Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвіны грып, выяўлены спачатку ў Мэксыцы, ужо перакінуўся на іншыя краіны сьвету. Першыя выпадкі захворваньня зафіксаваныя ў Эўропе — у Гішпаніі і Шатляндыі. Сьвіны грып больш небясьпечны за звычайны і пры гэтым можа перадавацца ад чалавека чалавеку. Гэты вірус камбінуе генэтычны матэрыял вірусаў, якія выклікаюць грып у сьвіней, птушак і чалавека. Санітарныя службы Беларусі ўзмацняюць кантроль на межах.

СЛУХАЦЬ:

Паводле апошніх зьвестак, колькасьць людзей, якія памерлі ад сьвінога грыпу ў Мэксыцы, ужо перавысіла паўтары сотні, яшчэ дзьве тысячы шпіталізаваныя. На дадатак да ранейшых выпадкаў заражэньня ў ЗША і Канадзе абвешчана пра тое, што сьвіны грып дыягнаставаны ў Гішпаніі — блізу 20 чалавек знаходзяцца пад кантролем лекараў. Выпадкі захворваньня адзначаныя ў Вялікай Брытаніі — вірус знойдзены ў двух жыхароў Шатляндыі. Апроч таго, падазрэньні на хваробу пацьвердзілі ўлады Бразыліі, Францыі, Аўстраліі, Новай Зэляндыі. Паводле інфармацыі расейскіх мэдыяў, у адным з маскоўскіх шпіталяў на наяўнасьць у крыві небясьпечнага вірусу правяраецца маладая жанчына, пасажырка авіярэйсу з Мэхіка.

У Беларусі з эпідэміяй змагаюцца на подступах да дзяржаўных межаў. Галоўны санітарны лекар Беларусі Валянціна Качан зазначае, што найбольшая ўвага аддаецца авіяпасажырам, якія транзытам праз Эўропу ляцяць з амэрыканскага кантынэнту:

“Яшчэ да прыбыцьця самалёту праз сувязь з экіпажам нашы супрацоўнікі ўдакладняюць, ці ёсьць якіясьці моманты, якія насьцярожваюць; ці ёсьць асобы, якія зьвярталіся па мэдычную дапамогу. Праводзіцца мэдычны агляд сіламі супрацоўнікаў санітарна-карантынных пунктаў. І ў выпадку неабходнасьці, калі сытуацыя будзе вымагаць рашучых дзеяньняў, людзей могуць нават адвезьці ў шпіталь на карантын”.
Кантроль за эпідэміялягічнай сытуацыяй адносіцца да вэтэрынарнай службы. Таму на кожным участку мяжы маюцца вэтэрынарныя пасты, якія ажыцьцяўляюць кантроль за ўвозам жывёлаў, увозам расьлінаў, прадуктаў. І такі кантроль узмоцнены

У Дзяржаўным памежным камітэце пацьвердзілі, што ў стан падвышанай гатовасьці прыведзеныя вэтэрынарныя службы на ўсіх памежных пераходах. Больш пільныя ў ацэнцы бягучай сытуацыі і самі памежнікі:

“Справа ў тым, што кантроль за эпідэміялягічнай сытуацыяй адносіцца да вэтэрынарнай службы. Таму на кожным участку мяжы маюцца вэтэрынарныя пасты. Гэта іх кампэтэнцыя, і так званы вэткантроль стаіць на мяжы. Яго супрацоўнікі ажыцьцяўляюць кантроль за ўвозам жывёлаў, увозам расьлінаў, прадуктаў. Гэта ўсё па іх лініі. І такі кантроль узмоцнены”.

Стала вядома, што санітарна-карантынныя пункты арганізаваныя на найбуйнейшых чыгуначных вакзалах Беларусі, найперш у Менску. Галоўная задача спэцыялістаў — стварыць заслону для інфэкцыі, якую ненаўмысна могуць прывезьці з сабой турысты. Таксама ня выключана, што цягам бліжэйшага часу могуць быць папоўненыя запасы вакцыны супраць атыповай хваробы. Між тым, як лічыць галоўны санітарны лекар краіны Валяціна Качан, падставаў для стварэньня экстранай камісіі для барацьбы зь вірусам у Беларусі пакуль няма. Першым чынам спэцыялісты раяць папросту адтэрмінаваць паездкі ў карантынныя зоны.

А вось міжнародныя арганізацыі аддаюць сьвіному грыпу падвышаную ўвагу. Некалькі дзён запар вядуць кансультацыі экспэрты Міжнароднай арганізацыі аховы здароўя. У мэтах перасьцярогі арганізацыя падвысіла сваю ацэнку пагрозы інфікаваньня з трэцяга да чацьвёртага ўзроўню — усяго ў клясыфікацыі шэсьць ступеняў. Галоўная праблема палягае ў тым, што пра вірус вельмі мала вядома. Гэта і тлумачыць ягонае хуткае распаўсюджваньне па сьвеце. На 30 красавіка заплянаваная Надзвычайная рада міністраў аховы здароўя Эўразьвязу.

Тым часам Сусьветны банк прыняў рашэньне выдаткаваць Мэксыцы крэдыт памерам 200 мільёнаў даляраў на барацьбу з эпідэміяй. Прагнозы на стварэньне “антыатруты” пакуль ня вельмі аптымістычныя — неабходныя ўзоры вакцыны будуць гатовыя хіба што праз 4—6 месяцаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG