Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эфір 26 красавіка.



Ці можна сказаць, што Чарнобыль стаў забывацца ў беларускай масавай сьвядомасьці? Чаму дзеяньні ўладаў па скарачэньні выдаткаў на пераадоленьне наступстваў катастрофы не выклікаюць пратэстаў у насельніцтва, у тым ліку ў жыхароў забруджаных раёнаў? Ці сфармавалася ў людзей, якія зьвязаныя з чарнобыльскай дапамогай, нейкая асаблівая псыхалёгія, свой чарнобыльскі мэнталітэт? На гэтыя пытаньні ў перадачы “Праскі акцэнт” адказваюць былы Старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі Станіслаў Шушкевіч, пісьменьнік, кіраўнік сацыяльна-экалягічнага саюзу “Чарнобыль” Васіль Якавенка, і Старшыня Чарнобыльскай камісіі БНФ Юрась Меляшкевіч. Вядзе перадачу Віталь Цыганкоў



Цыганкоў:
Спадар Шушкевіч, калі вы былі старшынём Вярхоўнага Савету, на Чарнобыль выдаткоўвалася да 25 працэнтаў з бюджэту. Пасьля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі гэтая лічба зьмяншаецца з кожным годам і цяпер складае каля 4 працэнтаў. Як вы гэта ацэніце, чаму гэта робіць цяперашняя ўлада?



Шушкевіч:
Па-першае, каб мець такую асабістую ахову і такія праваахоўныя структуры, якія фактычна сталі палітычным вышукам - то так шмат выдаткоўваць на Чарнобыль не атрымаецца.

Але ёсьць і іншы аспэкт. Закончылася будаўніцтва тых месцаў, куды перасялялі людзей з Чарнобыльскай зоны, закончылася і само перасяленьне -- таму і зьменшыліся выдаткі.

Але самае галоўнае -- дзяржавы можа выдаць на чарнобыльскую праблему толькі тое, што дазваляе яе эканоміка. А эканоміцы беларускай пахвастацца няма чым. Таму і на Чарнобыль шмат ісьці ня можа

Цыганкоў: Гэта пазыцыя ўлады. Але ці моцна ад яе адрозьніваецца падыход усяго грамадзтва? Натуральна, прайшло ўжо 23 гады, многія перасяліліся. Але людзі працягваюць паміраць ад хваробаў, зьвязаных з Чарнобылем. Ці можна пра гэта забываць?


Шушкевіч: Нельга ўвесь час жыць памяцьцю ахвяраў вайны і Чарнобылю. Трэба будаваць новае жыцьцё
Шушкевіч: Я б сказаў, што нельга ўвесь час жыць памяцьцю ахвяраў вайны і Чарнобылю. Трэба будаваць новае жыцьцё. Але мы маем шмат такіх людзей, якія зрабілі сваёй прафэсіяй плач. Тыя людзі, якія працуюць на эмоцыях. і кажуць, што ў нас мала плачу -- як мне здаецца, адыграюць ня лепшую ролю.

Цыганкоў
: Спадар Меляшкевіч, ці справядліва сьцьвярджэньне, што Чарнобыль стаў забывацца ў Беларусі? Калі так, то хто ў гэтым вінаваты?

Меляшкевіч
: Адказнасьць за гэта шмат у чым ляжыць на ўладзе, бо ў сваіх праграмах, у тым ліку па падтрымцы рэгіёнах, шмат гаворыцца пра тое, што праблемы ў цэлым ўжо вырашана, і цяпер толькі нейкія дробныя наступствы, якія можна лякалізаваць. Таму фінансавая падтрымка, канцэпцыі, якія рэалізуюцца на забруджаных тэрыторыях, пабудаваныя такім чынам, каб пераконваць людзей, што ідзе працэс рэабілітацыі тэрыторыяў. Але гэта не адпавядае рэчаіснасьці, бо радыяакцыйнае забруджваньне ня можа быць цалкам ліквідаванае, -- гэты працэс цягнецца стагоддзямі.

У людзей няма сапраўднай інфармацыі пра тое, якія наступствы былі ў гэтай катастрофы.

Цыганкоў: Ці можна ўтрыраваць і сказаць, што калі тэмы Чарнобылю няма ў галоўных СМІ, то яе няма і ў масавай сьвядомасьці?


Меляшкевіч: Фактычна дзяржава фармуе такое агульна стаўленьне, нібыта праблема ўжо вырашаная
Меляшкевіч: Нельга так сказаць. Я ведаю шмат сем'яў, якіх закранула гэтая бяда, людзей, якія сталі інвалідамі. І яны жывуць гэтай праблемай незалежна ад таго, ці фігуруе яна ў СМІ. Але ў цэлым масавая сьвядомасьць не ўтрымлівае гэтай інфармацыі.

Тыя дасьледаваньні, кія праводзіліся першыя 10 гадоў пасьля катастрофы і публікаваліся ў галоўных СМІ, і абмяркоўваліся дзяржаўнымі органамі, -- то цяпер яны прыхаваныя. Больш гавораць пра тое, што на гэтыя тэрыторыі трэба разьмяркоўваць спэцыялістаў, накіроўваць туды моладзь, адраджаць гэтыя рэгіёны, каб там ішло жыцьцё такое самае, які і ў звычайных рэгіёнах. Фактычна гэта фармуе такое агульна стаўленьне, нібыта праблема ўжо вырашаная.

Цыганкоў: Чаму ў Беларусі, якая найбольш пацярпела ад Чарнобылю, на сёньняшні дзень так і не ўтварылася моцнага сацыяльнага і палітычнага руху з экалягічнымі каштоўнасьцямі?


Якавенка:
Бо дзяржаўную палітыку пачалі рабіць дылетанты., у першую чаргу дылетанты ад Чарнобылю. Ім здаваліся, што калі яны скажуць – няма праблем – то іх і ня будзе. Яны лічаць сваё слова, сваю волю вышэй за факт і рэчаіснасьць. А грамадзкія рухі, арганізацыі ня могуць дзейнічаць у поўны моц. Дзейнічаць магчыма там, дзе ёсьць разьвітая грамадзянская супольнасьць, якую паважае ўлада.

Калі прыгадаць 90-я гады, то яскравы прыклад, калі мы спынілі асушэньне балотаў у Прыпяцкай даліне. Некалькі міністраў і акадэмікаў павярнуліся тады на 180 градусаў.

Цыганкоў: Можна вам запярэчыць наконт дылетантаў? Можа наадварот, чарнобыльскую тэму цяпер рашаюць якраз прафэсіяналы? Проста яны паставілі іншую задачу – не раскрываць праблемаў, а прыглушыць іх. Бо дзяржава выбрала іншыя прыярытэты -- прамысловасьць, сацыяльную падтрымку, іншае. А пра Чарнобыль давайце забудзем, каб ён не замінаў нам ісьці наперад. Так рашылі ва ўладзе?

Якавенка: Так і рашылі. Але тут вялікая памылка ў адносінах да экалягічных праблемаў. Цікава, што апошнія гады тварам да фактаў павярнуліся тыя навукоўцы, якія раней адмаўлялі ўплыў радыяцыі на здароўе чалавека. І нават гэтыя факты ўскосна кажуць, што Чарнобылі нікуды не падзеўся.

А палітыка дзяржавы замінае аб’ектыўна аналізаваць і рабіць нейкія высновы ня толькі грамадзкім дзеячам, але і спэцыялістам. Я памятаю, калі ў Акадэмію Навук прыехаў кіраўнік МАГАТЭ Эль-Барадэй і заявіў, што амаль усе пытаньні ўжо вырашаныя – як дружна яму апладзіравалі нашы акадэмікі. Мне так сорамна за іх было..

Цыганкоў:
Часам кажуць, што ў тых людзей, якіх называюць “чарнобыльцамі”, сфармавалася свая псыхалёгія, мэнталітэт. Але тут зноў-такі хочацца запярэчыць, бо беларуская дзяржава сёньня ідэалягічна настолькі ўнітарная, што любая сацыяльная ці палітычныя група, якая спрабуе вытыркнуцца, яна ўладай ставіцца на месца. Трэба, каб усе былі “як усе”. Ці можна сказаць, што чарнобыльцы маюць нейкую групавую псыхалёгію, ці гэта моцнае публіцыстычнае перабольшваньне?

Меляшкевіч: Натуральна, што людзі, якія перажылі такі моцны шок – ён захаваўся у іхняй сьвядомасьці. Я быў тады яшчэ малым, але ў маёй памяці захаваўся страх і шок, які перажывалі мае бацькі і суседзі. Аднак у людзкой псыхалёгіі існуе уласьцівасьць забываць перажытыя моцныя стрэсы.

Людзі, якія перасяліліся ў іншыя рэгіёны, маюць скаргі, што калі кепска з здароўем -- гэта Чарнобыль, калі хтосьці памёр – гэта “ад Чарнобылю”. І гэтак далей.

Якавенка: Бо дзяржаўную палітыку пачалі рабіць дылетанты., у першую чаргу дылетанты ад Чарнобылю. Ім здаваліся, што калі яны скажуць – няма праблем – то іх і ня будзе
Праблема ў тым, што ў гэтых людзей няма ніякай праўдзівай, кампэтэнтнай інфармацыі, яка я магла б альбо пацьвердзіць нейкія рэчы ці абвяргаць міты, што існуюць у сьвядомасьці людзей. У прынцыпе, ёсьць пэўныя адрозьненьні ў “чарнобыльцаў”, я іх назіраю. Бо жыву сярод маіх землякоў, перасяленцаў – і адрозьненьні гэтыя будуць існаваць досыць доўга, пакуль гэтая супольнасьць устойлівая.

Што да пытаньня, чаму не ўдалося з чарнобыльскага руху разьвіць больш шырокі экалягічны рух... У пачатку 90-х, калі ішло станаўленьне чарнобыльскіх арганізацыяў, яны набывалі вельмі шырокую падтрымку ў грамадзтве. Тысячы людзей удзельнічалі ў грамадзкіх арганізацыях. Але то былі часы перабудовы, калі эканоміка развальвалася, калі людзі адчувалі нястачу, і чарнобыльскі рух пераўтварыўся часткова ў спажывецкі. Мы шукалі ў ім сацыяльных гарантыяў, падтрымкі, гуманітарнай дапамогі. Але не хапала нейкай працы па адукацыі людзей, фармаваньня ў іх устойлівых уяўленьняў, як правільна выхоўваць дзяцей у такіх умоваў, выбудоўваць стратэгію паводзінаў.

На сёньня ў Беларусі няма канцэпцыі “зялёнай” адукацыі ў межах Міністэрства адукацыі. І няма шырокага падыходу з боку грамадзкіх арганізацыяў па зялёнай адукацыі насельніцтва

Цыганкоў: Чаго трэба сёньня патрабаваць ад уладаў і ад грамадзкіх арганізацыяў у Чарнобыльскай тэме? Адукацыя, матэрыяльная дапамога, сродкі?

Якавенка:
У грамадзтве мусяць быць веды пра наступствы Чарнобылю. Мы толкам ня ведаем, што і як сёньня ўплывае і дзейнічае на людзей. Бо інстытуты пастаўлены ў такія ўмовы, што ня могуць вывучаць гэтыя тэмы, ім фактычна забаронена. Так, трэба будаваць новы дзень, гэта ж нельга рабіць усьляпую.

Што да пытаньня наконт карпаратыўнай псыхалёгіі чарнобыльцаў -- дык напэўна ж, бяда гэтая моцна ўдарыла па волі людзей. Яны страцілі ў сябе веру, сталі спадзявацца толькі на дапамогу, чакаць дапамогі ад дзяржавы і з замежжа. Яны патрабуюць, каб іхнія дзеці штогод аздараўляліся за мяжой, хаця часам гэта можна рабіць і ў Беларусі.

Цыганкоў:
Юрась Меляшкевіч, вы старшыня Чарнобыльскай камісіі БНФ. Нашым слухачам, напэўна, цікава было б пачуць, што робіць і што можа рабіць апазыцыя ў Чарнобыльскім пытаньні? Зьнешне выглядае, што ўся дзейнасьць зводзіцца да Чарнобыльскага шляху. А ў астатні час ніякай актыўнасьці не відаць – ва ўсякім разе, для звычайных людзей, а не партыйных актывістаў. Што зараз ёсьць прыярытэтам у дзейнасьці Чарнобыльскай камісіі БНФ?

Меляшкевіч: У межах партыі БНФ Чарнобыльская камісія створаная вельмі даўно, цяпер мы ўзялі на сябе яшчэ і экалягічны кірунак. Падобная камісія ёсьць таксама ў АГП, яе ўзначальвае Аляксандар Ваўчанін.

У палітычных партыяў цяпер вельмі сьціплыя магчымасьці для працы такой камісіі. Сёньня партыі ня могуць займацца тым, чым па вызначэньні павінны займацца – распрацоўка законаў, аналіз заканадаўства, пошук схемаў для вырашэньня грамадзкіх праблемаў. Таму Чарнобыльская камісія БНФ абслугоўвае больш канкрэтныя рэчы -- напрыклад, падрыхтоўка да Чарнобыльскага маршу і адзначэньня гадавіны трагедыі плюс мы дапамагаем тым грамадзкім арганізацыям, зь якімі ў нас ёсьць супольныя інтарэсы і праца.

Шушкевіч: Патрабаваць, каб гуманітарную дапамогу далі дзяржаве, а яна будзе разьмяркоўваць -- гэта дыктатарскія амбіцыі
Напрыклад, год таму мы заснавалі Цэнтар падтрымкі Чарнобыльскіх ініцыятываў, і не чакаючы ніякіх дазволаў, летась разам з акадэмікам Іванам Нікітчанкам мы аб’яжджалі Беларусь і рэалізоўвалі ягоны праект па збору інфармацыі наконт накапленьня малых доз радыяцыі. Гэты фэномэн даўно абмяркоўваецца ў межах навуковых супольнасьцяў, і мы фактычна займаліся накапленьнем інфармацыі, што сабой гэта ўяўляе на тэрыторыях, якія не забруджаныя. І вынікі гэтага дасьледаваньня заслугоўваюць таго, каб быць апублікаванымі ва ўсіх цэнтральных СМІ Беларусі. Бо мы не знайшлі ніводнага рэгіёну, дзе не было б дзяцей, у якіх доза накапленьня малых дозаў радыяцыі не была б крытычнай.

Цыганкоў: Спадар Меляшкевіч распавёў пра тое, што можа рабіць сёньня палітычная партыі, і відавочна, што гэта не 1990-ы год, калі пад ціскам БНФ была прынятая канцэпцыя адсяленьня. Зараз магчымасьці апазыцыйных палітыкаў нашмат меншыя. На фоне гэтых сьціплых магчымасьцяў – на што найперш варта зьвяртаць увагу, і на чым павінна канцэнтравацца ўсё грамадзтва?

Шушкевіч: Ад дзяржавы трэба патрабаваць, каб былі слушна разьмеркаваныя прыярытэты – каму, як і чаму трэба дапамагаць у сувязі з Чарнобылем. І вы мяне прабачце – на маю думку, тыя хто займаюцца ў дзяржаве Чарнобыльскімі пытаньнямі -- у асноўным правільна разьмеркавалі гэтыя прыярытэты. Тады паўстае пытаньне – у якой ступені можна дапамагчы? Гэта адназначна вырашаецца эканомікай дзяржавы, колькі яна можа даць на гэта сродкаў. Сродкаў гэтых мала. Але ў гэтых межах - -прабачце, незалежна ад таго, што тут кажуць іншыя – я лічу, што гэтыя сродкі разьмяркоўваюцца правільна.

Каб было дастаткова сродкаў, то разьмеркаваньне іх па той схеме, якая прапанаваныя нашымі прафэсіяналамі ва ўрадзе -- было б вельмі добрым. Таму трэба змагацца проста за тое, каб было больш сродкаў дапамагаць людзям.

Цыганкоў: Ну калі іх няма ў беларускай дзяржаве, то што трэба рабіць, каб іх можна было прыцягнуць іх з-за мяжы?

Шушкевіч: Беларуская дзяржава праводзіць тут памылковую палітыку. Там, дзе можна дапамагчы, дзяржава патрабуе ўзяць на сябе функцыі кантролю. Гэта нялюдзкая пазыцыя, трэба каб дзяржава ня ўмешвалася ў гэтую справу. Дзяржаўныя органы могуць кантраляваць, ці сапраўды гэта гуманітарная дапамога ці не. А далей патрабаваць, каб гэтую дапамогу далі дзяржаве, а яна будзе разьмяркоўваць -- гэта дыктатарскія амбіцыі. І трэба з гэтым канчаць. Але ў нас з гэтым ня скончыш, бо ў Беларусі антыдэмакратычны лад. І справядлівага разьмеркаваньня гуманітарнай дапамогі праз грамадзкія арганізацыі ня можа быць, бо ў нас антылюдзкае заканадаўства ў гэтай сфэры.

Цыганкоў:
Дык пры тым, што вы хвалілі спэцыялістаў у выканаўчых структурах, якія працуюць у гэтай сфэры, -- але вынікае, што менавіта з-за дзяржаўнага ладу Беларусь ня мае той замежнай дапамогі, якую магла б мець?

Меляшкевіч: Эканоміка развальвалася, людзі адчувалі нястачу, і чарнобыльскі рух пераўтварыўся часткова ў спажывецкі
Шушкевіч:
Ня ведаю, ці сапраўды хто нам хоча дапамагаць. Але дзяржава сапраўды наклала лапу на гуманітарную дапамогу, а тыя, хто мог яе аказваць, ня хочуць дапамагаць дзяржаве.

Цыганкоў:
У нашай размове ўжо прагучала, што многімі чарнобыльскія арганізацыі ўспрымаліся выключна як гуманітарныя. Ці лёгка будзе адаптавацца ў сёньняшнім грамадзтве, (дзе трэба зарабляць, шукаць працу) тым людзям, якія значна залежаць ад гуманітарнай дапамогі? Ці няма тут сур’ёзнай праблемы?


Меляшкевіч: Калі шчыра, я ня ведаю ніводнай сям’і, якая цалкам існавала б коштам гуманітарнай дапамогі
Меляшкевіч: Калі шчыра, я ня ведаю ніводнай сям’і, якая цалкам існавала б коштам гуманітарнай дапамогі. Што можна зрабіць, каб чарнобыльцы упісваліся ў сацыяльную структуру грамадзтва? Натуральна, патрэбна разьвіваць прыватную ініцыятыву на месцах. Бо ўсіх адтуль немагчыма адсяліць. Зь іншага боку, людзі там пераважна вельмі пасіўныя. Самыя актыўныя зьехалі адтуль яшчэ ў 90-я гады. Таму патрэбныя спэцыяльныя праграмы, якія б нават улічвалі агульную пасіўнасьць

Шушкевіч:
Дапамагаць трэба канкрэтным людзям, лячыць іх. Але мне не падабаюцца, калі нехта хоча жыць з гуманітарнай дапамогі. Акрамя ліквідатараў, няма ў нас тых, хто павінен жыць за кошт дзяржавы ці гуманітарнай дапамогі. Людзі мусяць працаваць. А дапамога павінны быць тым, хто зьнявечыў сваё здароўе – а такіх людзей ня так ўжо і шмат у Беларусі.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG