Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці адчыніць Лукашэнку дзьверы ў Эўропу сустрэча з папам рымскім?


Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”, эфір 28-га красавіка

СЛУХАЦЬ:


Упершыню ў гісторыі кіраўнік Беларусі сустрэўся з папам рымскім — Бэнэдыктам XVI. Якія мэты і задачы імкнуліся вырашыць абодва бакі падчас гэтай сустрэчы? Якія будуць грамадзка-палітычныя наступствы перамоваў у Ватыкане? Ці стане сустрэча Лукашэнкі з прэм’ер-міністрам Італіі Бэрлюсконі пераломам у эўрапейскай палітыцы?

Удзельнікі: галоўны рэдактар часопісу “Аrche” Валерка Булгакаў і сустаршыня новастворанай партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” Павал Севярынец.

Валер Булгакаў
Павал Севярынец
Валер Карбалевіч

Якія мэты і задачы гэтай сустрэчы?

Валер Карбалевіч: “Паўгода таму сустрэча Лукашэнкі з рымскім папам разглядалася б амаль як сэнсацыя. Але, здаецца, цяпер зьявіўся новы палітычны кантэкст. Дыялёг Беларусі з ЭЗ ідзе шпаркімі тэмпамі. І на гэтым фоне такая сустрэча выглядае ня так сэнсацыйна. Навошта яна спатрэбілася абодвум бакам? Якія мэты і задачы імкнуліся вырашыць, з аднаго боку, кіраўнік Беларусі, зь іншага боку, Ватыкан?”

Валерка Булгакаў: “Насуперак заявам некаторых праваслаўных дзеячаў, тэрыторыя Беларусі ніколі не была тэрыторыяй Расейскай праваслаўнай царквы.
Гэта сымбалічная кампэнсацыя, прарыў на Захад пасьля 14-гадовай пярэрвы.
Тут пазыцыі каталіцтва сягаюць у такую ж сівую мінуўшчыну, як і пазыцыі праваслаўя. Каталіцкая царква — другая хрысьціянская канфэсія нашай краіны. Таму апостальская сталіца мае глыбокія інтарэсы ў падтрыманьні стасункаў з кіраўніцтвам Беларусі.

Што тычыцца інтарэсу Лукашэнкі, то тут спляліся некалькі фактараў. Найперш — гэта сымбалічная кампэнсацыя, прарыў на Захад пасьля 14-гадовай пярэрвы. З прыцэлам на тое, што Лукашэнка будзе адсутнічаць на ўстаноўчым саміце праграмы “Ўсходняе партнэрства” ў Празе.

Безумоўна, Лукашэнка імкнецца выкарыстаць гэтую сустрэчу, каб атрымаць максымальныя іміджавыя бонусы. Бо гэты візыт Лукашэнкі ўвайшоў у фокус міжнародных мэдыяў. Пра яго казалі і ў Нямеччыне, Польшчы, Італіі, Расеі“.

Карбалевіч: “Адсутнасьць Лукашэнкі на праскім саміце — яшчэ ня факт”.

Геапалітычны і маральны складнік


Павал Севярынец: “Там, дзе ёсьць каталікі, Ватыкан будзе весьці размову з кіраўнікамі краін незалежна ад таго, якая там сыстэма кіраваньня. Рымскія папы сустракаліся і з дыктатарамі, і з камуністычнымі кіраўнікамі. Размова на сустрэчы, хутчэй за ўсё, ішла пра стан і пэрспэктывы каталіцкага касьцёлу ў Беларусі, будаўніцтва новых храмаў, больш актыўную грамадзкую працу касьцёлу.

У дзейнасьці Ватыкану заўсёды моцны геапалітычны складнік. Супрацьстаяньне Захаду і Ўсходу ў цэнтры Эўропы заўсёды насіла палітычна-рэлігійны характар. У Беларусі гэта праяўлялася ці не найвастрэй. Задача Ватыкану — прасоўваньне на Ўсход.

Гаворка ідзе ня толькі пра палітычную, але і пра маральную легітымізацыю Лукашэнкі і ягонага рэжыму.
Стаўка Лукашэнкі на гэтых перамовах — вышэйшая. Гаворка ідзе ня толькі пра палітычную, але і пра маральную легітымізацыю Лукашэнкі і ягонага рэжыму. Таму гэтай сустрэчай Ватыкан бярэ на сябе пэўную адказнасьць за тое, што адбываецца ў Беларусі ў маральным пляне. Акрамя таго, прыезд Лукашэнкі ў Ватыкан са сваім малодшым сынам — гэта пэўны выклік каштоўнасьцям касьцёлу”.

Карбалевіч: “Галоўная праблема, што сын пазашлюбны”.

Булгакаў: “Лічу, што прыезд Лукашэнкі ў Ватыкан са сваім малодшым сынам не супярэчыць хрысьціянскім вартасьцям. Мы ня можам нават з упэўненасьцю сьцьвярджаць, што гэты сын пазашлюбны”.

Грамадзка-палітычныя наступствы перамоваў у Ватыкане

Карбалевіч: “Якія грамадзка-палітычныя наступствы гэтай сустрэчы? Адзіным практычным наступствам візыту Лукашэнкі, магчыма, будзе падпісаньне дакумэнту аб супрацоўніцтве паміж беларускаю дзяржаваю і каталіцкай царквою — умоўна кажучы, канкардат. Але, хачу адзначыць, гаворка пра такі дакумэнт ідзе з восені, калі Беларусь наведаў дзяржаўны сакратар Сьвятога Пасаду кардынал Тарчызіё Бэртонэ. І вось зноў размовы пра канкардат.

Але, мусіць, галоўны вынік сустрэчы, прынамсі для Лукашэнкі, ляжыць у палітычнай плашчыні. Некаторыя экспэрты кажуць, што сустрэча беларускага лідэра з рымскім папам стала нібыта маральнай легітымацыяй беларускага рэжыму, адчыніла яму дзьверы ў эўрапейскія сталіцы?“

Булгакаў: “Я б не пагадзіўся з надта жорсткай фармулёўкай сп. Севярынца наконт маральнай легітымізацыі. Сапраўды, рымскія папы з кім толькі не сустракаліся, з дыктатарамі.
Падзея гэтая адназначна пазытыўная, бо скіраваная ў бок збліжэньня Беларусі з Захадам.
І цяжка казаць, што ўсе тыя дыктатары атрымоўвалі ад рымскага папы маральную легітымацыю. Гэта сымбалічная акцыя, бо Сьвятая Сталіца адкрытая для дыялёгу.

Цяжка казаць пра далёкасяжныя наступствы з 25-хвіліннай сустрэчы. Сумніўна, што яны пасьпелі дасканала абмеркаваць падпісаньне канкардату і будаўніцтва касьцёлаў. Але, на мой погляд, падзея гэтая адназначна пазытыўная, бо скіраваная ў бок збліжэньня Беларусі з Захадам”.

Севярынец: “Стратэгічна і гістарычна гэтая падзея для Беларусі пазытыўная. Бо Беларусь пасоўваецца ў кірунку Эўропы. Але тое, як і ў які час гэта было зроблена, ставіць пад сумнеў гэтую ацэнку. Бо гэта адбываецца напярэдадні праскага саміту, у якім Лукашэнка, на мой погляд, будзе ўдзельнічаць. У эўрапейскага і беларускага грамадзтва існуе зьбянтэжанасьць ад удалага выкарыстаньня Лукашэнкам геапалітычнай сытуацыі. Ад Лукашэнкі чакаюць нейкіх зьменаў, а ён ня хоча нічога мяняць. Таму задавальненьня і гонару за краіну ў мяне не ўзьнікае. Безумоўна, візыт Лукашэнкі да папы рымскага — гэта індульгенцыя для многіх эўрапейскіх кіраўнікоў, якія б хацелі размаўляць з Лукашэнкам”.

Сустрэча Лукашэнкі з Бэрлюсконі

Карбалевіч: “Меркаваньні пра тое, што сустрэча Лукашэнкі з папам адчыняе дзьверы ў эўрапейскія сталіцы, спраўдзіліся вельмі хутка. У панядзелак вечарам Лукашэнку прыняў прэм’ер-міністар Італіі Сыльвіё Бэрлюсконі разам з сваім міністрам замежных спраў. Італія — адна з буйных дзяржаваў ЭЗ, уваходзіць у васьмёрку найбольш уплывовых дзяржаваў сьвету, якія кожны год зьбіраюцца на саміт. Абвешчана, што ўжо гэтым годам магчымы візыт Бэрлюсконі ў Беларусь. Такім чынам, ізаляцыя афіцыйнага Менску на эўрапейскім кірунку прарваная?”

Булгакаў: “Калі браць фактычна-фармальны аспэкт, то, безумоўна, так. Хачу адзначыць, што размова Лукашэнкі з Бэрлюсконі была даўжэйшая (больш за 3,5 гадзіны), чым з рымскім папам. Калі з апошнім сустрэча адбывалася ў рамках міждзяржаўнага этыкету, то перамовы з
Але Лукашэнка мусіць нечым ахвяраваць, у прыватнасьці памяншэньнем градусу аўтарытарызму ўнутры краіны.
Бэрлюсконі нагадвалі па працягласьці сустрэчы Лукашэнкі з кіраўнікамі Расеі.

Калі Бэрлюсконі лічыць сваім сябрам Пуціна, то чаму б не сустрэцца з беларускім прэзыдэнтам? Гэта паказвае, што эўрапейскія палітыкі дастаткова гнуткія і цынічныя. Думаю, Італія для такога візыту была выбраная нездарма. У іншых эўрапейскіх сталіцах, напрыклад — у Варшаве ці Празе, такая размова не магла б адбыцца ў прынцыпе.

Я ацэньваю гэтую сустрэчу пазытыўна. Хоць яна дадае Лукашэнку легітымнасьці. Але ён мусіць нечым ахвяраваць, у прыватнасьці памяншэньнем градусу аўтарытарызму ўнутры краіны.

Севярынец: “Таксама адзначу, што гэта працэс пазытыўны, бо Беларусь рухаецца на Захад. Але Эўропу ўзялі за мяккае міжземнаморскае падбрушша. Пасьля гэтага адбудзецца выхад на іншыя эўрапейскія сталіцы. Гэта посьпех Лукашэнкі, але ці ёсьць гэта посьпех Беларусі? Добра, калі гэта прывядзе да паляпшэньня сытуацыі ўнутры Беларусі, выпраўленьня геапалітычнага дысбалянсу.

Але падазрона, што першы эўрапейскі кіраўнік, які прыняў Лукашэнку, — лепшы сябра Пуціна. Цалкам магчыма, што Лукашэнка дзейнічае цяпер пры падтрымцы расейскага МЗС”.
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG