Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Браканьеры даводзяць да галечы фэрмэра


У вёсцы Сакалова Слонімскага раёна фэрмэр адмаўляецца ад арэнды возера. Браканьеры раскрадаюць рыбную гаспадарку, а мясцовыя ўлады ня могуць абараніць прыватніка.


Фэрмэр Чэслаў Хільмон распавядае, што стварыў возера ў 2000 годзе на месцы ручайка, які наўкола быў паросшы лазою. На працягу 8 гадоў ён гандляваў рыбай.

Хільмон: “І вось цяпер браканьеры ў мяне выцягнулі амаль 10 тон рыбы. Таму я ад яго адмаўляюся катэгарычна, хай зарастае ізноў бур’янам”.

Карэспандэнт: “А вы зьвярталіся ў міліцыю?”

Хільмон: “І зь міліцыяй, і з участковым езьдзіў, але ўсё роўна таблічкі зьбіваюць і па 40 чалавек ловяць рыбу. Прыяжджалі экалягічныя службы, штрафавалі, але нічога не дало. Людзі, як саранча, як галыцьба нейкая палезьлі нахабна, і нічога зь імі ня зробіш”.

Большасьць мясцовых жыхароў за тое, каб фэрмэр заставаўся, бо местачкоўцы заўсёды куплялі ў яго танную рыбу: у горадзе яна каштуе па 6—7 тысяч рублёў, а яны бралі па 2,5 тысячы.

На месца канфлікту выяжджаў слонімскі журналіст Сяргей Чыгрын. Яго ўражаньні:

Сяргей Чыгрын
“Было ўсё вельмі ўпарадкавана, а калі наскочылі гэтыя рыбакі, то пачалі лавіць рыбу суткамі, палілі там вогнішчы, пілі гарэлку...”

Арэндная дамова на гэтае возера ў фэрмэра Хільмона — да 2018 году. Райвыканкам заўпарціўся, што ня будзе перарываць тэрміну арэнды: маўляў, працягвайце працаваць.

Чэслаў Хільмон кажа, што дзяржава яму ніколі не дапамагала, ён нават ня браў ад яе крэдытаў, калі ствараў возера і разводзіў рыбу. А вось каб яе рэалізаваць, яму толькі чыняць перашкоды.

Хільмон: “Рэалізоўваць рыбу — ізноў жа праблемы. На рынак у Горадню заяжджаю, а мяне не пускаюць. Даводзілася нават на полі выкідаць гэтую рыбу нерэалізаваную. Налятаюць, як каршуны: падатковая й усе астатнія, бо ў магазыне па 7 тысяч, а я па 4 прадаваў”.

Спадар Хільмон будзе дамагацца скасаваньня арэнды на возера ў Сакалове. Ён кажа, што ў яго яшчэ ёсьць возера ў Чамярах, а там жывуць зусім іншыя людзі. Яны паважаюць чужую працу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG