Лінкі ўнівэрсальнага доступу

28 красавіка -- Усясьветны дзень аховы працы. Якая сытуацыя з траўматызмам на вытворчасьці склалася ў Беларусі?

329 чалавек летась загінула на вытворчасьці ў Беларусі, паведамляе сайт Фэдэрацыі прафсаюзаў беларускай. Паводле ФПБ, траўматызм, у тым ліку са сьмяротнымі выпадкамі, апошнім часам зьнізіўся. Але на сайце няма дакумэнтальнага пацьверджаньня гэтай заявы. “У межах Дня аховы працы будуць праведзеныя сустрэчы з грамадзянамі, якія сталі інвалідамі з-за траўм на вытворчасьці і прафэсійных захворваньняў. Будзе знойдзеная магчымасьць аказаць ім матэрыяльную дапамогу”, -- паведамляюць у ФПБ, не указваючы пры гэтым памер дапамогі.

Што дапамагае зьнізіць траўматызм? Паводле Сяргея, інжынэра па тэхніцы бясьпекі будаўнічай управы зь Берасьця, асноўным сродкам змаганьня за бясьпеку застаецца рубель.

“Так, я адказваў за траўматызм перад кіраўніцтвам. Калі адзін-два выпадкі, то яшчэ нічога. А калі сярэдняга ўзроўню ён дасягае, то пачынаюцца штрафы. Звычайна прэміі пазбаўляюць”.

Апошнім часам патрабаваньні і санкцыі за парушэньні сталі больш жорсткія, за сьмяротныя выпадкі абавязкова звольняць. Але каб аддалі пад суд – Сяргей такога ня ведае.

У штаце прафсаюзных арганізацый, якія ўваходзяць ў ФПБ, ёсьць гэтак званыя тэхнічныя інспэктары. Ім нададзенае права правяраць арганізацыю бясьпекі на вытворчасьці і дамагацца выпраўленьня недахопаў. Старшыня незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці Аляксандр Бухвостаў, аднак, мяркуе, што правы тэхнічных інспэктараў у ФПБ – фармальныя, паколькі самі гэтыя прафсаюзы ёсьць дзяржаўныя. Таму Аляксандр Бухвостаў не давярае і статыстцы ФПБ.

“Статыстыка, якая там ёсьць на сайце, калі вы яе паглядзіце, яна не сапраўдная. Бо не адлюстроўвае рэальны стан спраў. Гэтак, сьмяротныя выпадкі часта спрабуюць перавезьці ў стан невытворчых. Бо ў іх ставіцца задача на зьніжэньне паказчыкаў траўматызму і, як у савецкі час, па адміністрацыйнай лесьвіцы ўсё кантралюецца і быццам зьніжаецца. Але паводле нашых назіраньняў, каб дамагчыся сапраўднага пералому, патрэбныя калясальныя намаганьні”.

Аляксандр Бухвостаў пералічыў асноўныя фактары, з-за якіх траўматызм ў Беларусі застаецца высокім: старое абсталяваньне, недахоп кантролю і масавае парушэньне правоў працаўнікоў з боку адміністрацыі.

“Адміністрацыя патрабуе выкананьня заданьняў любой цаной, у любых умовах. Зімой прымушаюць людзей працаваць у цэхах з нулявой тэмпэратурай. Эканомяць на добрых умовах працы паўсюдна – нездарма ў салігорскіх шахцёраў сярэдняя працягласьць жыцьця – 50 гадоў, ”—кажа спадар Бухвостаў.

Паводле незалежных прафсаюзаў, на ўмовах працы і на тэхніцы бясьпекі эканомяць і ўладальнікі прыватных прадпрыемстваў. Там узровень траўматызму і прафэсійных захворваньняў там нават вышэйшы, чым на шкоднай вытворчасьці ў дзяржаўным сэктары.
XS
SM
MD
LG