Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фратыні: “Беларусь сама вырашыць, каго накіраваць на саміт”


Пра гэта кіраўнік МЗС Італіі заявіў сёньня пасьля заканчэньня сустрэчы міністраў Эўразьвязу ў Люксэмбургу, дзе сярод іншага абмяркоўвалася й пытаньне магчымага ўдзелу ў праскім саміце Аляксандра Лукашэнкі.

Цяпер беларускі кіраўнік знаходзіцца ў Рыме. Сёньня ўвечары ён запрошаны на вячэру, якую ладзіць у ягоны гонар прэм’ер-міністар краіны Сыльвіё Бэрлюсконі і ў якой таксама мае ўдзельнічаць і Франка Фратыні.

Як заявіў Фратыні, пэўнасьці адносна таго, што прэзыдэнт Лукашэнка прыбудзе ў Прагу, усё яшчэ няма. “Існуе такая верагоднасьць, – падкрэсьліў міністар, – хоць запрашэньне было зробленае для Беларусі, а не асабіста для Лукашэнкі. Хай гэта, аднак, вырашаць самі беларускія ўлады”.

Паводле кіраўніка італьянскага МЗС, у часе травеньскага саміту ў Празе ня будуць абмяркоўвацца беларускія ці малдаўскія праблемы.

Прыём кіраўнікоў постсавецкіх краінаў у Празе, лічыць міністар, гэта дэманстрацыя ўвагі Эўразьвязу да гэтага рэгіёну, але, зразумела, “мы ня можам устрымацца ад вырашэньня такіх пытаньняў, як правы чалавека”.
XS
SM
MD
LG