Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паездка ў Ватыкан — “палітычны прагматызм”


Сёньня кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка ў Ватыкане сустрэўся з папам рымскім Бэнэдыктам XVI. Ён перадаў пантыфіку запрашэньне наведаць Беларусь. Тым часам урад Італіі заклікаў Лукашэнку “паважаць правы і асноўныя свабоды беларускіх грамадзянаў”. Як рэагуюць на гэта ў Менску?

Валянцін Акудовіч
Філёзаф Валянцін Акудовіч бачыць у гэтым візыце “выключна палітычную прагматыку”. Ён нагадвае: два тыдні таму кіраўнік Беларусі казаў пра неабходнасьць больш шчыльнага супрацоўніцтва дзяржавы з рэлігійнымі канфэсіямі. Асабліва цяпер, калі трэба разам супрацьстаяць цывілізацыйным выклікам сучаснасьці, найперш — усясьветнаму крызісу:

“Мы ўсьведамляем, адкуль паходзяць гэтыя інтэнцыі спадара Лукашэнкі. Бясспрэчна, гэта палітычныя крокі, бо ўнутры ён далёкі хоць ад якой-небудзь веры.

Рэальна ні царква, ні касьцёл, ні нейкая іншая рэлігія ня можа хоць якім-небудзь чынам уплываць на тыя падзеі, што адбываюцца сёньня ў сьвеце. Гэта — маё глыбокае перакананьне, што ўсе рэлігійныя інстытуты (незалежна ад іх прыналежнасьці) на сёньняшні дзень зьяўляюцца маргінальнымі. І яны ня маюць уплыву на тыя цывілізацыйныя праблемы, якія паўстаюць перад усім чалавецтвам. Таму, акрамя чыста палітычнай прагматыкі, я тут нічога іншага ня бачу“.

Валянцін Стэфановіч
Праваабаронца Валянцін Стэфановіч зьвяртае ўвагу на заклік ураду Італіі да Лукашэнкі паважаць правы і асноўныя свабоды беларускіх грамадзянаў. Спадар Стэфановіч бачыць наўпроставую сувязь паміж гэтым заклікам і запрашэньнем Беларусі ў праграму “Ўсходняе партнэрства”:

“Гэта пазыцыя такая — так, Беларусь запрошаная ва “Ўсходняе партнэрства”. Але Эўразьвяз чакае ад яе павагі да асноўных правоў і свабодаў чалавека. Гэта значыць, што рэкамэндацыі ЭЗ адносна паляпшэньня сытуацыі з правамі чалавека і дэмакратызацыі застаюцца актуальнымі. І ў дадзеным выпадку Італія прытрымліваецца гэтага агульнага падыходу.

І сапраўды, я думаю, што ЭЗ зараз чакае ад Беларусі пэўных крокаў. Гэта добра, што зьмянілася, можа, крыху палеміка і яе тон. Але з боку Беларусі павінны быць больш грунтоўныя крокі, скіраваныя на сыстэматычныя зьмены — я маю на ўвазе, зьмены ў заканадаўстве“.

“Рытуальным” называе візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Ватыкан палітоляг Аляксандар Класкоўскі:

Аляксандар Класкоўскі
“Як вядома, пры Сьвятым Пасадзе такі рытуал адпрацаваны стагодзьдзямі. Аднак сам факт гэтага візыту, гэтай сустрэчы, безумоўна, зьяўляецца вялікай піяраўскай перамогай афіцыйнага Менску. Зараз дзяржаўныя мэдыі будуць падаваць гэты візыт як прарыў у Эўропу.

Я думаю, што ў Рыме разумеюць пэўную двухсэнсоўнасьць гэтай сытуацыі. Таму што прыляцеў зь візытам чалавек, якога да нядаўняга часу Эўропа называла апошнім дыктатарам. І таму невыпадкова менавіта сёньня ў італьянскай газэце “Corriere della Sera” зьявілася публікацыя, дзе міністар замежных спраў Італіі Фратыні нагадвае, што беларускі кіраўнік мусіць усё ж улічыць пэўныя патрабаваньні Эўропы ў пляне дэмакратыі і правоў чалавека. І, я думаю, афіцыйны Рым, каб захаваць твар, вырашыў такім чынам выступіць”.
XS
SM
MD
LG