Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Галадоўка ў турме: першы ці апошні сродак пратэсту?


Галадоўкі ў беларускіх турмах застаюцца трывалай зьявай. Якім арсэналам сродкаў, каб бараніць правы, валодаюць вязьні?

СЛУХАЦЬ:



Болей за два тыдні ў Менскім сьледчым ізалятары галадуе прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч. Спадар Аўтуховіч пратэстуе супроць незаконнага, як ён лічыць, арышту паводле абвінавачаньня ў падрыхтоўцы збройнага замаху на міліцыянта. Другое патрабаваньне былога аўганца — вызваліць яго зь вязьніцы на час сьледзтва.

Мікалай Аўтуховіч
“Сьледчых дзеяньняў з маім удзелам не вядуць ужо трэці месяц. Навошта мяне трымаць? Хай вызваляюць і далей расьсьледуюць”, — піша Мікалай Аўтуховіч у лісьце на волю. Пайсьці на галадоўку вязень вырашыў таму, што ня бачыць іншых сродкаў узьдзеяньня на ўлады.

У 2006 годзе ў віцебскай калёніі болей за два месяцы галадаваў Аляксандар Казулін, былы кандыдат на прэзыдэнта Беларусі, якога асудзілі за арганізацыю вулічных забурэньняў. Вось ягонае меркаваньне:

Аляксандар Казулін
“Калі знаходзісься па той бок чалавечага жыцьця, то іншага і выйсьця няма. Гэта хоць неяк узьдзейнічае, прымушае нешта рабіць, бо астатняе ўсё не працуе. Гэта такі крык душы”.

Ці ёсьць у вязьняў хаця б фармальна іншыя сродкі для абароны сваіх правоў, акрамя таго, каб рызыкаваць жыцьцём?

Лідэр прадпрымальніцкага руху з Гародні Валер Леванеўскі пералічвае: скаргі ў пракуратуру, суды, нават скаргі на турэмную адміністрацыю. Але вынік — альбо ніякі, альбо мізэрны, мяркуе Валер Леванеўскі, які адбыў за кратамі два гады:

Валер Леванеўскі
“Тэарэтычна магчымасьцяў ня так і мала, але, падкрэсьліваю, тэарэтычна. Таму што гэтыя скаргі фактычна не разглядаюць. А ўсе астатнія формы пратэсту проста немагчымыя — яны могуць прывесьці да пакараньня і нават да павялічэньня тэрміну. Як кажуць самі „зэкі“, іх загоняць „пад крышу“. Гэта значыць — турма ў турме, карцэр”.

Валер Леванеўскі тлумачыць: фармальна паміж скаргай вязьня і ягоным пакараньнем у выглядзе карцэра сувязі ня будзе. Але… Убачылі незашпілены гузік альбо кінуты ня там недакурак, знайшлі пры ператрусе нейкую забароненую рэч — тое ж лязо, каб галіцца — і атрымай карцэр. Магчымасьцяў для прыдзірак у супрацоўнікаў адміністрацыі дастаткова, перакананы спадар Леванеўскі.

Паводле Валера Леванеўскага, ужо сама працэдура азнаямленьня вязьня зь ягонымі правамі — паказчык стаўленьня да гэтай праблемы ў беларускіх турмах:

“З асуджанага ці ўзятага пад варту бяруць падпіску, што з правамі азнаёмлены, тым часам як, па сутнасьці, зь імі ніхто не знаёміў. Гэта вельмі вялікі дакумэнт. Каб ведаць гэтыя правы, трэба іх ня меней за тыдзень вывучаць”.

Сяргей Парсюкевіч
Былы палітвязень Сяргей Парсюкевіч за час знаходжаньня ў шклоўскай калёніі не пісаў скаргаў у пракуратуру, якая назірала за станам законнасьці ў калёніі, але памятае: лісты іншых заставаліся нават без адказу.

Усяго ў органы пракуратуры кожны год са скаргамі зьвяртаюцца звыш 40 тысяч грамадзянаў, і кожная пятая скарга нібыта задавальняецца, паведамілі ў пракуратуры. Якая частка з гэтай статыстыкі тычыцца турмаў — у прэсавай службе Пракуратуры Беларусі высьветліць не ўдалося.

Ці ёсьць галадоўка парушэньнем турэмнага парадку? Намесьнік кіраўніка прэсавай службы МУС Алег Сьлепчанка кажа: фармальная падстава ўзяцца за вязьня, які галадуе, таксама ёсьць.

“Чалавек у вязеньні знаходзіцца ў пэўным рэжыме. Ён можа і ня есьці, але хадзіць у сталовую для прыняцьця ежы ён жа мусіць, там жа неяк гэта адзначаецца. У гэтым пляне галадоўка таксама можа прывесьці да пэўных парушэньняў”.

Сяргей Парсюкевіч трымаў галадоўку падчас адміністрацыйнага арышту пасьля мітынгу пратэсту прадпрымальнікаў у 2007 годзе. Ахоўнік, міліцыянт Аляксандр Дулуб, вывеў яго з камэры і завёў у свой пакой, дзе адбылася бойка. Пра яе прычыны бакі кажуць па-рознаму. Прадпрымальнік Парсюкевіч у судзе казаў, што міліцыянт пачаў біць яго ў твар — вось і мусіў бараніцца, схапіў за рукі. Ахоўнік Дулуб на тым жа працэсе заяўляў, што Парсюкевіч на яго нібыта напаў і паваліў на падлогу. Пытаюся ў Сяргея Парсюкевіча, чаму ён вырашыў бараніцца, а не цярпець і ўжо потым пісаць скаргу і спасылацца на закон?

“Так, законаў хапае, толькі іх ніхто ў турме не выконвае. Паводле закону я мусіў сьцярпець і потым пісаць скаргу. Яе правяраюць і караюць гэтага прапаршчыка, хаця б звальняюць яго са службы. Але хіба так атрымліваецца? Той жа выпадак зь Янай Паляковай паказвае, што ахвяра нападу міліцыянтаў становіцца сама ж вінаватай. Гэта і ў маім выпадку: з ахвяры я стаў вінаватым і атрымаў 2,5 года зьняволеньня”.

Віктар Ганчар
10 гадоў таму, увесну 1999 году, улады арыштавалі віцэ-сьпікера Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Віктара Ганчара, які спрабаваў арганізаваць альтэрнатыўныя прэзыдэнцкія выбары. У ізалятары на Акрэсьціна Віктар Ганчар пачаў галадоўку пратэсту, якая цягнулася некалькі дзён: неўзабаве яму гвалтам улілі ў страўнік фізіялягічны раствор. Зінаіда Ганчар, жонка зьніклага палітыка, ня шмат згадвае падрабязнасьцяў тых дзён:

“Уварваліся, скруцілі… Гэта быў сакавік 1999 году. На пяты дзень ці на шосты… Але імкнуся ня згадваць пра гэта, гэта зусім ня лёгка”.
XS
SM
MD
LG