Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Можна будзе сказаць: ЭГУ – зусім не беларускі ўнівэрсытэт"


Грамадзкая рэдактарка гэтага тыдня – першакурсьніца Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту ў Вільні, віцяблянка Кася Сьцяпанава. Яна – пераможца праведзенага ў межах кампаніі "Будзьма" конкурсу эсэ на тэму “Што для мяне ёсьць Беларусь” і міжнародных літаратурных конкурсаў ЗБС "Бацькаўшчына". Навучаецца па спэцыяльнасьці "масавыя камунікацыі і журналістыка". Кася захапляецца сучаснай літаратурай і хэндмэйдам.

ЭГУ – ня самы беларускі ўнівэрсытэт. Гэта я кажу для маладых людзей са значкамі “За свабоду” на заплечніках, з бранзалетамі зь бел-чырвона-белых стужак ды з марамі пра паўтарэньне вычыну Каліноўскага. Многія з такіх хлапцоў і дзяўчат бачаць у ЭГУ ўвасабленьне нацыянальна арыентаванай адукацыі. Калі я паступала сюды, у мяне асаблівых ілюзій на гэты конт і не было. Але я ведаю некалькіх чалавек, мякка кажучы, расчараваных такім становішчам.

Існуе меркаванне, што ЭГУ – “гэта ўсё апазыцыя”. Апазыцыйнасці, на мой погляд, тут сапраўды хапае, а вось беларускасьці – ня надта.

Насуперак стэрэатыпам , мала хто са студэнтаў размаўляе па-беларуску. У асноўным беларускамоўнымі можна назваць “старажылаў” – трэці, чацьвёрты курсы. З малодшых студэнтаў на матчынай штодня размаўляюць адзінкі... Безумоўна, тут ёсьць людзі, якія цікавяцца гісторыяй Беларусі і роднай літаратурай. Але хапае сярод маіх тутэйшых знаёмых, на жаль, і такіх, хто пра абвяшчэньне БНР, прыкладам, да заняткаў па гісторыі толкам нічога ня ведаў.

Выкладчыкі, пэўна, самыя сталыя носьбіты беларускасьці ва ўнівэрсытэце. Дый таксама ня ўсе. Наколькі мне вядома, у Беларускай акадэміі мастацтваў, дзе значная частка заняткаў прысьвечана вывучэньню роднай мовы, літаратуры і гісторыі, больш беларускасьці, чым у нашым ЭГУ. Пасля такіх заняткаў па-беларуску там загаварылі нават тыя, хто раней ня ўмеў. Найперш таму, што гэтага патрабуюць выкладчыкі.

У нас жа ня ўсе выкладчыкі імкнуцца чытаць лекцыі па-беларуску, а з тых, хто і хацеў бы, ня кожны можа. Рэч у тым, што большасьць студэнтаў, пачуўшы беларускую гаворку, адразу просіць гаварыць па-расейску. Таму выкладаць на роднай мове працягваюць самыя, скажам так, прынцыповыя.

Са мной у групе навучаюцца расіянка і літоўка. Безумоўна, ім няпроста ўспрымаць інфармацыю па-беларуску, але астатніх я зразумець не магу – чаму, зьехаўшы зь Беларусі, дзе ім не ставала свабоды або пэрспэктыў, яны ня хочуць заставацца сабой у літоўскім замежжы.

Наколькі мне вядома, ёсьць пляны запрашаць навучацца ў ЭГУ яшчэ больш замежных студэнтаў. Думаю, тады беларускасьці ў Эўрапейскім гуманітарным застанецца яшчэ менш. І тады ўжо хутка можна будзе сказаць: ЭГУ – зусім не беларускі ўнівэрсытэт.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG