Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Споўнілася 100 дзён з часу ўступленьня Барака Абамы 20 студзеня на пасаду прэзыдэнта Злучаных Штатаў. Традыцыя даваць новаабранаму прэзыдэнту 100 дзён так званага “мядовага месяца” была заведзеная ў Злучаных Штатах, а пазьней і шмат дзе яшчэ ў сьвеце, пасьля прыходу прэзыдэнта Франкліна Рузвэльта зь яго “Новым курсам”. На гэты пэрыяд часу прэса, як правіла, устрымліваецца ад рэзкай крытыкі, а кангрэс займае пасіўную пазыцыю, даючы новай адміністрацыі праявіць сябе.

Прыход Барака Абамы ў Белы дом у час сусьветнага крызысу ня можа ня выклікаць паралелі з Рузвэльтам, які ўрэшце выцягнуў краіну зь Вялікай дэпрэсіі. Зараз многія задаюцца пытаньнем: ці удасца зрабіць тое ж першаму чарнаскураму прэзыдэнту наймацнейшай краіны сьвету?

Большасьць аналітыкаў сыходзяцца на тым, што, нягледзячы на тое, як ацэньваць палітыку Абамы, па колькасьці праведзеных рашэньняў і дзеяньняў за такі адрэзак часу ён ужо заняў выбітнае месца сярод палітычных дзеячоў. Быў прыняты эканамічны пакет коштам 787 мільярдаў даляраў з мэтай выратаваньня банкаў і аўтавытворцаў. 275 мільярдаў было выдзелена, каб спыніць хвалю канфіскацыяў дамоў у тых, хто няздольныя выплочваць гіпатэкі. Абама зачыніў турму Гуантанама і перагледзеў мэтады допытаў падазраваных у тэрарызме. Далей ён памяняў стратэгію ў Аўганістане і паабяцаў вывесьці войскі з Іраку да 2010 г.
Асноўны закід прэзыдэнту ад яго крытыкаў – што ён спрабуе зрабіць занадта шмат занадта хутка...

У той час, як эўфарыя надзеі, якая суправаджала ягоны прыход да ўлады, бадай што, перажыла першы крытычны парог, пачынаюць гучаць галасы, якія закідаюць энэргічнаму прэзыдэнту некаторую фанабэрыстасьць у бескампрамісным прасоўваньні сваёй палітыкі, параўноўваючы яго ў эканамічных пытаньнях з дыктатарам часоў рымскай рэспублікі. Акрамя таго, нягледзячы на велізарны пакет для ажыўленьня эканомікі, многія выказваюць заклапочанасьць, што грошы рэальна паступяць у эканоміку запозна – з-за кампрамісаў з кангрэсам аб тэрмінах іх выдзяленьня.

У справе зьнешняй палітыкі, Абама не скупіўся на сэнсацыйныя крокі. Рэзка памяняўшы сілавую рыторыку папярэдняй адміністрацыі на заклікі да дыялёгу і супольных высілкаў, ён палегчыў санкцыі супраць Кубы, паціснуў руку прэзыдэнту Вэнэсуэлы Хуга Чавесу, наладзіў безпасярэдні дыялёг зь Іранам і пачаў перамовы аб новай дамове аб стратэгічных узбраеньнях з Расеяй. І, бадай, найбольш абмяркоўваецца яго прамова ў Празе аб сьвеце безь ядзернай зброі.

У той жа час крытыкі ўказваюць на тое, што Паўночная Карэя правяла запуск сваёй ракеты бязь нейкіх значных для сябе наступстваў. Не дадала прэзыдэнту папулярнасьці і яго прамова да ўгодкаў пачатку масавых забойстваў армян у Асманскай імпэрыі, дзе ён так і не вымавіў слова “генацыд”, нягледзячы на сваё перадвыбарнае абяцаньне.

Аналітык брытанскай газэты The Independent Руперт Корнуэл выказвае назіраньне, што як на ўнутраным, так і на зьнешнепалітычным фронце, асноўны закід прэзыдэнту ад яго крытыкаў – што ён спрабуе зрабіць занадта шмат занадта хутка. Зь іншага боку – крызыс дае шанец памяняць рэчы так радыкальна, як не было магчымым у часы стабільнасьці. Ці забуксуе малады прэзыдэнт, рынуўшыся з усяе сілы на праблемы, якія назапасіліся ў яго краіны і ў сьвеце за дзесяцігодзьдзі – пакажа новая, бадай, самая важная для палітыка адзнака – наступныя выбары.
XS
SM
MD
LG