Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РПЦ ня мае патрэбы ў пасярэдніцтве Лукашэнкі


У Расейскай праваслаўнай царкве заявілі, што падрыхтоўка да сустрэчы маскоўскага патрыярха Кірыла з папам рымскім Бэнэдыктам XVI пакуль не вядзецца.


Пра гэта паведаміў Радыё Свабода сакратар Аддзелу зьнешніх царкоўных сувязяў па міжхрысьціянскіх дачыненьнях Маскоўскага патрыярхату протаярэй Ігар Выжанаў.

Ён сказаў, што ўчора прыляцеў з Рыму і нічога ня чуў пра такія ідэі наконт сустрэчы папы з патрыярхам у Беларусі.



“Магчымасьць сустрэчы ніколі не адмаўлялася, але павінны быць створаны ўмовы для яе правядзеньня. То бок вырашаны нейкія пытаньні, якія існуюць ва ўзаемаадносінах паміж цэрквамі, — адзначыў айцец Ігар. — РПЦ вялікая. Ня толькі Беларуская царква ўваходзіць у Маскоўскі патрыярхат, а і багата іншых, і ў прыватнасьці Ўкраінская, якая мае праблемы з грэка-каталікамі. У Беларусі, магчыма, сытуацыя лепшая, а на Ўкраіне — іншая. Так што сьвяшчэннаначальле Маскоўскага патрыярхату павінна прымаць да ўвагі ўсе фактары ўзаемадачыненьняў з каталікамі”.

На пытаньне, ці меў А.Лукашэнка мандат ад патрыярха на магчымасьць весьці перамовы з папам рымскім адносна сустрэчы апошняга з патрыярхам у Беларусі, айцец Ігар сказаў, што, зыходзячы зь лёгікі міжцаркоўных дачыненьняў, РПЦ мае прамы кантакт з кіраўніцтвам Рыма-каталіцкай царквы.



“Калі патрыярху трэба пра нешта дамовіцца з папам рымскім, то гэта ўсё робіцца вельмі проста. Для гэтага няма неабходнасьці выкарыстоўваць пасярэднікаў. У нас ёсьць прамы, непасрэдны кантакт з кіраўніцтвам Рыма-каталіцкай царквы.

Мне здаецца, што прэзыдэнт Беларусі можа шчыра перажываць за праваслаўна-каталіцкія стасункі і шчыра жадаць іх паляпшэньня. Гэта яго права вылучаць нейкія ініцыятывы.

Справа ў тым, што ў такіх пытаньнях мы зыходзім зь нейкай аб’ектыўнай, пэўнай сытуацыі. І сустрэчы лідэраў цэркваў арганізуюцца не для таго, каб дапамагчы палітыкам, а для разьвіцьця міжцаркоўнага дыялёгу. Гэта ўсё ж розныя сфэры. То бок сустрэча адбудзецца тады, калі для гэтага сасьпеюць міжцаркоўныя дачыненьні, а не зьнешнепалітычная сытуацыя”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG