаў прынятыя радай і накіраваныя ва ўрад для разгляд:

Станіслаў Багданкевіч
“Ён высока выказаўся. Сказаў, што гэта сыстэмны, салідны, сур’ёзны даклад. Адзіны ў яго сумнеў, ці можна ва ўмовах крызісу ісьці на кардынальныя рынкавыя пераўтварэньні. Магчыма, гэта трэба, але трэба, калі мы з дапамогай дзяржавы пераможам крызіс”.

Нягледзячы на тое, што ў выступе спадара Багданкевіча была пераважна крытыка эканамічнай палітыкі, яго падтрымаў і былы міністар эканомікі, рэктар эканамічнага ўнівэрсытэту Ўладзімер Шымаў. Але ці ёсьць спадзяваньне, што прапановы будуць рэалізаваныя?

“Зусім не. Я маю на ўвазе, што яны не адрынутыя. І атрымаюць далейшае абмеркаваньне ва ўрадзе, які валодае рэальнай уладай. Бо гэта ж проста рада. Я на гэта і разьлічваў. Бо трэба ўзяць уладу, каб потым нешта рэалізоўваць. А тое, што мы раім, мы раім зыходзячы з добрай волі тых, хто мае ўладу. Але тое, што рада ўсё ж падтрымала і афіцыйна накіроўвае на разгляд мой даклад без купюр (так сказаў Макей), — гэта ўжо дасягненьне”.

Наступнае паседжаньне рады адбудзецца напрыканцы траўня — пачатку чэрвеня. На ім плянуецца разгледзець па прапанове Ўладзімера Макея пытаньні гуманізацыі пакараньняў і ўтрыманьня пад вартай. Паседжаньне плянуецца выязным, у адной з пэнітэнцыярных устаноў. Чакаецца, што адным з дакладчыкаў будзе старшыня БХК Алег Гулак.

Сябра рады Ўладзімер Нісьцюк патлумачыў:

Уладзімер Нісьцюк
“Думаю, што мы падрыхтуем сур’ёзныя прапановы і дакумэнты, якія змогуць гуманізаваць усю гэтую сытуацыю. Перанесьлі выбарчае заканадаўства на пазьнейшы тэрмін, бо цяпер ідзе прапрацоўка гэтых пытаньняў з АБСЭ, Цэнтарвыбаркамам і іншымі структурамі. І нам будуць прапанаваны прапрацаваныя варыянты. Будзем ужо карыстацца тым, што будзе напрацавана, і выказваць свае думкі”.

У паседжаньні бралі ўдзел таксама Алег Трусаў, Вячаслаў Оргіш, Пётар Марцаў, Юры Зісер, Мікалай Чаргінец, Міхаіл Русы ды іншыя. Першае паседжаньне рады адбылося 6 лютага. Другое па ліку пераносілася ад сакавіка з-за візыту спадара Макея ў Кітай і з-за ягонай хваробы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG