Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэмакратызацыя Беларусі: міт ці рэальнасьць?


Прадстаўнікі дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасьці запрошаныя на Кангрэс Эўрапейскай народнай партыі (European People's Party, EPP), які распачаў сваю працу 29 красавіка ў Варшаве. Галоўная тэма Кангрэсу – выбары ў Эўрапарлямэнт 2009 года. У межах форуму у сераду адбылася дыскусія на тэму “Дэмакратызацыя Беларусі: міт і рэальнасьць”.

У абмеркаваньні беларускага пытаньня ўзялі ўдзел прэзыдэнт Эўрапейскай народнай партыі Вільфрэд Мартэнс і генэральны сакратар партыі Антоніо Лопэз. Зь беларускага боку выступалі прадстаўнікі АГП Анатоль Лябедзька і Андрэй Дзьмітрыеў, намесьнік старшыні партыі БНФ Аляксей Янукевіч, старшыня не прызнанага ўладай Саюзу палякаў Беларусі Анжаліка Борыс. На круглым стале прысутнічала каля 60 чалавек. Распавядае старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:

“Мерапрыемства ўдалося. Мы сваёй мэты дасягнулі. Там былі і прадстаўнікі Брусэлю, у прыватнасьці, спадар Тапіёла, дарадца Вярхоўнага прадстаўніка ў пытаньнях агульнай зьнешняй палітыкі і палітыкі бясьпекі Эўразьвязу, Хаўера Саляны. Была дыскусія па так званай новай стратэгіі Эўрапейскага Зьвязу, наконт запрашэньня Лукашэнкі ў Прагу. Мы яшчэ раз прэзэнтавалі нашу стратэгію, наш плян дзеяньняў як унутры Беларусі – мы гаварылі, што акцэнт робім на працу зь людзьмі, менавіта на прасоўваньне нашай антыкрызіснай плятформы. Што тычыцца міжнароднага аспэкту, у нас ёсьць “Дарожная мапа”, і мы гатовы яе абмяркоўваць”.

Без Беларусі кансалідацыя балтыйска-чарнаморскай прасторы наўрад ці магчымая. І праблема ў тым, якую выбраць стратэгію для кансалідацыі гэтай ўсходняэўрапейская прасторы, кажа намесьнік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка:

“З аднаго боку, можна ўзяць і аб’явіць, што Лукашэнка, які ўчора быў кепскі, сёньня стаў добры, і заплюшчыць вочы на ўсё, што робіцца. Гэта блізарукі шлях, які не прывядзе ні да сыстэмных зьменаў, ні да гарантыяў эўрапейскага выбару. І ёсьць другі шлях – усё ж такі ствараць кантэкст да дэмакратычных зьменаў, дабівацца якіх павінны самі мы, беларусы. І гэта палеміка працягваецца. Я магу сказаць па выніках нашага круглага стала, што ёсьць розныя думкі, у тым ліку і сярод Эўрапейскай народнай партыі і нават палітыкаў аднае і тае ж краіны. Так што дыскусія працягваецца”.

На 30 красавіка заплянаваная сустрэча беларускай дэмакратычнай апазыцыі з міністрам замежных спраў Польшчы Радаславам Сікорскім, з дэпутатамі Сэйму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG