Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Трэба выйсьці на плошчу з эўрапейскімі і беларускімі сьцягамі”


Запрашэньне Аляксандра Лукашэнкі на саміт у Прагу, а таксама іншыя тэмы — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на “Свабоду”.


Запрашэньне Аляксандра Лукашэнкі на саміт кіраўнікоў краін праграмы “Ўсходняе партнэрства” ў Прагу — адна з тэмаў абмеркаваньня слухачоў “Свабоды”.

Спадарыня: “Шаноўная “Свабода”! Для паразуменьня праціўнікаў і прыхільнікаў запрашэньня Лукашэнкі на саміт у Прагу прапаную на “Свабодзе” падрыхтаваць перадачу пра разьвіцьцё дэмакратыі на Карэйскай паўвысьпе. З павагай, прыхільнік Мірона”.

Бялькевіч, Салігорск: “Паважаная “Свабода”! У дзень адкрыцьця саміту, я так думаю, нашай апазыцыі трэба выйсьці на плошчу з эўрапейскімі і беларускімі сьцягамі ў падтрымку “Ўсходняга партнэрства”. Калі Эўрапарлямэнт ня грэбуе перамовамі з Лукашэнкам, то апазыцыі трэба быць мудрэйшай і гэты момант трэба выкарыстоўваць”.

Выказваньне камэнтуе намесьнік старшыні партыі БНФ Вінцук Вячорка:

“У партыі БНФ ёсьць пазыцыя. Мы прынялі яе адразу, як толькі была агучаная ідэя “Ўсходняга партнэрства”. Мы вітаем канцэпцыю ўлучэньня Беларусі як краіны ў суцэльную эўрапейскую геапалітычную прастору. І мы віталі “Ўсходняе партнэрства” як інструмэнт гнуткі, які дастасоўваецца да ўмоваў у кожнай канкрэтнай краіне, падштурхоўваючы яе да дэмакратычных эўрапейскіх зьменаў. Але мы ня верым у тое, што пры Лукашэнкавай уладзе Беларусь зможа скарыстацца з прэфэрэнцыяў эўрапейскага партнэрства, менавіта як краіна, менавіта як народ. І сёньня галоўным тормазам эўрапеізацыі Беларусі, вяртаньня Беларусі ў Эўропу ёсьць менавіта Аляксандар Лукашэнка, яго ўлада і яго сыстэма”.

Працягваем праграму яшчэ адным выказваньнем.

Аляксандар Лапіцкі: “Аляксандар Лукашэнка ў ягоным пасланьні да парлямэнту і народу назваў сваіх палітычных апанэнтаў ворагамі народа за тое, што яны выступаюць за ягоную палітычную ізаляцыю ад дэмакратычных краін. Гэта нядрэнная пахвала з боку Аляксандра Лукашэнкі ў бок сваіх палітычных апанэнтаў, і ў тым ліку і ў бок ахвяр палітычных рэпрэсій горада Менска, якія таксама выступаюць за палітычную ізаляцыю Лукашэнкі ад эўрапейскіх краін. Аляксандар Лукашэнка сваімі рукамі зрабіў прэзыдэнта краіны нелегітымным, дзякуючы ягонай нелегітымнай канстытуцыі Беларусі 1996 году. І каб ізноў дэмакратычныя сілы краіны не распачалі рух аб адхіленьні яго ад улады, ён сьвядома ў 1996 годзе на так званым рэфэрэндуме не занёс у Канстытуцыю палажэньне аб адхіленьні прэзыдэнта ад улады за парушэньне Асноўнага закону. Лукашэнка неўзабаве пачаў парушаць Канстытуцыю, ведаючы, што ня будзе адхілены ад улады за гэтыя парушэньні. Але пра гэта іншым разам”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375 29 391 22 24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG