Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Жыцьцё наша квітнее, як збажына ў гнаі”


Сустрэча кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з папам рымскім Бэнэдыктам ХVІ, гадавіна аварыі на Чарнобыльскай АЭС і Чарнобыльскі шлях у Менску, а таксама іншыя тэмы — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на “Свабоду”.


Сустрэча кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з папам рымскім Бэнэдыктам ХVІ — адна з галоўных тэмаў абмеркаваньня слухачоў “Свабоды”.

Анатоль Кіпель, Баранавічы: “Добры дзень, Радыё Свабода! Першы раз мы асірацелі, калі памёр папа рымскі Ян Павел II, а сёньня асірацелі другі раз”.

Спадарыня: “Госпадзе, ну, нават у сталінскія часы такога не было, каб так хлусіць. А потым ты да папы паедзеш, а потым ты ў Эўропу паедзеш. Што ты там ім скажаш і што зробіш?”

Спадар: “Вітаю, “Свабода”! Калі Лукашэнку пусьцяць на саміт у Прагу і тым больш у Ватыкан, то гэта будзе поўны абсурд, што супярэчыць здароваму сэнсу, ганьба сусьветнай дэмакратыі і цывілізацыі. А людзей добрай волі чакае шок”.

Ніна Ярмалінская, Салігорск: “Вітаю, Радыё Свабода! “Бацька” Рыгоравіч едзе на аўдыенцыю да папы рымскага. Хацелася б, каб на той сустрэчы Лукашэнка запрасіў Бэнэдыкта XVI у бліжэйшы час наведаць Беларусь”.

З нагоды 23-й гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС у Менску прайшла масавая вулічная акцыя “Чарнобыльскі шлях”. Выказваньні на гэтую тэму:

Віктар Буто, чарнобыльскі ліквідатар-інвалід, Менск: “Крыху пра Чарнобыльскую акцыю пратэсту 26 красавіка ў Менску. Гэтая акцыя паказала, што рэжым вельмі баіцца іх і выдзяляе вельмі вялікія сродкі, каб на пратэст прыходзіла толькі нязначная колькасьць удзельнікаў”.

Тацяна Барэль, Асіповічы: “Сёлета ўжо трэці год запар я не магу ўдзельнічаць у Чарнобыльскім Шляху, мяне зачыняюць у Асіповічах дзяжурствамі. Але я як мэдык, дык я бачу, што ўсе мы носім у сабе рэшткі Чарнобылю, часта паміраем, не дасягнуўшы пэнсійнага ўзросту. У Асіповіцкім раёне кожны дзень каго-небудзь хаваюць. Летась памерла ад раку ў 52 гады мая сяброўка-аднаклясьніца. Выдалілі пухліну ў маёй пляменьніцы. Ёсьць яны ў маіх сясьцёр і ў мяне. Нам не патрэбная новая атамная станцыя”.

Валер Курневіч: “Добрая гутарка, што адным Чарнобылем нельга жыць. Але ягонае чорнае крыло і сёньня над намі вісіць. Мой сусед 23 гады назад ад Чарнобыля пацярпеў, хварэе на залозы. І тыдзень таму Чарнобыль у майго суседа і другую нагу адабраў. У мяне да суседа вялікі жаль. Выказаў жаль Валер Курневіч з Барысава, зь Пячэй, і трошкі на душы стала лягчэй”.

Працягваем праграму іншымі выказваньнямі:

Мікола Цяліца, пэнсіянэр, калгасьнік 50-х гадоў, Менск: “Слухач бяз прозьвішча тэлефанаваў на Радыё Свабода, што за савецкім часам усё было завалена: хадзі у касьцюме бастонавым, жыві і радуйся гэтым жыцьцём зь ягоных слоў. Толькі чамусьці ён не сказаў самае галоўнае — у якім калгасе ён працаваў і колькі атрымліваў на працадзень — 100 ці 150 грамаў зерня? Касьцюмы бастонавыя насілі, напэўна, тыя, хто заганяў у калгасы і абяцаў камуна-бальшавіцкі рай”.

Алесь Радкевіч, Маладэчна: “Магу сказаць упэўнена, “бацька” кажа праўду: крызісу ў нас няма, крызіс — у тых краінах, дзе зьніжаюцца кошты, падымаюцца заробкі ды пэнсіі, замарожваюцца заплянаваныя будоўлі. А ў нас усё наадварот, будуюць усё, што толькі можна будаваць. Заробкі і пэнсіі ідуць уніз, а кошты ўвысь. Жыцьцё наша квітнее, як збажына ў гнаі. Так што крызісу ў нас няма, мы ўжо навучыліся завязваць як мага тужэй паясы на жыватах. І калі скажуць, зацягнем і на шыі, мы ж беларусы, народ памяркоўны”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375 29 391 22 24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG