Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Бярозаўскім шклозаводзе “Нёман” усе інжынэры і тэхнікі працуюць цяпер па скарочаным графіку. З заўтрашняга дня тут пачнецца сэзон адпачынкаў і для рабочых.


Працаўнікоў шклозаводу найбольш хвалюе, што сёлета не растуць заробкі. Выдувальшчык шкла спадар Алесь кажа:

Спадар Алесь: “У прынцыпе заробак атрымліваем той самы. Прыкладна сярэдні па заводзе — больш за 600 тысяч, а некаторыя могуць атрымліваць каля 300, а некаторыя — і звыш мільёна”.

Рабочыя кажуць, што выжываць стала нашмат складаней. Кажа другі рабочы, спадар Мікалай:

“Цяжкавата даводзіцца, эканомім на харчаваньні, а большая частка грошай ідзе на аплату камунальных. Многія набралі крэдытаў, дзяцей пераважна на платным вучаць”.

Спадар Алесь дадае:

“Ну, недзе нешта шукаем таньнейшае купляць. Лішнюю шмотку ня купіш, толькі самае неабходнае. І паехаць нідзе не паедзеш, бо дарога таксама немалыя грошы каштуе. У адзін бок у Ліду зьезьдзіць — 4 тысячы”.

Рабочыя кажуць, што ўжо з траўня ў іх пачынаецца сэзон адпачынкаў, і галоўная тэма, якая абмяркоўваецца, — каб своечасова выплацілі заробак. Надзею дае тое, што прадпрыемства зараз абслугоўваецца ў новым банку: там, маўляў, не затрымліваюць выплатаў.

А вясной, летам, заўважае мне спадар Мікалай, пражыць становіцца лягчэй. Ратуюць лецішчы.

Спадар Мікалай: “Кожны мае тут побач зь Бярозаўкай надзел зямлі, лецішча. Зараз вось, як выхадныя — Бярозаўка мёртвая, усе на лецішчах бульбу садзяць”.

Шклозавод у Бярозаўцы заснаваны ў 1883 годзе. Першапачаткова гэта было маленькае прадпрыемства з адной шклаварнай печчу і 20 рабочымі. Яно выпускала аптэкарскі і піўны посуд. Цяпер тут асвоены выраб 3 тысяч відаў вырабаў з крышталю, каляровага і бясколернага шкла для хатняга стала, кафэ, рэстаранаў, хатніх і офісных інтэр'ераў. На заводзе працуюць больш як 4 тысячы чалавек.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG