Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Улады забяруць у Натальлі Радкевіч другое сэрца”


Пры канцы сакавіка ўсе афіцыйныя выданьні ды тэлевізію абляцела сэнсацыйная навіна — школьнай прыбіральшчыцы Натальлі Радкевіч упершыню ў Беларусі менскі хірург Юры Астроўскі зрабіў апэрацыю па перасадцы сэрца.


Імплянтант перавезьлі аж з Брэста. Днямі спадарыня Радкевіч была выпісаная з РНПЦ “Кардыялёгія” і прыехала ў родны Клецак.

Стукаюся ў дзьверы невялікага, урослага ў зямлю, драўлянага дамка непадалёк ад цэнтру. Адчыняе паўнаватая жанчына сярэдняга веку з марлевай павязкай амаль на ўвесь твар. Прыезду чарговага журналіста Натальля Радкевіч зусім ня рада.

“Добры дзень, але што вы хочаце — зачыніце дзьверы, бачыце, чалавек пасьля апэрацыі. Вы ж у газэтах чыталі — ва ўсіх амаль што друкавалася. Прабачце, я не жадаю мець з вамі стасункаў — сур’ёзна кажу. Я просты чалавек, а вы ўключылі мікрафон”

Наступная кароткая размова адбываецца толькі дзякуючы прысутнасьці настаўніцы Іны Кебікавай, зь якой Натальля працавала ў школе.

Пытаемся: ці ёсьць шанцы на атрыманьне кватэры ў Менску пасьля двух зваротаў да Лукашэнкі? Жанчыну першы год мусяць штотыдзень глядзець лекары. У Клецку ж няма нават кардыёляга. Пытаемся і пра тое, ці далі пэнсію па інваліднасьці, ці павялічылі дапамогу на двух хлопчыкаў, адзін зь якіх яшчэ грудны.

“Маленькая. Мне трэба, канешне, нейкі час акліматызацыі. Дай Бог, каб кватэру далі — мне самае галоўнае...”

Пакуль у Натальлі толькі адмова Менскметрабуду выдзеліць пакой у інтэрнаце. Там было апошняе месца працы беспрацоўнага цяпер мужа Юрыя. Вядомы праваабаронца, рэдактар незалежнага выданьня “Бойкі Клецк” Сяргей Панамароў ведае сытуацыю не праз чуткі. Зь Юрыем Радкевічам ён у прыяцельскіх адносінах.

Сяргей Панамароў
“Мяне ўразіў артыкул за 28 мінулага месяца ў “Советской Белоруссии” — “добрая дзяржава зрабіла бясплатную апэрацыю па сэрцы, яе цалкам ашчасьлівіла”. Першая пацыентка паехала дахаты. Але на цэлы год ёй патрэбны асобны пакой. А ў яе ўсяго 17 квадратных мэтраў жылых, маленькая кухенька. Інваліднасьць другой групы — першай ёй не адшкадавалі. Гэта 187 тысяч. Такая ж дапамога на дзетак — на іх “сядзіць” муж. А ёй патрэбна ўзмоцненае харчаваньне, чыстая садавіна, стабільныя вандроўкі ў кардыялягічны цэнтар. Наш мясцовы тэрапэўт паехала на пару дзён у РНПЦ, і яе нібыта навучылі. Ці дапаможа? А калі не? Бо малы Натальлі падхапіў інфэкцыю, а для яе гэта вельмі небясьпечна. А муж мне сказаў: “У нас няма 50—60 тысяч на аўтобус, ня кажучы пра лекі”. На сёньня прыехала яна ў сваю халупу, дзе ўсе выгоды на вуліцы, няма гарачай вады. Высакароднасьць лекараў, што правялі такую складаную, дарагую апэрацыю. Улада наплявала-начхала на гэтую сям’ю. У яе другі раз аднімуць сэрца, але вінаватыя ў гэтым будуць “паслугі” (ў двукосьсі) сёньняшняга рэжыму…”

Яшчэ на гэтую тэму

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG