Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржаўны мытны камітэт прапануе ў пяць разоў зьнізіць норму бяспошліннага правозу празь дзяржаўную мяжу тавараў асабістага карыстаньня і гэтым падвысіць прыбыткі ў бюджэт. А як адаб’ецца навацыя на кішэнях грамадзянаў?

СЛУХАЦЬ:


Цяпер тавары асабістага карыстаньня не абкладаюцца мытам, калі іхні кошт ня большы за 1 тысячу эўра. Згодна з прапановай дзяржаўнага мытнага камітэту гэту норму могуць зьнізіць у 5 разоў, да 200 эўра. Такім чынам, кожны, хто перасячэ мяжу з падарункамі ці пакупкамі для асабістага карыстаньня, даражэйшымі за гэтую суму, павінен будзе заплаціць пэўнае мыта.

Пра падрыхтоўку навацыі паведаміў падчас онлайн-канфэрэнцыі ў БелТА намесьнік старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэту Сяргей Барысюк учора, 29 красавіка. Сёньня я пазваніў у прэсавую службу рэспубліканскай мытні, каб спраўдзіць гэтыя зьвесткі. Кіраўнік прэсавай службы спаслаўся ўсё на таго ж спадара Барысюка:

Сяргей Барысюк
“Гэта была онлайн-канфэрэнцыя на БелТА. Таму можаце спасылацца на БелТА. Але гэта пакуль праект. Камэнтаваць няма чаго”.

Зьвязацца з самім Сяргеем Барысюком не ўдалося. Дзяжурны тэлефону чыноўніка не паведаміў, а памочнік намесьніка спадар Зьміцер Гузік не падняў слухаўку.

Як можа адбіцца новы парадак абкладаньня мытам на паездках грамадзянаў празь мяжу? Паводле тлумачэньняў Сяргея Барысюка, дадзеных ім у інтэрнэце, грамадзянам давядзецца дэкляраваць дарагія тавары, зь якімі яны выяжджаюць і зьбіраюцца вярнуцца. Прыкладам, чалавек едзе з фотаапаратам замежнай вытворчасьці, кошт якога большы за 200 эўра. Каб пры вяртаньні не плаціць за фотаапарат мыта, трэба будзе задэкляраваць яго перад выездам з краіны. “Але калі чалавек набыў гэтую тэхніку за мяжой, яму давядзецца заплаціць мыта”, — папярэджвае адказны супрацоўнік мытні Сяргей Барысюк. Паводле яго, гэта ж будзе тычыцца любых рэчаў, купленых за мяжой, коштам больш за 200 эўра. Новаўвядзеньне ня будзе закранаць грамадзянаў Расеі. “Мытная прастора ў нас адна, але парадак мытнага рэгуляваньня розны”, — паведамілі ў мытным камітэце.

Міхал Залескі
Незалежны эканаміст Міхал Залескі мяркуе, што новы парадак ударыць па простых грамадзянах, бо значна абмяжуе іх у набыцьці тавараў за мяжой, асабліва тых, якія ў Беларусі ўвогуле не вырабляюць. Што да барацьбы з гандлярамі, якія вязуць тавар бяз мыта, дык, на думку эканаміста, гэта чаўнакоў ня спыніць:

“Вада заўсёды дзірачку знойдзе. Прыкладам, калі я прылятаю з таварам у аэрапорт Масквы, саджуся на цягнік і прывожу ў Беларусь хоць тону тавару бяз пошліны. Ніхто мяне не затрымае. А ў Маскву я прылятаю праз Украіну, праз Латвію і гэтак далей. А новаўвядзеньне будзе працаваць супраць беларусаў, якія едуць у Літву, Польшчу і гэтак далей ды зьбіраюцца вяртацца”.

У дзяржаўным мытным камітэце ня кажуць, калі на беларускіх межах плянуецца ўвесьці новыя мытныя правілы.
XS
SM
MD
LG