Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прафэсар Дунаеў: “У дачыненьнях зь Беларусьсю ЗША наблізяцца да Эўразьвязу”


Барак Абама

Барак Абама

СЛУХАЦЬ:


У сераду амэрыканскі прэзыдэнт Барак Абама адзначае першую адметную дату на высокай пасадзе — 100 дзён знаходжаньня ў Белым Доме. Традыцыйна за гэты тэрмін вызначаюцца намеры і кірункі дзейнасьці новай амэрыканскай адміністрацыі. Пра яе першыя крокі, пра магчымыя зьмены амэрыканскай палітыкі датычна Беларусі — размова з прафэсарам Уладзімерам Дунаевым.

Мой суразмоўца — адзін са стваральнікаў асацыяцыі беларускіх амэрыканістаў, абіраўся яе віцэ-прэзыдэнтам. Навуковыя інтарэсы спадара Дунаева дагэтуль зьвязаныя з амэрыканскай філязофіяй. Ён па-ранейшаму ўважліва адсочвае ўсе падзеі ў Злучаных Штатах.

Першыя 100 дзён Барака Абамы адзначаюцца вялікай насычанасьцю канкрэтных дзеяньняў і важных заяваў. Іх аб’ядноўвае жаданьне новага прэзыдэнта не паўтараць крокаў свайго папярэдніка, падкрэсьлівае спадар Дунаеў:

Уладзімер Дунаеў
“Мне здаецца, што за гэты час было шмат захадаў, якія дэманструюць жаданьне зьмяніць як унутраную, так і зьнешнюю палітыку ЗША. Існуе імідж былога прэзыдэнта Джорджа Буша, які нібыта нарабіў шмат памылак. І зараз адбываецца так — новы прэзыдэнт павінен рабіць нешта такое, што кантрастуе з тым, што рабіў прэзыдэнт Буш”.

Глод: “І, мабыць, тут можна казаць пра пэўныя навацыі ў падыходах новай адміністрацыі да так званых праблемных краінаў — напрыклад, той жа Кубы. Дарэчы, Барак Абама ўжо згадваў і Вэнэсуэлу, і Іран, і Паўночную Карэю, і некаторыя іншыя падобныя дзяржавы. Але пра Беларусь ён пакуль нічога не сказаў. І ў Менску ўжо можна пачуць: дэмакраты, у адрозьненьне ад рэспубліканцаў, ня маюць ніякай цікавасьці да Беларусі. Вы з гэтым згодны?”

Дунаеў:
Беларусь ня будзе ў цэнтры ўвагі новага прэзыдэнта.
“Будзем спадзявацца, што адміністрацыі Абамы ёсьць справа і да Беларусі. Але Беларусь ня будзе ў цэнтры ўвагі новага прэзыдэнта. І гэта — адлюстраваньне і сьведчаньне таго, што да нашай краіны пачалі па-іншаму ставіцца эўрапейскія краіны. Цяпер ёсьць палітыка „Ўсходняга партнэрства“. І ёсьць устаноўкі і спадзяваньні на тое, што Беларусь інтэгруецца ў эўрапейскую прастору. Таму, мне здаецца, гэтая эўрапейская палітыка будзе ў значнай меры дыктаваць і крокі новай адміністрацыі на беларускім кірунку”.

Глод: “Візыт Аляксандра Лукашэнкі да папы рымскага, яго сустрэча з італьянскім прэм’ерам — гэта таксама праявы новай эўрапейскай палітыкі?”

Дунаеў: “Так.
І ЗША прыйдзецца рабіць крок насустрач Беларусі, каб заахвоціць яе да пераменаў.
Першыя крокі — гэта палітыка „Ўсходняга партнэрства“. А гэта — як яе разьвіцьцё. І мне здаецца, што цяпер у Злучаных Штатаў ня вельмі шмат прасторы для манэўраў. Таму што калі эўрапейская палітыка адносна Беларусі выявіцца больш станоўчай і калі палітыка санкцыяў і ізаляцыі выявіцца неэфэктыўнай, то, мне здаецца, і ЗША прыйдзецца рабіць крок насустрач Беларусі, каб заахвоціць яе да пераменаў”.

Глод: “У пасланьні да парлямэнту і беларускага народу Аляксандар Лукашэнка казаў пра жаданьне нармалізаваць дачыненьні са Злучанымі Штатамі. Наколькі, на ваш погляд, гэта шчыра?”

Дунаеў: “Мне здаецца, што гэта больш рыторыка. Але ёсьць і спадзяваньні на тое, што новая адміністрацыя ЗША будзе менш крытычнай да сытуацыі ў Беларусі. А наагул усё выглядае так, што сама Беларусь нічога не зьмяняе ўнутры краіны, але хоча, каб іншыя краіны зьмянілі свой погляд на тое, што тут адбываецца. І каб яны ставіліся да ўсяго менш крытычна.

Але ў новай сытуацыі ЗША ня робяць выгляду, што яны ня бачаць гэтых праблем у Беларусі. І гэта вельмі важна. Аднак мне здаецца, што дыпляматычны падыход, так, як яго разумеюць цяпер у Амэрыцы, — гэта дыялёг зь дзяржавай. Нават калі гэтая дзяржава недэмакратычная, зь ёй трэба размаўляць, зь ёй трэба весьці дыялёг. З прынцыповых пазыцый, але і размаўляць, і весьці дыялёг“.

Глод: “Звычайна лічыцца, што дэмакратычнай партыі, якая цяпер ва ўладзе, больш, чым рэспубліканскай, рупяць правы і свабоды чалавека. Дык чаго можна чакаць у бліжэйшы час ад новай адміністрацыі ЗША на беларускім кірунку?”

Дунаеў: “Гэта вельмі распаўсюджаны пункт гледжаньня. І, можа, сапраўды гэта так. Але, мне здаецца, у дэмакратаў будзе больш кампрамісны падыход. Так, правы чалавека будуць у цэнтры ўвагі, аднак інструмэнталізацыя гэтых правоў будзе іншая, чым раней. Не такая жорсткая”.
XS
SM
MD
LG