Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Менск — эўрапейскі аўтсайдэр паводле якасьці жыцьця


Панарама Менску

Панарама Менску

Міжнароднае кансалтынгавае агенцтва “Mercer” надрукавала вынікі апытаньня, паводле якога вызначаныя найлепшыя для пражываньня і працы гарады ў сьвеце.

СЛУХАЦЬ:


Усю прызавую тройку занялі эўрапейскія цэнтры — аўстрыйская Вена, а таксама швайцарскія Цюрых і Жэнэва. Ушчыльную да “перадавікоў” разьмясьціліся канадзкі Ванкувэр і новазэляндзкі Окленд. У сьпісе з 215 гарадоў сьвету найгоршым прызнаны Багдад, дзе людзі штодня сутыкаюцца з рэальнай небясьпекай. Менск трэці год запар прызнаецца абсалютным аўтсайдэрам на эўрапейскім кантынэнце.

За эталён з паказьнікам 100 балаў экспэрты ўзялі Нью-Ёрк. Аднак сам па сабе гэты амэрыканскі мэгаполіс паводле якасьці пражываньня замыкае першую паўсотню, разьмясьціўшыся на 49 радку. Найвышэй з гарадоў ЗША стаіць Ганалулу, адміністрацыйны цэнтар Гаваяў са 103 ачкамі. Зрэшты, адрыў Вены зь яе 108,6 ачка ад канкурэнтаў ня надта значны: Цюрых, які ідзе сьледам, мае 108 ачкоў, Жэнэва — 107,9. Аўтсайдэрам па ўсіх паказьніках стаўся Багдад з 14 баламі, які разьмясьціўся на апошнім, 215 месцы.

За крытэрыі зручнасьці пражываньня ў тым ці іншым месцы браліся 39 паказчыкаў. Сярод іх — палітычная і эканамічная стабільнасьць, ступень цэнзуры СМІ, архітэктурная прывабнасьць, інтэнсіўнасьць руху транспарту, разнастайнасьць забаўляльных месцаў, узровень забруджаньня навакольнага асяродзьдзя і г.д. Год таму паводле гэтых парамэтраў найлепшай была сталіца Даніі Капэнгаген. Сёлета дасьледчыкі прыйшлі да высновы, што па-за канкурэнцыяй Вена.

Калі меркаваць па выніках дасьледаваньня, жыцьцё ў гарадах усходняй часткі Эўропы суправаджаецца шматлікімі праблемамі. Са сталіц Усходняй Эўропы найлепш ацэненая Прага — 71-е месца. Будапэшт — 74-ы, Любляна — 78-я, Варшава — 85-я, Браціслава — 88-я. Беларусь у рэйтынгу прадстаўленая Менскам, які, падобна як у двух папярэдніх дасьледаваньнях, так і застаўся ў хвасьце Эўропы — 182-гі радок.

Як лічыць колішні галоўны дзяржаўны інспэктар Менгарвыканкаму ў пытаньнях аховы гісторыка-культурнай спадчыны Ўладзімер Папруга, улады
Улады Менску робяць усё, каб гэтыя пазыцыі не палепшыліся.
Менску робяць усё, каб гэтыя пазыцыі не палепшыліся. Патэнцыйна прывабная для турыстаў гістарычная частка гораду амаль зьнішчаная, няма сучаснай інфраструктуры (пры ганебным дэфіцыце грамадзкіх прыбіральняў), а цэнтар сталіцы задыхаецца ад непрафэсійна разьведзеных транспартных плыняў:

“Паводле ўсіх менгарвыканкамаўскіх папер неўласьцівыя транспартныя патокі павінны з гістарычнага цэнтру выводзіцца. У любой краіне, у гарадах любых маштабаў выводзяцца транспартныя патокі з пляніровачных ядраў гістарычных цэнтраў. А ў нас усё, што цяпер там будуецца, менавіта прыцягвае туды транспартныя патокі, якія ніколі ў прынцыпе ня мелі дачыненьня да гэтага месца. То бок у нас увесь транспарт, які на сёньняшні дзень яшчэ праходзіць праз гістарычны цэнтар, на 98% — чысты транзыт, які вельмі лёгка выводзіцца. А тое, што зараз яшчэ будуецца, як бы гэта ні выглядала, нават без наяўнасьці ў гэтым месцы гістарычнага цэнтру, прывядзе проста да транспартнага каляпсу гэтага месца”.

Іншыя экспэрты адзначаюць, што і паводле астатніх паказьнікаў беларуская сталіца ня можа прэтэндаваць на статус заканадаўцы гарадзкога дабрабыту. У палітычнай галіне Беларусь ужо даўно атрымала нездавальняючую адзнаку з боку дэмакратычных урадаў; свабодныя СМІ практычна вынішчаныя, месцы для адпачынку — на прымітыўным узроўні ці зьведзеныя да мінімуму.

Рэйтынг Менску перабівае астатніх тым, што прырода побач.
Аднак з аўтсайдэрствам Менску згодныя ня ўсе. Вядомы беларускі архітэктар Юрый Градаў перакананы: падобныя рэйтынгі шмат у чым тэндэнцыйныя і не адлюстроўваюць шэрагу немалаважных адметнасьцяў:

“Плюсы якія ў Менску? Чаго няма ў эўрапейскіх гарадах-шматмільёньніках. Сам па сабе горад круглы (ад чаго яго не дарэмна называюць „горад-сонца“). Дык вось, практычна зь любога месца літаральна за 15 хвілін мы можам трапіць на прыроду. Таму фактычна ў кожнага менчука ёсьць лецішча. З той жа Масквой ніякіх параўнаньняў, бо патрэбна гадзіны дзьве, каб адтуль толькі выехаць. І калі рэйтынг выбудоўваецца за кошт наведваньня рэстарацый і г.д., дык рэйтынг Менску перабівае астатніх тым, што прырода побач (дый у самім горадзе прыроды хапае). І вось якраз гэты паказьнік можа пераважыць шмат якія іншыя. Бо прыродна-ляндшафтны фактар — адзін з найважнейшых. Таму, па-мойму, нацягнутыя многія рэчы, якія ўпісаныя ў рэйтынг; падцягнутыя пад свае прыярытэты. Мы павінны складаць свой рэйтынг. І яшчэ ці падпадуць яны пад нашы крытэрыі? Можа, таксама нават у сотню ня трапяць. Так што ўсё адносна”.



Паралельна экспэрты “Mercer” назвалі найлепшыя месцы з гледзішча гарадзкой інфраструктуры. Ацэньваліся зьвесткі пра забесьпячэньне электраэнэргіяй, тэлефонамі, службамі пошты і даступнасьць міжнародных авіяліній. У гэтым сьпісе па-за канкурэнцыяй Сынгапур, ад якога на дасягальнай адлегласьці разьмясьціліся Мюнхэн і Капэнгаген. Менск — на ўжо звыклых аўтсайдэрскіх пазыцыях.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG