Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская апазыцыя ў Варшаве


Радаслаў Сікорскі

Радаслаў Сікорскі

Сёньня ў Варшаве адбылася сустрэча прадстаўнікоў дэмакратычнай апазыцыі Беларусі зь міністрам замежных спраў Польшчы Радаславам Сікорскім і прадстаўнікамі польскага сэйму.

У сустрэчах бралі ўдзел экс-кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Казулін, лідэр руху “За свабоду” Аляксандар Мілінкевіч, старшыня партыі камуністаў Беларускай Сяргей Калякін, намесьнік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка, старшыня БСДП (Грамада) Анатоль Ляўковіч, старшыня БСДГ Станіслаў Шушкевіч, сустаршыня партыі БХД Павал Севярынец і іншыя.

Вінцук Вячорка нагадаў, што ўвосень мінулага году прайшла аналягічная сустрэча прадстаўнікоў беларускай апазыцыі зь міністрам Радаславам Сікорскім:

Вінцук Вячорка
“Безумоўна, за гэты час многія падзеі адбыліся. Цікавілі нас адказы на канкрэтныя пытаньні, сярод якіх — ступень распрацаванасьці “Ўсходняга партнэрства” у дачыненьні да Беларусі і найперш палітычны аспэкт.

Ці думаў хто-небудзь, якія вынікі для ўнутры беларускай сытуацыі можа прынесьці запрашэньне Лукашэнкі ў Прагу? Я так разумею, што дагэтуль сытуацыя падвешаная. Міністар Сікорскі сказаў, што Лукашэнка ў Прагу не паедзе.

Радаслава Сікорскага цікавіла наша ацэнка, наша стаўленьне да самой гэтай ініцыятывы. Мы прапанавалі, і міністар Сікорскі падтрымаў гэтую ідэю, правесьці нараду ці канфэрэнцыю з нашым удзелам, якая датычыць менавіта дэталяў і рычагоў “Усходняга партнэрства”. Ну, а што да сустрэчы з парлямэнтарамі, то мы прапанавалі нават ініцыяваць слуханьні, прысьвечаныя Беларусі і “Ўсходняму партнэрству”. Так што гэтая размова будзе працягвацца, і спадзяюся, нашы засьцярогі будуць пачутыя палякамі.

Сустрэча ў сэйме была вельмі доўгая, больш за тры гадзіны. Безумоўна, размова была ў значна большай ступені ўгрунтаваная на каштоўнасьцях — клопат пра тое, каб у выніку пэўных уніфікаваных рашэньняў у рамках “Усходняга партнэрства” ня быў закансэрваваны рэжым, які па сутнасьці сваёй ёсьць і антыдэмакратычны, і антыбеларускі, і антыэўрапэйскі. Мне здаецца, нашы трывогі многія дэпутаты падзялялі”.
XS
SM
MD
LG