Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Кася Сьцяпанава: Родная мова – падстрахоўка ад непрыемнасьцяў


Кася Сьцяпанава

Кася Сьцяпанава

Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня – першакурсьніца Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту ў Вільні віцяблянка Кася Сьцяпанава.



“Чаго ты глядзіш на мяне, як Ленін на буржуазію?” – пытаецца па-расейску п’яны бомж гадоў шасьцідзесяці ў літоўскага студэнта, які сядзіць побач са мной у тралейбусе. Хлопец, можа, і адказаў бы якім моцным слаўцом, каб ведаў, пра што гаворыць гэты чалавек у брудным. Толькі літоўская моладзь амаль не размаўляе па-расейску.

Выключэньні ёсьць, але іх ня так шмат. Гэта пераважна дзеці з рускіх ці беларускіх сем’яў, чые бацькі некалі эмігрыравалі ў Літву.

Кася Сьцяпанава - віцяблянка, першакурсьніца Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту ў Вільні. Пераможца конкурсу эсэ на тэму “Што для мяне ёсьць Беларусь”, праведзенага ў межах кампаніі "Будзьма", міжнародных літаратурных конкурсаў ЗБС "Бацькаўшчына". Навучаецца па спэцыяльнасьці "масавыя камунікацыі і журналістыка". Кася захапляецца сучаснай літаратурай і хэндмэйдам.

Мабыць з-за гэтага, а можа і зь іншых прычынаў, студэнты ЭГУ ўтвараюць своеасаблівае гета – зносяцца пераважна толькі паміж сабой. На шчасьце, паразумецца зь літоўскімі аднагодкамі дапамагае добрае веданьне ангельскай, якое забясьпечвае навучальная праграма. Тым болей, у Вільні вучыцца вялікая колькасьць студэнтаў з Партугаліі, Гішпаніі, Турцыі ды іншых краінаў сьвету. Яны прыяжджаюць сюды па студэнцкім абмене.

Часта пытаюць, ці не ўзьнікала ў мяне праблем з-за рускай гаворкі? Не было. Але разок злавіўшы на сабе погляд хлопца з голенай галавой і з нашыўкай на куртцы ў выглядзе літоўскага сьцяга, я зразумела: родная мова – ня толькі сымбаль нацыі, а яшчэ, так скажам, падстрахоўка ад непрыемнасьцяў.

Кажуць, такое дастаткова спакойнае стаўленьне да рускай мовы існуе толькі ў Вільні. Мабыць, мне проста шанцуе, але ні ў Каўнасе, ні ў Панявежысе, славутых агрэсіўнымі нацыяналістамі, праблем таксама не ўзьнікала.

Я ведаю: многія беларусы дастаткова балюча перажываюць сытуацыю білінгвізму ў роднай краіне. Вільня ў гэтым сэнсе не перастае мяне зьдзіўляць.Я ведала і пра ўкраінскі “суржык” і, натуральна, пра нашую родную “трасянку”. Але такой дзіўнай і стракатай, мовы, як тут, ня чула нідзе. Мясцовым жыхарам удаецца зьмешваць рускую,беларускую, польскую, літоўскую мовы. І пры гэтым усе выдатна разумеюць адно аднаго.

Тым ня менш, літоўцы ніяк ня могуць уцяміць, чаму ў Беларусі не размаўляюць па-беларуску?

Яны вельмі сур’ёзна і адказна ставяцца да сваёй мовы, і мне ня раз даводзілася чуць: “Вы ў Літве, вучыцеся гаварыць па-літоўску!”

"Labas”, – вітаюся ў Менску са сваім знаёмым, які прыехаў зь Літвы вучыцца ў нашу акадэмію мастацтваў. Ён сьмяецца :"У цябе ўжо віленскі акцэнт". Але разумею: ён сумуе ў Беларусі па сваёй роднай мове, а я па матчынай – і ў Вільні, і ў Віцебску…

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG