Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Васіль Быкаў: “А ў нас тут шчасьця ня будзе…”


Выйшаў з друку чарговы, 39-ы нумар незалежнага літаратурна-мастацкага часопісу “Дзеяслоў”. Ён адкрываецца вершамі паэта Алеся Разанава. Аматары прыгожага пісьменства з асалодай сустрэнуць у паэтычным разьдзеле новыя творы Анатоля Вярцінскага, Аксаны Данільчык, Віктара Сьлінко, Уладзімера Мароза, Ірыны Бельскай.

З вынесеных на вокладку імёнаў аўтараў новага “Дзеяслова” маю ўвагу прыцягнула перадусім імя Васіля Быкава. Гэта інтэрвію народнага пісьменьніка, дадзенае ім у чэрвені 1995 году тагачаснаму супрацоўніку тыднёвіка “Літаратура і мастацтва” Юрасю Залозку. Яно праляжала ў архіве чатырнаццаць гадоў, але ў гэтай публікацыі — адказы ці не на ўсе сёньняшнія пытаньні. І чаму Беларусь засталася савецкай, і куды зьнік беларускі народ, і чаму расейскія дэмакраты не разумеюць нацыянальныя памкненьні іншых народаў, і чаму ў беларусаў шчасьця ня будзе…

Гутарка сканчваецца словамі Васіля Быкава: “Шчасьлівейшыя прыбалты, яны выйшлі з-пад ног Расеі, засталіся збоку, пры моры. А мы — на парозе Расеі, па гэтаму шчасьця нам тут ня будзе, як ня стала яго колісь Вялікаму княству Літоўскаму: усё па той жа прычыне — што апынуліся „паміж“. Натуральна, у тых умовах, каб уратавацца, „Літва“ і адціснулася ўбок, да Балтыйскага мора, і там захавалася. А ў нас тут шчасьця ня будзе…”

Згадкамі пра некаторыя прыватныя моманты сяброўства з Васілём Быкавым сканчваецца і пасьмяротная публікацыя ў гэтым нумары мэмуарнага эсэ Карласа Шэрмана “Блуканец”. Былы віцэ-прэзыдэнт Беларускага ПЭН-цэнтру паэт і перакладчык твораў Хорхэ Луіса Борхеса і Габрыэля Гарсія Маркеса распавядае пра сваё знаёмства з гэтымі арыстакратамі лацінаамэрыканскай літаратуры і пра некаторыя міты іх жыцьця і творчасьці.

Наогул, гэты нумар “Дзеяслову” багаты на вандроўкі ў таямнічыя спраты памяці шмат каго са знакавых асоб беларускай культуры. Тут і новыя абразкі з дакумэнтальнай аповесьці народнага паэта Ніла Гілевіча “Перажыўшы вайну”, і працяг “Дзёньнікавых запісаў” былога дырэктара выдавецтва “Мастацкая літаратура” Міхала Дубянецкага, і эсэ скандальна вядомага ў 1990-х гадах мастака Алеся Тарановіча, і драматургічная спроба Сяргея Кавалёва ўявіць абставіны напісаньня Максімам Багдановічам свайго не надрукаванага дагэтуль “Інтымнага дзёньніка”.

Сваё чытацкае ўражаньне хачу завершыць згадкай пра яшчэ адну публікацыю, якая называецца “Трызна мінуўшчыны”. Яе аўтар — знакаміты мастак-вандроўнік Язэп Драздовіч. Надрукаваная ў “Дзеяслове” ягоная эпічная паэма напісана ў 1936 годзе, але яе вольналюбны матыў ня страціў надзённасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG