Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Пасьля сьвяточнага салюту няма ні пчол, ні птушак”


Падрыхтоўка да сьвяткаваньня Дня Перамогі 9 траўня, сустрэча кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з папам рымскім Бэнэдыктам ХVІ, эканамічны крызіс у Беларусі, а таксама іншыя тэмы — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на “Свабоду”.


У Беларусі распачалася падрыхтоўка да сьвяткаваньня Дня Перамогі 9 траўня. Тэлефанаваньне на гэтую тэму:

Сьвятлана: “Да 9 траўня ў Брэсцкай крэпасьці лётаюць пчолы і сьпяваюць пералётныя птушкі. Пасьля сьвяточнага салюту няма ні пчол, ні птушак. Вучоныя кажуць, што ад гэтага выбуху гінуць пчолы і глухнуць птушкі. У іх лопаюцца вушныя перапонкі. Калі салют наносіць такую шкоду прыродзе, ці ня лепш яго перанесьці на 25 сакавіка, Дзень Незалежнасьці Беларусі або адмяніць наагул?”

Наступныя выказваньні — на адрас улады і апазыцыі:

Спадарыня: “Зьняцьцё санкцый для Лукашэнкі, як ні дзіўна, на 9 месяцаў дазволіць яму не наноў нарадзіцца, а перарадзіцца ў яшчэ больш жорсткага дыктатара зь вялікай літары для Беларусі. У гэтым будзе заслуга Эўразьвязу і апазыцыі разам зь Мілінкевічам, які вядзе безвыніковы дыялёг з уладай Лукашэнкі”.

Спадар: “Я, напрыклад, і мае знаёмыя, сябры вельмі зацікаўленыя, каб была апазыцыя канструктыўная, цікавая, добрая, якая б ліла ваду на млын для людзей. Заступалася, абараняла, праводзіла б працу ў імя і дзеля беларусаў, няшчасных, якія патрапілі пад жорны Лукашэнкі. Таму трэба, далібог, падбярыце вы там людзей нейкіх, няўжо няма сярод гэтых чалавека, які б з годнасьцю мог гэта рабіць?”

Аляксандар Лапіцкі: “Нельга блытаць палітычную ізаляцыю ад Эўропы і ўсяго сьвету Аляксандра Лукашэнкі — з палітычнай і эканамічнай ізаляцыяй Беларусі ад эўрапейскіх краін. Ахвяры палітычных рэпрэсій горада Мінска лічаць, што палітычныя і эканамічныя стасункі зь Беларусьсю павінен ажыцьцяўляць Захад з удзелам кіраўнікоў улады Беларусі, з абавязковым удзелам, на роўных, лідэраў палітычных партый Беларусі: Анатолем Лябедзькам, Сяргеем Калякіным, Вінцуком Вячоркам і іншымі лідэрамі апазыцыі”.

Спадарыня: “Няўжо не зразумела сустаршыням аб’яднаных дэмакратычных сілаў, да якіх належыць і камуніст Калякін, што народ не ідзе за імі? Зроблена калі ня ўсё, то многае, каб гэтыя дэмакратычныя сілы былі разьяднаныя. У самім слове “сустаршыні” — нешта непрыемнае. А сапраўднага беларускага лідэра, калі б і зьявіўся, затопчуць свае ж сустаршыні”.

Выказваньне камэнтуе старшыня Партыі камуністаў Беларускай, сустаршыня палітрады АДС Сяргей Калякін:

“Я ня згодны з тым, што дэмакратычныя сілы разьяднаныя. Тым больш што мы працуем у вельмі складаных умовах, калі няма інфармацыйнай свабоды. Аднак гэта не апраўданьне, і, на мой погляд, ня самае галоўнае — форма кіраваньня. Нам неяк патрэбна прыцягваць да сябе людзей. І калі гэтых людзей будзе настолькі шмат, што мы здолеем зьмяніць сытуацыю, то тады ў нас ня будзе аднаго і таго ж кіраўніка цягам дзесяцігодзьдзяў”.

Працягваем праграму:

Спадар: “З пасланьня прэзыдэнта да народа беларусаў я зразумеў адно: трэба душыць апазыцыю, незалежныя СМІ як ворагаў беларусаў, бо яны пад крызіс вогнішча паддзьмуваюць, а праз гэта людзі пад паніку падпадаюць. Выходзіць, па ягоных мерках, пра крызіс ня трэба казаць, трэба сядзець і ціхенька маўчаць. Нейкая непанятка ў пасланьні прэзыдэнта парлямэнту і народу. Казаў слухач “Свабоды”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375 29 391 22 24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG