Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня павінна адбыцца паседжаньне грамадзка-кансультатыўнай рады, якую ачольвае кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Ўладзімер Макей. На ім зьбіраюцца абмеркаваць эканамічны стан Беларусі ва ўмовах усясьветнага крызісу. Выглядае, аднак, што выбраць рэцэпты для ратаваньня беларускай эканомікі будзе нялёгка, бо што дыскусія закране як найменей шэсьць варыянтаў выхаду з крызісу.

Гэта паседжаньне павінна было адбыцца яшчэ ў сакавіку. Аднак яно некалькі разоў пераносілася. То Ўладзімер Макей зьяжджаў у Кітай, то хварэў.

Але, як стала вядома “Свабодзе”, чальцы рады плённа для сябе скарысталіся дадатковымі тайм-аўтамі. 6 лютага на першым паседжаньні яны дамовіліся пра тое, што дакладчыкам выступіць прафэсар Станіслаў Багданкевіч. Аднак за гэты час зьявіліся яшчэ пяць праектаў: Уладзімера Карагіна, Уладзімера Нісьцюка, Аляксандра Патупы, Алега Трусава і ўрадавая.

Супольная праграма Станіслава Багданкевіча і Леаніда Заікі працэнтаў на 80 пабудаваная на антыкрызіснай плятформе Аб’яднаных дэмакратычных сілаў. Пра яе слухачы “Свабоды” чулі ўжо неаднойчы. Як і пра “Нацыянальную плятформу бізнэсу Беларусі-2009”, якую прэзэнтаваў Уладзімер Карагін.

А што ж прапануюць іншыя? Прафэсар Аляксандар Патупа кажа: гэта хутчэй тэзісы, чым даклад, хаця яны займаюць больш за 20 старонак:

“Там прапануецца наступны блёк з чатырох зьвеньняў. Першае – сур’ёзнае ўзмацненьне гарантый. То бок мы рашаем задачу інвэстыцыйнай бясьпекі. У варунках, калі павялічваюцца крэдыты і незразумела, чым за іх плаціць, калі прадаваць маёмасьць няма каму, ды і невядома, колькі за яе плаціць, правільны кірунак – прыцягваць інвэстыцыі. А для гэтага трэба мяняць інвэстыцыйны клімат.

Значыць, першае – гэта гарантыі. І прыкладаецца праект дэкрэта прэзыдэнта, якія гэтыя базавыя гарантыі дае. Больш таго прадугледжана дырэктыва аб разьвіцьці прадпрымальніцтва. Яе праект таксама прыкладаецца.Там усе асноўныя пункты фармулююцца”.

Прафэсар Патупа кажа і пра наступныя зьвеньні. Другое –абгрунтаваньне праектаў, што адначасова становіцца і сур’ёзным фільтрам супраць карупцыі. Трэцяе – кантроль усіх праектаў незалежнымі экспэртамі. І чацьвёртае – вызваленьне дзейнага заканадаўства ад антырынкавых палажэньняў.

Уладзімер Нісьцюк – у мінулым дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, гаворыць, што ён падрыхтаваў асабістую запіску да праекту Багданкевіча-Заікі:

“Я прапаную праект, які не прынцыпова альтэрнатыўны, але ён пашыраны, ён здымае ўсе жорсткія фармулёўкі спадароў Багданкевіча і Заікі. Напрыклад, яны прапануюць, каб улада знайшла ў сябе сілы публічна абвясьціць усёй краіне, усяму сьвету, што ранейшы эканамічны курс быў няправільны і што трэба яго зьмяняць і ісьці ў Эўропу.

Мне бачыцца, што ёсьць рэчы рэальныя і нерэальныя. І цяпер трэба прапаноўваць уладзе тое, што яна можа рэальна зрабіць. Яна можа гэтага хацець, можа не хацець, але яна можа гэта зрабіць, нават у кан’юнктурных інтарэсах”.

Алег Трусаў – у мінулым дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня -- у сваім праекце аддае асаблівую ўвагу зямельнаму пытаньню:

“Я лічу, што трэба працягваць прыватызацыю зямлі – і для гараджан, і для сялян. Гараджанам даваць у прыватную ўласнасьць 10 сотак – гэта мала. Ім трэба даваць ад 25 да 50 сотак. А сялянам трэба даваць гектар – з правам продажу і стварэньня іпатэчных банкаў. Каб зямля стала сродкам закладу.

Як гараджаніну купіць кватэру ці пабудаваць? Дзе яго маёмасьць? Дайце яму зямлю, ён яе прадасьць ці закладзе ў банк і пабудуе сабе жытло. Такім чынам мы вырашым жыльлёвую праблему. Я супраць таго, каб аддаваць зямлю нейкаму арабскаму ці расейскаму капіталісту. Трэба дазволіць прыватызацыю зямлі толькі грамадзянам Беларусі”.

Што тычыцца ўрадавай праграмы, дык яна паступіла толькі чальцам рады. Гэта вельмі кароткі дакумэнт пра тое, як выходзіць з крызісу, якія захады рабіць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG