Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Галодныя пэнсіянэры трацяць прытомнасьць у чэргах у паліклініках”


Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 29 красавіка 2009 году


Тэма, якая актыўна абмяркоўваецца нашымі слухачамі на працягу апошніх дзён, — візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Ватыкан, ягоная сустрэча з кіраўніком каталіцкага касьцёлу папам Бэнэдыктам ХVI.

Наконт стаўленьня беларускай дзяржавы да вернікаў каталіцкай канфэсіі, праблемы вяртаньня культавых будынкаў, адабраных за гады дзяржаўнага атэізму разважае Алесь Станкевіч з Горадні, зь ліста якога пачну сёньняшнюю размову. Слухач піша:

“У Беларусі ня менш за мільён каталікоў — як мясцовых палякаў, так і беларусаў. Але рэжым Лукашэнкі ім не спрыяе. Так, у нас у Горадні, дзе каталікоў каля 100 тысяч, улада на працягу дзевяці гадоў не давала дазволу на будаўніцтва новага касьцёла ў раёне вуліцы Рэпіна. Хаця людзі сабралі пад пісьмом з адпаведнай просьбай каля дзесяці тысяч подпісаў.

Яшчэ адна дэталь: шэраг каталіцкіх ксяндзоў — грамадзянаў Польшчы — улады выслалі зь Беларусі, бо яны, маўляў, ня ведалі дзяржаўнай беларускай мовы, а набажэнствы праводзілі па-польску. Хоць вернікі іх добра разумелі.

Так і хочацца спытаць: а калі дзяржаўныя кіраўнікі (на чале з Лукашэнкам) ігнаруюць дзяржаўную беларускую мову, дык ім гэта дазваляецца? Хоць закон аб дзяржаўнай службе патрабуе, каб чыноўнікі добра ведалі абедзьве мовы.

...За 27 гадоў, на працягу якіх каталіцкі касьцёл у сьвеце ўзначальваў паляк Ян Павал ІІ, кіраўнікі Рускай праваслаўнай царквы не запрасілі яго зь візытам ні ў Расею, ні ў Беларусь. Хаця ва ўсіх суседніх краінах — ва Ўкраіне, Балтыі — яго з захапленьнем прымалі. Вядома таксама, што папа вельмі хацеў наведаць і Беларусь, і Расею. Гэта сьведчыць пра тое, што кіраўнікі праваслаўнай царквы не жадаюць наладзіць добрыя адносіны з каталіцкім кіраўніцтвам”
.

Сапраўды, на працягу ўсіх папярэдніх пятнаццаці гадоў свайго прэзыдэнцтва Аляксандар Лукашэнка, калі заходзіла размова пра магчымасьць візыту пантыфіка на Беларусь, прыслухоўваўся толькі да пазыцыі Рускай праваслаўнай царквы, фактычна ігнаруючы меркаваньне больш як мільёна ўласных грамадзянаў — вернікаў каталіцкай царквы. Але за апошні час, як бачым, сытуацыя кардынальным чынам зьмянілася. Відавочна, улада спрабуе праз кантакты з Ватыканам здабыць палітычныя дывідэнды найперш для сябе. Але і для беларускіх каталікоў на гэтым тле зьяўляюцца куды больш прывабныя пэрспэктывы — у сэнсе дазволу ўладаў на будаўніцтва новых храмаў, а таксама спадзеў на вяртаньне тых будынкаў, якія на працягу мінулых двух стагодзьдзяў былі забраныя ад касьцёла царскімі і савецкімі ўладамі.

Аўтар наступнага ліста — Мікола Чыбісаў з пасёлку Казлоўшчына Дзятлаўскага раёну — лічыць, што Радыё Свабода недастаткова ўвагі аддае тэме выбарчага заканадаўства, фальшаваньня вынікаў выбараў у Беларусі. У сваім лісьце на “Свабоду” слухач піша:

“Кожны грамадзянін Беларусі павінен ведаць: пры гэтым выбарчым заканадаўстве ўдзельнічаць у выбарах, якія ператварыліся ў фарс, няма сэнсу. І калі дэмакраты гэта ведаюць, але ўдзельнічаюць, — дык фактычна сваімі дзеяньнямі патураюць рэжыму, узаконьваюць гэты закон фальшаваньняў, празь які яшчэ пяць гадоў трэба жыць у галечы.

...Я вас, дэмакратаў, не разумею. Чаму Радыё Свабода нічога не гаворыць аб неабходнасьці зьмены выбарчага заканадаўства? Трэба ўвесь час нагадваць пра гэта.

Вось як было з палітычнымі забойствамі і зьнікненьнямі ў Беларусі? Зьніклі Ганчар, Захаранка, Завадзкі — Радыё Свабода ўвесь час нагадвала (і працягвае нагадваць) пра гэта. І ў выніку цяпер такіх зьнікненьняў няма.

Гэтак трэба і пра выбарчы закон — нагадваць па радыё штодня. Аб якой уладзе народа можна казаць, калі няма справядлівых выбараў? А сумленныя выбары — гэта зьмена ўлады, гэта іншы прэзыдэнт, а значыць — іншы дабрабыт, іншая Беларусь”
.

Наўрад ці надта цікавай была б тая праграма, у якой з дня ў дзень, зь месяца ў месяц гучала б толькі адна тэма — няхай нават і такая палітычна значная для Беларусі, як выбарчая. Нашы слухачы найперш хочуць чуць праўдзівыя навіны, апэратыўныя зьвесткі пра тое, што адбываецца ў Беларусі і вакол яе. Чалавек, які будзе ведаць праўду, які выслухае ўсе разнастайныя (у тым ліку супрацьлеглыя) меркаваньні аўтарытэтных і дасьведчаных асобаў пра значныя для грамадзтва праблемы, — здольны самастойна зрабіць высновы і пра тое, чаму ў Беларусі паўтара дзесяцігодзьдзя не мяняецца ўлада, і пра тое, чаму выбары ператварыліся ў фарс, і наконт таго, у якой ступені ягоны ўласны дабрабыт залежыць ад закасьцянелай, няздольнай да разьвіцьця сыстэмы ўлады.

Жыцьцё ў вёсцы падчас крызісу — тэма новага ліста нашага даўняга сябра Паўла Саца зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну. Слухач піша:

“Ад рабочай сілы пазбаўляюцца цяпер рознымі спосабамі. Могуць запатрабаваць: ідзі ў адпачынак без аплаты. Альбо падпільнуюць, калі работнік зьявіцца на працоўным месцы выпіўшы: з такімі не цырымоняцца. Дзейсны сродак у барацьбе з п’яніцамі — калгаснае жытло. Напіўся, сарваў працу — сыходзь з кватэры. Аналягічныя выпадкі ня толькі ў нашай мясцовасьці.

Хоць новае жытло, за якое трымаюцца людзі, у аграгарадках часта незайздроснае. Вось у нас у Макранах шчытавыя домікі ўзводзяць літаральна на працягу месяца. Але што гэта за будыніна? Калі здаровы дужы хлопец добра абапрэцца на сьцяну — дык можа апынуцца на вуліцы разам з гэтай сьцяной. Домікі тыя — нейкія кардонныя.

Калгасы нашы пакуль папаўняюцца рабочай сілай за кошт перасяленцаў з Украіны. Але многіх і дэпартуюць. Дзіўна неяк атрымліваецца: спачатку — запрашаюць, потым — гоняць назад. Дык украінцы цяпер стараюцца ажаніцца зь беларускамі, каб застацца”
.

Вашым памежным з Украінай мясьцінам у гэтым сэнсе пашанцавала, спадар Сац: ёсьць магчымасьць вырашаць праблему працоўных рук з дапамогай паўднёвых суседзяў, дзе сытуацыя на вёсцы яшчэ больш складаная. А колькі новых аграгарадкоў на Віцебшчыне, Магілёўшчыне, Гарадзеншчыне, куды ніякімі прэзыдэнцкімі домікамі не завабіш кваліфікаваную і непітушчую працоўную сілу! Дзяржаўныя межы там таксама — побач, але ахвотных перасяліцца ў беларускі калгас не знаходзіцца ні ў Польшчы, ні ў Літве, ні ў Латвіі, ні нават у Расеі. А сваіх працоўных рук ужо даўно не хапае.

Наш даўні слухач і аўтар Ігар Пасноў зь Віцебску ў сваім новым лісьце на “Свабоду” разважае пра тое, наколькі своечасовымі могуць лічыцца ва ўмовах жорсткага эканамічнага крызісу некаторыя ініцыятывы абласной улады. Спадар Пасноў піша:

“Невыпадкова Лукашэнка менавіта на Віцебшчыне пачаў гаварыць фразамі канца 30-х гадоў мінулага стагодзьдзя. Наша вобласьць — самая талерантная і адданая рэжыму. А прыйшоў новы губэрнатар — дык пачаліся экспэрымэнты. То сьвятло ўначы на гарадзкіх вуліцах адключаць. То выганяць людзей на вуліцу перакідаць сьнег зь месца на месца — каб імітаваць бурную дзейнасьць.

У той час як галодныя пэнсіянэры трацяць прытомнасьць у чэргах у паліклініках, у газэтах друкуюць праекты падсьветкі дамоў на вуліцы Леніна, новых рэстарану і забаўляльнага цэнтру. Хіба гэта не псыхалягічны экспэрымэнт — ці вытрымаюць людзі? Мы на трэцім курсе мэдінстытуту таксама рабілі нешта падобнае — у віварыі.

І ня дзіва, што на Віцебшчыне ўсплёск самазабойстваў сярод людзей 35—40 год — якія страцілі надзею ў гэтым Каралеўстве крывых люстэркаў.

Я, вядома, абскардзіў дзеяньні новага губэрнатара — і ў Адміністрацыю прэзыдэнта, і ў Камітэт дзяржкантролю. Але яны наўрад ці зразумеюць мяне. Што казаць, калі нават “Свабода” імкнецца заткнуць мне кляпам рот, не даючы ў эфіры мае тэлефанаваньні на гэтую тэму”
.

Мы, спадар Пасноў, з увагай ставімся да ўсіх лістоў і тэлефанаваньняў сваіх слухачоў. Але калі інфармацыя і меркаваньні паўтараюцца, калі вельмі актыўны слухач з дня ў дзень надыктоўвае прыблізна адно і тое ж, — то вымушаны рэдагаваць такія допісы і званкі альбо ўвогуле адмаўляцца ад іх выкарыстаньня ў эфіры.

Настальгічныя ўспаміны зьвязаныя зь Беларусьсю і беларусамі ў нашага ўкраінскага слухача Ўладзімера Струка з гораду Стрый Львоўскай вобласьці. У сваім лісьце на “Свабоду” ён піша:

“У маладосьці я служыў у дэсантных войсках на станцыі Баравуха Полацкага раёну. Нямала давялося павандраваць па Віцебшчыне — улетку пехатой, а зімой — на лыжах. Колькі вёсак, вёсачак, хутароў прайшлі! На вучэньнях часта сустракаліся і гутарылі зь мясцовымі жыхарамі. Прыемныя людзі. Гаварылі ўсе на беларускай мове. Хацелася б і цяпер пабываць у тых краях. Было нямала салдат і афіцэраў з розных абласьцей Беларусі. Цяпер, праз 40 год, я, 62-гадовы хлопец, успамінаю пра сваё юнацтва і пытаюся ў думках: “Дзе ж вы цяпер, мае дарагія аднапалчане, зь якімі давялося столькі перажыць разам?” Асабліва хацелася б пабачыць тых, хто быў разам са мной у 68-м годзе ў Чэхаславаччыне. Можа, хтосьці пачуе па “Свабодзе” гэты ліст і адклікнецца?”.

Ахвотна выканаем вашу просьбу, спадар Уладзімер: калі хтосьці з колішніх вашых сяброў ці знаёмых адклікнецца — абавязкова паведамім ваш адрас.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by


XS
SM
MD
LG