Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзесяць год парадкуюць, а канца не відаць


Парадкаваньне Дубравенкі найбольш даецца ў знакі мясцовым жыхарам

У Магілёве прыпынілі парадкаваньне рэчышча ракі Дубравенкі. Прычына — адсутнасьць фінансаваньня. Зацьверджаная летась інвэстыцыйная праграма цяпер пераглядаецца. Калі адновяцца й калі завершацца будаўнічыя працы на Дубравенцы, невядома.


Парадкаваць Дубравенку пачалі яшчэ ў 1997 годзе. За дзесяць гадоў упарадкавалі каля трох кілямэтраў ракі. Праца пачала запавольвацца пасьля адкрыцьця мосту церазь яе. Гэты мост два гады таму адкрываў Аляксандар Лукашэнка.

Паводле супрацоўніка ўправы капітальнага будаўніцтва гарвыканкаму, канчаткова працы спыніліся сёлета ў лютым.

“Камітэт абласны аховы прыроды паведаміў, што інвэстыцыйная праграма, падпісаная прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь, пераглядаецца, і прасілі прыпыніць працы”.

Год таму “Свабода” ўжо паведамляла пра сытуацыю з парадкаваньнем Дубравенкі. Нагодай для матэрыялу было тэлефанаваньне нашага слухача, які ўгледзеў у дзеяньнях будаўнікоў намеры зьнішчыць унікальную магілёўскую мясьціну. Управа капітальнага будаўніцтва тады запэўніла “Свабоду”, што парадкаваньне адбываецца пад наглядам эколягаў і гісторыкаў.

За прамінулы год ня шмат што зьмянілася на рацэ. Пыл, бруд ды смурод. Найвастрэй на гэта рэагуюць тутэйшыя жыхары. Гаворыць адзін зь іх:

“Пачыналі прыгожа, а скончылі дрэнна. Ні фортачкі адчыніць, нічога. Калі тут дажджы, тут наагул не прайсьці. Тут гумовыя боты трэба абуваць. Ад народу я чуў, што няма фінансаваньня. А калі яно будзе, ніхто нічога ня ведае. Пачыналі прыгожа, а скончылі дрэнна”.

На парадкаваньне рэчышча Дубравенкі летась выдзялялася каля аднаго мільярда рублёў. Будаўнікі пасьпелі скарыстаць толькі сто трыццаць пяць мільёнаў. Калі адновяцца працы й калі яны завершацца, ва ўправе капітальнага будаўніцтва ня ведаюць.

“Калі б мы працавалі й сакавік, як належыць, і красавік, то мы б гэты мільярд выпрацавалі недзе ў верасьні”.

Ня ведаюць гэтага і ў абласным камітэце прыродных рэсурсаў і навакольнага асяродзьдзя:

“Указа пра фінансаваньне ў нас пакуль няма. Ёсьць толькі праект. І ў гэтым праекце добраўпарадкаваньне ракі Дубравенкі ёсьць, але калі гэта ўсё пачнецца… Пакуль гэта толькі праект”, — паведаміла супрацоўніца камітэту.

Вядома, што з парадкаваньнем рэчышча ўлада мае намер зьнесьці найстарэйшы ў Магілёве Быхаўскі рынак. Колькі гадоў таму яго перайменавалі ў Магілёўскі. Рынку больш за дзьвесьце гадоў. Ён дае працу не адной тысячы гандляроў.

Парадкаваньне Дубравенкі — дарогі разьбітыя

Тут некалі будзе прычал — калі, невядома

Да моста цераз Дубравенку ўсё ўпарадкавана
XS
SM
MD
LG