Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці не перабольшаныя маштабы сьвінога грыпу?


На экстраным паседжаньні Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя абвешчана: пагроза глябальнага распаўсюду вірусу сьвінога грыпу падвышаная да пятага ўзроўню. Гэта перадапошняя стадыя небясьпекі —апошні, шосты ўзровень азначае пандэмію, то бок эпідэмію сусьветнага маштабу.

Выпадкі заражэньня атыповай хваробай зафіксаваныя ўжо на ўсіх кантынэнтах, наяўнасьць вірусу лекары правяраюць і ў суседніх зь Беларусьсю дзяржавах — Польшчы, Расеі і Ўкраіне. Міністры аховы здароўя краінаў Эўразьвязу на спэцыяльнай нарадзе абмяркуюць спосабы супрацьстаяньня сусьветнай навале. Між тым лекаў ад сьвінога грыпу пакуль не існуе.

Каб хоць неяк застрахавацца ад вірусу сьвінога грыпу, экспэрты раяць перадусім устрымацца ад наведваньня карантынных рэгіёнаў і не спажываць мясныя прадукты, завезеныя з зонаў рызыкі. Напярэдадні Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі часова прыпыніла пастаўкі мясной прадукцыі з Мэксыкі, ЗША, Канады, Новай Зэляндыі, Гішпаніі, Францыі й Ізраілю. Ад пачатку 2009 году зь пералічаных краінаў агулам імпартавана блізу паўтысячы тон мяса і субпрадуктаў. Аднак якраз у згаданых дзяржавах зафіксаваныя выпадкі заражэньня сьвіным грыпам альбо ёсьць людзі з падазрэньнем на хваробу.

Галоўны санітарны лекар Беларусі Валянціна Качан кажа, што на дадзены момант ня варта перабольшваць пагрозу сьвінога грыпу. Аднак трэба ўлічваць, што колькасьць краінаў, дзе людзі шпіталізаваныя з падазрэньнямі на вірус, няўхільна павялічваецца. Прыкладам, сёньня сьпіс папоўніла Швайцарыя:
Паводле апошніх зьвестак, нібыта вірус ёсьць у Польшчы...

“Пачалося гэта ў Мэксыцы, а на сёньня мы практычна маем зьвесткі пра вірусы зь пяці штатаў ЗША, зафіксаваныя выпадкі ў Францыі, Аўстрыі, іншых краінах. У Расеі падазрэньне на захворваньне — гэта завозны выпадак, жанчына вярнулася з паездкі ў Мэксыку. Але, наколькі мне вядома, у яе гэты штам пакуль не пацьверджаны. Паводле апошніх зьвестак, нібыта вірус ёсьць у Польшчы”.

Факты зьяўленьня вірусу ў памежных зь Беларусьсю дзяржавах пакуль афіцыйна не пацьверджаныя. Аднак у мэтах перасьцярогі на нарадзе беларускіх вэтэрынарных службаў вырашана ўзмацніць дагляд на сельскагаспадарчых прадпрыемствах, падвысіць ступень прапускнога рэжыму і эпідэміялягічнага кантролю на лётнішчах, чыгунцы і на мяжы. Апэратыўны дзяжурны Гомельскага памежнага атраду на мяжы з Украінай пацьвердзіў: пільнасьць у сувязі з пагрозай эпідэміі сёньня на парадак вышэйшая.

“Мы ажыцьцяўляем памежны кантроль, пашпартны кантроль. І, канечне ж, мы маем на ўвазе, што ёсьць гэты момант з захворваньнем: службы санэпідэмстанцыі больш паглыблена праводзяць шэраг мерапрыемстваў, прадугледжаных іх інструкцыямі і ўказаньнямі. Гэта ўласна вэтэрынарны кантроль, а таксама фітакантроль”.
Пры мінімальным падазрэньні ў крэмацыю ідуць нават мясныя бутэрброды...

Аднак найбольшая ўвага — да авіяпасажыраў, якія прыбываюць у Нацыянальны аэрапорт “Мінск”. Такія людзі рызыкуюць найбольш, бо на “паветрана-кропельным” узроўні маюць міжнацыянальныя кантакты ў міжнародных лётнішчах. Як заяўляюць службы аэрапорту, інфармацыя пра стан пасажыраў перадаецца ў наземныя санітарна-карантынныя пасты яшчэ да прызямленьня ляйнэра. Асаблівая ўвага — да прадуктаў, якія ёсьць у багажы: пры мінімальным падазрэньні ў крэмацыю ідуць нават мясныя бутэрброды.

Практычна ва ўсіх выпадках патэнцыйныя носьбіты штаму H1N1 — гэта людзі, якія наведвалі Мэксыку. Там найбольшая колькасьць хворых на сьвіны грып, ёсьць памерлыя. Як кажа мэнэджэр менскай турыстычнай кампаніі, нармальнай эпідэміялягічнай сытуацыі Беларусі спрыяе яе закрытасьць ад зьнешняга сьвету — з-за консульскіх складанасьцяў і дарагоўлі візаў беларусы падарожнічаюць мала і да той жа Мэксыкі не даяжджаюць. Аднак расейцы аблюбавалі мэксыканскую экзотыку, і заразіцца ў часе турпаездак нехта можа:

“Беларусы і расейцы — гэта турысты розны катэгорый, таму тут складана параўноўваць па ўсіх парамэтрах. Беларусы, ды яшчэ ў крызіс, за мяжу едуць мала. А вось у расейцаў зараз усе кірункі запатрабаваныя, а падчас крызісу, як гэта ні дзіўна, яшчэ больш. У актыўны сэзон увогуле складана вылецець фактычна па ўсіх дарагіх кірунках. І Мэксыка ў гэтым сьпісе таксама прысутнічае”.
Беларусы, ды яшчэ ў крызіс, за мяжу едуць мала...

Паводле мэдыкаў, вірус сьвінога грыпу, як і звычайны грып, перадаецца ад чалавека чалавеку паветрана-кропельным шляхам. Сымптомы хваробы аналягічныя — жар, кашаль, боль у горле, ламата, ліхаманка, стомленасьць. Аднак калі “чалавечы” грып можна зьбіць лекамі, то відазьмененая хвароба на аптэчны асартымэнт амаль не рэагуе. Менавіта таму шмат якія краіны засяродзілі свае намаганьні на вакцыне, якая магла б спыніць імклівы распаўсюд заразы.

Аднак некаторыя спэцыялісты лічаць, што наступствы навалы перабольшаныя. Маўляў, неапраўдана, калі панічна глядзяць на кожнага, хто чхне ці кашляне. У гэтым сэнсе яскравы прыклад дае Эгіпет, дзе ў супрацьстаяньні сьвіному грыпу вырашылі зьнішчыць усё сьвіное пагалоўе ў краіне. Ня ўлічваючы пры гэтым таго факту, што штам H1N1 камбінуе генэтычны матэрыял сьвіньні, птушкі і чалавека. Доктар псыхалягічных навук, прафэсар Ігар Фурманаў віну за стварэньне залішняга ажыятажу ў немалой ступені ўскладае на журналістаў:

“Цяпер праблемай больш займаюцца не спэцыялісты, а сродкі масавай інфармацыі. Канечне, я думаю, што пэўная доля трывогі ў чытачоў, гледачоў зьявіцца. Але, наколькі ведаю, нават амэрыканцы вызначылі толькі чацьвёрты ўзровень небясьпекі, адрозна ад Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя. Каб была сытуацыя надзвычай сур’ёзная, выставілі б на мяжы з Мэксыкай непрабівальныя кардоны, калі хвароба сапраўды так імкліва распаўсюджваецца. Ну, і потым — сьвіньні ж быццам не лятаюць... Адзінае, што можа быць, дык гэта эканамічныя санкцыі адносна паставак амэрыканскай ці мэксыканскай сьвініны. Але, па-мойму, яе ніхто асабліва і не купляе, больш актуальная ялавічына. Увогуле, пакуль ня будзе дакладнай інфармацыі мэдыкаў наконт узьнікненьня, што гэта за захворваньне і ці зьвязанае яно ўвогуле са сьвіньнямі, нешта высноўваць цяжка”.
Каб была сытуацыя надзвычай сур’ёзная, выставілі б на мяжы з Мэксыкай непрабівальныя кардоны...

На сёньня выпадкі сьвінога грыпу афіцыйна пацьверджаныя, апроч Мэксыкі, у ЗША, Канадзе, Пэру, Вялікай Брытаніі, Гішпаніі, Нямеччыне, Аўстрыі, Швайцарыі, Ізраілі, Новай Зэляндыі. У шэрагу эўрапейскіх краінаў адзначаныя падазрэньні на хваробу, якія пакуль не атрымалі пацьверджаньня. Так, сёньня літоўскія СМІ паведамляюць: літовец, які нядаўна вярнуўся з Мэксыкі, зьвярнуўся ў лябараторыю цэнтру вірусалёгіі, дзе ў яго знайшлі грып тыпу А. Пробу накіравалі на дадатковую экспэртызу ў Лёндан.

Эпідэміёлягаў усяго сьвету найбольш непакоіць магчымасьць пандэміі, якая можа прывесьці да глябальнай катастрофы. За ўзор пры гэтым бяруць наймацнейшую эпідэмію 1918 году. Так званы “гішпанскі грып” выклікала менавіта разнавіднасьць штаму H1N1. Паводле сучасных ацэнак, тады заразіліся 40% насельніцтва сьвету, а каля 50 мільёнаў памерлі.

Спэцыялісты спадзяюцца, што трагічнага зыходу не дапусьціць сучасная мэдыцына, якая здольная нашмат больш апэратыўна, чым 90 гадоў таму, рэагаваць на падобныя выклікі. Аднак экспэрты Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя ўзровень небясьпекі пандэміі сёньня назвалі вельмі высокім: лепш перастрахавацца, чым недаацаніць ворага.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG