Лінкі ўнівэрсальнага доступу



Што значыць — Беларусь вяртаецца ў Эўропу?

Гэта сытуацыя, калі вы ўключаеце Euronews, а там, адразу пасьля паведамленьня аб першай сьмяротнай ахвяры сьвінога грыпу ў Эўропе, вам паказваюць Аляксандра Лукашэнку і ягонага Колю з Бэнэдыктам ХVI у Ватыканскай бібліятэцы. Пераключаеце на BBC, а там — тое ж самае. І на CNN. Можаце сабе гаварыць, што хочаце, але вяртаньне Беларусі ў Эўропу адбылося пры поўным аншлягу. Магчыма, гэта не такое вяртаньне, якога ўсім хацелася б, і не такой Беларусі, якая ўсім даспадобы. Але іншага вяртаньня і іншай Беларусі пакуль не прадбачваецца. І іншай Эўропы, акрамя мэдыяльнай — для Беларусі пакуль таксама не прадбачваецца.

Перад дзіцём дзьверы адчыняюцца

Безумоўна, адзець пяцігадовае дзіця ў камуфляж і паставіць перад ім “на зважай” пузатага генэрала на палігоне — гэта гратэск. Але тады, летась, Коля яшчэ толькі “абкатваўся” рэжымам. З Колем на палігоне яўна перабралі. Русавы хлопчык з крыху разгубленым і сумнаватым выглядам ня надта каб глядзеўся на экране і на здымках, ці то як адрасат генэральскага рапарту, ці то як назіральнік зь біноклем на палявым камандным пункце. Беларускія дзеці, безумоўна, гуляюць у вайну, але не з дарослымі. Беларусь, усё ж, ня Афрыка, дзе дзесяцігадовыя хлопчыкі ня толькі робяць сабе гордыя здымкі з сапраўднымі аўтаматамі Калашнікава, але і забіваюць зь іх іншых сапраўдных дзяцей і дарослых.

Ня надта Коля глядзеўся і сярод сумных дзяржаўных дзядзькоў у гарнітурах падчас бацькоўскіх ваяжаў у Бішкек і Ерэван. А вось Коля ў беленькай кашульцы з пантыфікам, які таксама быў у белым, — гэта выдатная і сэрцашчымлівая карцінка. Уся Эўропа залюбавалася. Ну, ня можа ж Аляксандар Рыгоравіч быць такім жорсткім вусатым дыктатарам, калі ён так галубіць свайго малога сыночка...

Хлопчык дорыць таму чужому папу расейскі буквар.... Такое сьвінства сваім суродзічам мог зрабіць толькі прэзыдэнт Лукашэнка, ніякі
іншы
Тут, канешне, была адна беларуская ідыясынкразія, якая нажом па сэрцы паласнула шмат каго зь беларусаў. Вось свой “папа” запрашае папу рымскага наведаць Беларусь, а хлопчык дорыць таму чужому папу расейскі буквар, каб ён падвучыў мову і мог дагаварыцца зь людзьмі ў Беларусі падчас візыту. Такое сьвінства сваім суродзічам мог зрабіць толькі прэзыдэнт Лукашэнка, ніякі іншы.

Але Эўропа гэтай ідыясынкразіі і не заўважыла, я ўпэўнены. Я ўжо ня раз пераканаўся за апошнія 20 гадоў, што калі спрабаваў пераконваць нейкага эўрапейца (ня кажучы пра амэрыканца), што ў Беларусі вельмі важна падтрымаць беларускую мову (нават на сымбалічным узроўні), дык той эўрапеец глядзеў на мяне, як на прыдурка. Навошта падтрымліваць мову, на якой амаль ніхто ня хоча гаварыць? Трэба падтрымліваць тую мову, на якой усе гавораць, каб камунікацыя была лягчэйшая. Эўропа тут выдатна разумее Аляксандра Лукашэнку. Мы — не. На гэты конт, я баюся, мы з Эўропай ніколі не паразумеемся...

Anyway, хто б ні прыдумаў гэты ход з Колем для лукашэнкаўскага рэжыму, ён зрабіў геніяльную рэч. Калі гэта прыдумаў лорд Тымаці Бэл, дык трэба прызнаць, што брытанец варты тых мільёнаў, якія яму выплачвае гаротны беларускі народ. Аднак адначасова прыходзіцца канстатаваць, што гэты брытанскі advocatus diaboli і зьвіхнуў жыцьцё Колі з сумным тварам і русымі валасамі.

Перад юнаком дзьверы зачыняцца

Яны зачыняцца перш за ўсё таму, што пяцігадовага хлопчыка можна пасадзіць сабе на калені і зрабіць здымак зь іншым дзядзькам на прэзыдэнцкай пасадзе або пакінуць хлопчыка пагуляць у мяч з ватыканскімі кардыналамі, і ўсім будзе вельмі міла і пацешна, а вось зь дзесяцігадовым і старэйшым такія штукі ўжо нікога не пацешаць. Бо дзесяцігадовы дзеці становяцца сьведкамі, а чым менш сьведкаў у палітыцы, тым лепш для палітыкаў.

Не пазайздросьціш Колі і з нагоды “непалітычнага” жыцьця, калі на яго ня будуць глядзець камэры і фотаапараты. Вось пойдзе Коля — з бацькавай падачы, пераемнік спадчыннага прэзыдэнцтва РБ — у школу, а там нейкі сябрук ці то незнарок яго піхне, ці то знарок дасьць яму таўхуна. Можаце сабе ўявіць рэакцыю ўсіх вакол Колі ў краіне, дзе настаўніцу звальняюць з працы па прыхамаці палкоўніка МУС, а трэнэра хакеістаў за тое, што ягоныя хлопцы неабачна выйгралі ў каманды прэзыдэнцкай адміністрацыі. Коля хутка апынецца ў паласе, так бы мовіць, усенароднай адчужанасьці, і ў мяч пасьля ўрокаў яму прыйдзецца гуляць толькі з кораткастрыжанымі ахоўнікамі. А ўсе іншыя будуць яго баяцца або ненавідзець, або адно і другое. Як цяпер бацьку.

Нехта можна запярэчыць, што тут нічога надзвычайнага. Так даводзіцца жыць усім дзецям-пераемнікам спадчыннай улады, усякім недарослым прынцам, як, не раўнуючы, таму ж брытанскаму прынцу Ўільяму або прынцу Гары.

У Беларусі спадчынных уладароў ніколі не палюбяць. Ні шлюбных, ні пазашлюбных
Гэта не дакладна так, а можна нават сказаць, што тут дзьве вялікія розьніцы. У краінах, дзе спадчыннасьць улады зьяўляецца вынікам шматвяковага разьвіцьця народу і яго палітычнай традыцыі, народ звычайна любіць і ўладароў, і іхных дзяцей. А часам проста траціць ад іх розум. Згадайце, напрыклад, прынцэсу Дыяну. Таму што ў такіх краінах арыстакратызм паходжаньня і зьвязаныя з гэтым уладныя прывілеі акцэптуюцца як грамадзкая норма.

Інакш зь Беларусьсю, дзе прывілеі зьяўляюцца не прыродным правам нейкай вузкай грамадзкай клясы, а здабычай, якая можа дастацца ў прынцыпе кожнаму, калі толькі ў яго дастаткова напорыстасьці, клёку, спрыту, нахабнасьці, жорсткасьці, падхалімства, крывадушнасьці (непатрэбнае выкрасьліць). Беларусь — краіна безнадзейнага эгалітарызму. Нават дырэктар саўгасу можа ў ёй стаць прэзыдэнтам, і да таго яшчэ прэзыдэнтам-дыктатарам. Таму ў Беларусі спадчынных уладароў ніколі не палюбяць. Ні шлюбных, ні пазашлюбных.

А таму Колі было б нашмат пэрспэктыўней сядзець на канапе з мамай і чытаць буквар, а ня езьдзіць з бацькам да незразумелых дзядзькоў па эўропах і азіях. Тыя дзядзькі наўрад ці здагадаюцца пачаставаць яго цукеркам. А калі і здагадаюцца, дык бацька і так ня дасьць яму зьесьці...

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG